Навіны
Гарадзенцу Вадзіму Плаўскаму прысудзілі паўтары гады калоніі
2 красавіка ў судзе Кастрычніцкага раёна Гародні абвешчаны прысуд па справе гарадзенца Вадзіма Плаўскага, якога звінавацілі у хуліганстве па частцы 1 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса.
Справу разглядаў суддзя Руслан Хіхол. У выніку ён прысудзіў Плаўскаму паўтары гады турэмнай калоніі.
Як пацярпелая на працэсе выступала прадстаўніца гарадзенскага "Антывандала" Вольга Бондарава, якая ўжо раней стала вядомая ў Гародні сваёй актыўнай "дзейнасцю".
Канфлікт паміж Плаўскім і Бондаравай адбыўся 30 кастрычніка 2020 года. Паводле абвінавачання, 39-гадовы жыхар Гродна каля 6 гадзін вечара ў пятніцу выйшаў на шпацыр з дзіцём у мясцовы сквер ля вуліцы Агінскага. Пры тым мужчына, як сцвярджае следства, быў выпіўшы. У пэўны момант Плаўскі стаў падымаць з зямлі прадметы і вешаць іх на агароджы, пазней высветлілася, што гэта былі белыя стужкі.
Вольга Бондарава, якая нібыта ішла міма, зрабіла заўвагу мужчыну. У адказ на гэта, як даказвае следства, мужчына праявіў агрэсію і ўжыў гвалт «у выглядзе аднаго ўдару ў вобласць твару і кідка на зямлю». Пасля чаго, як заявіў на судзе пракурор, жанчына атрымала комплекс лёгкіх цялесных пашкоджанняў, не звязаных са стратай здароўя.
Раней Бондарава нават заяўляла, што пасля інцыдэнту лекары дыягнаставалі ў яе страсенне мозгу і пералом носу. Аднак, праведзеныя дзве судова-медыцынскія экспертызы ў час судовага следства не пацвердзілі гэтых дыягназаў.
Вольга Бондарава
Раней з-за Вольгі Бондаравай, якая сцвярджае, што яе дзейнасць ухвалена гарадзенскімі ўладамі, да "хатняй хіміі" у Гародні засудзілі Васіля Пільца, якога таксама звінавацілі ў хуліганстве.