Навіны

Лявона Карповіча аштрафавалі на 30 базавых

Беларускага краязнаўца, філатэліста і грамадскага актывіста Лявона Карповіча з мястэчка Луна, аштрафавалі 5 красавіка на 30 базавых велічынь. Карная пастанова была аформлена ў Мастоўскім раённым судзе. Адміністрацыйная справа разглядалася цягам двух гадзін. Лявон Карповіч даводзіў сваю невінаватасць, але суддзя Віталь Сініла не ўлічыў яго юрыдычныя аргументы.

Напомнім, што Карповіча беспадстаўна затрымалі міліцыянты 25 сакавіка за тое, што на яго доме вісеў бел-чырвона-белы сцяг у гонар Дня Волі. Пры тым быў праведзены ператрус і забраныя многія асабістыя рэчы Лявона Карповіча. Самога пенсіянера завезлі ў Мастоўскі РАУС, дзе склалі пратакол нібыта за праведзены пікет, пасля чаго адпусцілі.

На судзе Лявон Карповіч даводзіў, што Закон Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах” не дае падстаў лічыць сцяг на асабістай маёмасці “масавым мерапрыемствам” ці “пікетам”, бо  пікет павінен мець як мінімум дзве асаблівасці: па першае – “публічнасць”, г. зн. праходзіць у месцы масавага знаходжання людзей – на вуліцы, плошчы, перад будынкамі дзяржаўных устаноў і г. д., у той час як прыватная уласнасць не з’яўляецца “публічным месцам”. Па-другое, масавае мерапрыемства ці пікет прадугледжвае  “публічнае выказванне грамадзянінам ці групай грамадзян грамадска-палітычных, групавых, асабістых і іншых інтарэсаў альбо пратэсту”. Якім чынам з дапамогай гістарычнага сцяга можна “публічна выказваць інтарэсы або пратэст” незразумела. Ніякіх пісьмовых тлумачэнняў, у прыватнасці, надпісаў ці лозунгаў капітанам міліцыі Гайдашам А.А., які склаў пратакол пра нібыта адміністрацыйнае правапарушэнне, зафіксавана не было, такім чынам, ягоныя довады пра тое, што Карповіч нібыта такім чынам выказваў свае грамадска-палітычная погляды, з’яўляюцца домыслам і здагадкай. Такім чынам, звесткі і думкі, выказаныя у пратаколе адміністрацыйнай справы, з’яўляюцца нічым іншым, як здагадкамі Гайдаша А. А., і не маюць юрыдычнай сілы, бо згодна з  ч. 3 артыкула 2.4  ПВКаАП РБ, абставіны, выкладзеныя у пратаколе, не могуць быць заснаваныя на здагадках.

Да ўсяго капітан міліцыі Мастоўскага РАУС Гайдаш дапусціў іншыя працэсуальныя правапарушэнні (у прыватнасці, не азнаёміў Карповіча з яго правамі), а таксама перавысіў службовыя паўнамоцтвы, фактычна дзеянні Гайдаша мелі крымінальны характар. Ператрус адбываўся без прысутнасці Карповіча, былі беспадстаўна забраныя асабістыя рэчы калекцыянера з яго збору. У ліку іншага Гайдаш забраў некалькі мастацкіх гербаў Пагоня. На судзе ён тлумачыў, што не ведае гісторыі, а гэтыя прадметы яму падаліся падазронымі.

Самога Карповіча Гайдаш фактычна арыштаваў на некалькі гадзін без усялякіх падставаў і дакументаў, трымаў пенсіянера ў жалезным адсеку міліцэйскага аўтамабіля і не выпускаў яго ў прыбіральню, усяляк прыніжаў годнасць паважанага і вядомага ва ўсёй Беларусі чалавека, пры тым асобу сталага веку. Усё гэта Лявон Карповіч выклаў на судовым паседжанні, аднак суддзя Сініла кіраваўся нечым іншым і прысудзіў вялікі штраф.  

Архіў

Красавік 2021
1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930

Відэа

праваабарончыя сайты