Навіны
Сустрэча з прэзідэнтам
Святкаванні Акту 25 Сакавіка прайшлі з новымі выклікамі і пазітыўнымі эмоцыямі пры ўсёй цяжкасці і складанасці сітуацыі ў Беларусі. Калі зараджаны атрыманай энергіяй, але адначасна будучы ўжо крыху стомленым, вярнуўшыся да дому, пасля 19 гадзіны пазваніў тэлефон з варшаўскага напрамку. На лініі загаварыла канцылярыя прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды, а персанальна — міністр Войцех Калярскі. Як аказалася, спадар міністр запрашаў мяне як старшыню Беларускага саюза ў Польшчы, Алега Латышонка — старшыню Беларускага гістарычнага таварыства і Яна Сычэўскага — старшыню Беларуска грамадска-культурнага таварыства на сустрэчу з прэзідэнтам на пятніцу 26 сакавіка на чатырнаццатую гадзіну ў прэзідэнцкі палац пры Кракаўскім прадмесці. На маё пытанне, што мае быць тэмай размовы міністр адказаў, што толькі выключна справы беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы з вышэй згаданымі асобамі.
На другі дзень, 26 сакавіка, роўна а раней узгодненай гадзіне, прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда прывітаў нас у невялікай зале для перамоў. На пачатку сустрэчы адбыўся неспадзяваны сюрпрыз, калі прэзідэнт згадаў, што менавіта сёння старшыня БГКТ Ян Сычэўскі святкуе свой дзень нараджэння і павіншаваў юбіляра з ягоным святам, перадаючы святочны падарунак. На ўспамін пабыўкі ў прэзідэнцкім палацы і на памятку сустрэчы з галавою дзяржавы атрымалі мы графікі з выявай прэзідэнцкага палаца. Мы ў той момант не засталіся ў даўгу і падарылі тое, што паказвае на нашу прысутнасць на Падляшшы. Алег Латышонак падарыў прэзідэнту Анджэю Дуду векапомную кнігу „Гісторыя беларусаў Падляшша”, я ўручыў выдадзены апошнім часам пад рэдакцыяй Паўла Грэся альбом архіўных фатаграфій „Нівы”, прымеркаваны да юбілею 65-годдзя нашага тыднёвіка.
На твары і па рэакцыі прэзідэнта было відаць, што абодва падарункі яму даспадобы, калі гартаў ён іх таксама цягам нашай усёй сустрэчы.
Прывітальна-ветлівы ўступ хуценька завяршыўся і прайшлі мы да размовы. Лепш выпадае сказаць, што да слухання прэзідэнтам і ягонымі міністрамі тых спраў і праблем, якія набрынялыя ўжо ад гадоў у нашай рэчаіснасці. Трэба сказаць, што размова была вельмі адкрытая, без скрывання чаго-колеч. Ад пачатку да канца сустрэчы выходзіла і вярталася тэма неўспрымання ўсім нашым беларускім асяроддзем асобы Рамуальда Райса «Бурага», як героя — сімвала выклятых жаўнераў.
Прэзідэнт выказаўся, што ў часе аднаго з ягоных візітаў на Падляшша і сустрэчы з жанчынай, якая расказала яму гісторыю сваёй маці, якая была сведкай злачынстваў «Бурага», стрымаў ён і адмяніў свой патранаж над гайнаўскім маршам. Думаю, што і мы нашымі выказваннямі ў гэтай справе паяснілі, што не павінна выбудоўвацца польская гістарычная памяць на крыві нявінных цывільных ахвяр з ліку прадстаўнікоў беларускай меншасці.
Падчас гадзіннай сустрэчы быў разгледжаны шырокі дыяпазон пытанняў. Несумненна гэта справы культуры і недахопу інстытуцыянальных развязак кшталту Цэнтра беларускай культуры як штатнай адзінкі фінансаванай польскім бюджэтам. Прыводзілі мы аргументы тыпу, у якім стане была б польская культура без дамоў культуры ўсіх узроўняў.
Зразумела, гаварылі і пра велічыню фінансавання, якая проста ўсіх не задавальняе. Кантэкст гаспадарчай адсталасці нашага месца пражывання як беларусаў у паўднёва-ўсходняй паласе Падляшскага ваяводства, вынікаючы з мэтанакіраванага недафінансавання яшчэ з часоў камуністычнай Польшчы, прывёў нас непазбежна да дэмаграфічнай катастрофы, якая адбываецца ў беларускіх гмінах і паветах на нашых вачах. Па-за ўвагай не пакінулі мы і палітычных рашэнняў, якія не дазволілі нам асобна заіснаваць у самаўрадавых выбарах на ўзроўні сойміку, калі да беларускіх паветаў, штучна і нязгодна з польскім і еўрапейскім заканадаўствам далучаецца цалкам польскі павет, які змяняе рашуча расклад галасоў. Справы школьніцтва, нацыянальнага перапісу і іншых нялёгкіх спраў таксама намі краналіся. Прэзідэнт Анджэй Дуда, калі толькі саступіць эпідэмія, прыняў наша запрашэнне наведаць беларусаў Падляшша асобным візітам.
Яўген Вапа