Навіны

Галоўнага рэдактара “Газеты Слонімскай” выклікалі ў міліцыю

Позву з’явіцца ў Слонімскі РАУС 7 красавіка ў 15.00 галоўнаму рэдактару “Газеты Слонімскай” Міколу Канановічу ўручыў дома пад подпіс участковы інспектар Слонімскага РАУС маёр міліцыі Алег Гусар напярэдадні ўдзень. У позве не было сказана, у якасці каго і па якой справе спадара Канановіча выклікаюць у міліцыю.

Як паведаміў Мікола Канановіч, вусна ўчастковы Гусар сказаў яму, што размова будзе тычыцца камп’ютарнай тэхнікі рэдакцыі “ГС”, забранай міліцыяй раней на праверку, а таксама яго цяперашняй пасады ў “Газеце Слонімскай”. Участковы таксама папрасіў Канановіча захапіць з сабой працоўную кніжку альбо загад аб прызначэнні яго на пасаду галоўнага рэдактара.

Нагадаем, з 9 лістапада 2020 года “Газета Слонімскай” вымушана прыпыніла свой выхад на паўгода. Здарылася гэта пасля таго, як з рэдакцыі, а таксама з кватэры выдаўца Ганны Валадашчук і яе сына, дырэктара прадпрыемства Яўгена Валадашчука была забраная ўся камп’ютарная тэхніка. Камп’ютары толькі нядаўна вярнулі пасля праверкі ў рэдакцыю. Выдавец і дырэктар ПУП “Рэдакцыя газеты “Газета Слонімская” знаходзяцца пакуль за мяжой. На пасаду галоўнага рэдактара “Газеты Слонімскай” Мікола Канановіч быў прызначаны 1 лютага 2020 года. Да гэтага ён больш як паўгода выконваў абавязкі галоўнага рэдактара падчас хваробы і пасля смерці заснавальніка “Газеты Слонімскай” Віктара Валадашчука. У штаце рэдакцыі “Газеты Слонімскай” Мікола Канановіч працуе з восені 1998 года.

7 красавіка Мікола Канановіч наведаў Слонімскі РАУС, дзе яго дапытаў усё той жа маёр міліцыі Гусар. Найперш, размова ішла пра матэрыял “Беларускія сілавікі выступаюць супраць Лукашэнкі”, які быў апублікаваны на сайце “Газеты Слонімскай” 23 чэрвеня 2020 года.

Гутарку маёр міліцыі з Міколам Канановічам па гэтым матэрыяле працягне 12 красавіка. Пра гэта “Гарадзенскай вясне” паведаміў сам Мікола Канановіч.

 

Архіў

Красавік 2021
1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930

Відэа

праваабарончыя сайты