Навіны

Жыхарку Менску асудзілі на год "хатняй хіміі" за абразу гарадзенскага падпалкоўніка

8 красавіка ў судзе Кастрычніцкага раёну Гародні прайшоў працэс па крымінальнай справе жыхаркі Менску Дар'і Двайных. Яе судзілі паводле артыкулу 369 (абраза прадстаўніка ўлады пры выкананні службовых абавязкаў). Разгляд справы прайшоў і завяршыўся цягам паўдня.

Працэс вёў вядомы суддзя Дзмітрый Кедаль. Бок абвінавачання прадстаўляла супрацоўніца пракуратуры Ульянава. У працэсе ўдзельнічаў таксама пацярпелы падпалкоўнік міліцыі Вадзім Палякоў.

30 кастрычніка 2020 года Дар'я Двайных пад фотаздымкам Палякова ў адным з тэлеграм-каналаў размясціла каментар абразлівага зместу. Тры словы з гэтага каментара былі прызнаныя ў матэрыялах справы абразлівымі. Хоць адмысловай лінгвістычнай экспертызы праведзена не было.

На судзе Дар'я Двайных прызнала сваю віну часткова. Прызнаючы зневажальны характар напісанай ёй фразы, яна разам з тым сцвярджала, што яна не ведала спачатку, што на фотаздымку службовая асоба. На фота Вадзім Палякоў у цывільным адзенні і без прыкметаў службовай формы. Сітуацыя датычыла тых дзён, калі міліцыя папярэджвала і затрымлівала работнікаў прадпрыемства "Азот". Начальнік аддзелу аховы парадку і прафілактыкі правапарушэнняў Кастрычніцкага РАУС Гародні Вадзім Палякоў быў у той дзень, калі яго сфатаграфавалі, на працы, але без формы і знакаў адрознення. Двайных сказала, што падумала, што гэта адзін з прадстаўнікоў адміністрацыі заводу, напрыклад начальнік цэху. 

Вадзім Палякоў заявіў у судзе, што гэты каментар у тэлеграм-канале яму паказалі яго падначаленыя, пазней каментар бачылі таксама яго дзеці, што прынесла падпалкоўніку маральныя пакуты. Дадатковых праблемаў са здароўем пры тым не ўзнікла. Палякоў напісаў адпаведную заяву ў следчыя органы па факце гэтага каментара і на іншыя абразлівыя каментары іншых людзей. Следчыя органы выявілі аўтарства каментара толькі Дар'і Двайных. Пры тым у яе ў кватэры прайшоў ператрус, які ажыццяўлялі агулам ажно 9 чалавек (5 з іх былі ў форме ОМОНу!). Дар'я Двайных і яе блізкія перажылі тады сапраўдны шок. Пазней следчыя заявіліся ў кватэру паўторна і хацелі нават узяць Двайных пад варту. 

Дар'я Двайных выхоўвае двух непаўналетніх дзяцей і знаходзіцца зараз у адпачынку па даглядзе малодшага дзіцяці. На судзе Двайных склала прабачэнні Палякову. Прабачэнні былі прынятыя, хоць Палякоў і выказаў сумневы ў шчырасці раскаяння і прабачэння жанчыны.

Паралельна падпалкоўнік Палякоў заявіў пазоў на кампенсацыю маральных стратаў - была агучана сума 500 беларускіх рублёў. Ён абяцаў перавесці гэтыя грошы ў адну з дзіцячых устноваў. Двайных прызнала гэты іск, але папрасіла суд знізіць суму кампенсацыі да 300 рублёў. Пасля гэтага адбылося даследаванне пісьмовых матэрыялаў справы. Іх было няшмат і яны змясціліся ў адзін том. Прадстаўніца пракуратуры зачытала важнейшыя матэрыялы справы.Пасля гэтага быў абвешчаны непрацяглы перапынак.

Пасля перапынку адбыліся кароткія судовыя спрэчкі. Абвінаваўца Ульянава выказала меркаванне, што віна Дар'і Двайных цалком даказаная і прапанавала суду з улікам змякчальных абставінаў пакараць жанчыну 1 годам і 6 месяцамі абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу (так званая "хатняя хімія"). Палякоў пагадзіўся з бокам абвінавачання, але прапанаваў не караць Двайных жорстка.

Менскі адвакат Дар'і Двайных выказаў упэўненасць у тым, што дзеянні жанчыны не мелі крымінальнага характару, а здзейсненае правапарушэнне можна перакваліфікаваць у адміністрацыйнае. Дзеянні Двайных паводле ранейшай рэдакцыі КаАП падпадаюць пад артыкул 9.3 (цяпер гэта артыкул 10.2 у адміністрацыйным кодэксе). Адвакат таксама звярнуў увагу на тое, што Двайных "стала крайняй", паколькі аўтараў іншых аналагічных каментароў не судзяць зусім. Адвакат прапанаваў поўнасцю спыніць крымінальны пераслед Дар'і Двайных і перакваліфікаваць абвінавачанне на адміністрацыйнае, што больш адпавядае характару здзейсненага і адпаведна меры пакарання.

Пасля паўгадзінавага перапынку Дзмітрый Кедаль агучыў прысуд: 1 год абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу і 500 рублёў маральнай кампенсацыі пацярпеламу, акрамя гэтага Двайных мусіць заплаціць 87 рублёў дзяржаўнай пошліны.

 

Архіў

Красавік 2021
1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930

Відэа

праваабарончыя сайты