Навіны

У Гародні чарговы працэс за "абразу"

14 красавіка ў судзе Кастрычніцкага раёну пачаўся чарговы судовы працэс за "абразу" супрацоўніка міліцыі. На лаве падсудных на гэты раз 32-гадовая гарадзенка Настасся Каламейчанка. Маці двух малых дзяцей, замужнюю Каламейчанку судзяць па 369 артыкуле Крымінальнага кодэксу. Нібыта яна абразіла небезвядомую гарадзенскую омоновку, прапаршчыка Дар'ю Бандарчук. Напомнім, што Бандарчук ужо праходзіла пацярпелай па крымінальнай справе Марыны Палікарпавай.

Паводле версіі следства Каламейчанка 3 верасня 2020 года размясціла сторыс у Instagram, якая абразіла Бандарчук.

Справу разглядае суддзя Маргарыта Ланцэвіч, дзяржабавінаваўцай выступае Алена Пронька.

8 снежня ў кватэру Каламейчанкі заявілася група ОМОНу і іншыя сілавікі, правёўшы ператрус. Жанчыну тады затрымалі, тры дні - з 8 снежня па 10 снежня яна знаходзілася ў ІЧУ Гародні.

На першы дзень паседжання суду Дар'я Бандарчук не з'явілася, па інфармацыі суда яна ў камандзіроўцы. Сведка, супрацоўнік УУС Гарадзенскага аблвыканкаму Каспяровіч таксама не з'явіўся.

Пракурор выказала думку, што працэс можна пачынаць без удзелу пацярпелай. Пракурорка зачытала наступнае: "Анастасия Коломейченко использовала мобильный телефон для размещения оскорбительной информации в отношении сотрудников милиции, нанесения ущерба, допустила публичное оскорбление по форме к сотруднице ОМОНа, Бондарчук. 03.09.20 совершила публичное оскорбление представителя власти в сторис Instagram... ".

Далей пачаўся допыт абвінавачанай. Каламейчанка заявила, што ў Instagram яна мае акаўнт некалькі гадоў, ці была адчынена яе старонка ў верасні - не памятае. Каламейчанка сцвярджае, што яна пост аб абразе Бандарчук не размяшчала і нават не бачыла раней. Пра негатыўную інфармацыю ў дачыненні да Бандарчук даведалася толькі 8 снежня ў РАУСе Кастрычніцкага раёну Гародні. Там ёй паказалі скрыншот, паведамілі за што затрымліваюць і павезлі ў Следчы камітэт на допыт. Хто мог размясціць інфармацыю ў яе Instagram, ня ведае і паясніць не можа. Гісторый у архіве за 3 верасня не было і не захавалася. Да акаўнта маглі мець доступ знаёмыя. У ІЧУ яна сказала пароль і міліцыянт скінуў усе заводскія настройкі айфону. Пакуль яна тры дні была ў ІЧУ, у яе акаўнт былі ўваходы, відавочна іншымі людзьмі, паколькі ў яе не было такой фізічнай магчымасці.

Пракурор далей выказала неабходнасць прысутнасці і ўдзеле ў працэсе пацярпелай Бандарчук і сведкі Каспяровіча з УУС. Адвакат заявіў пратэст супраць допыту сведкі Каспяровіча, паколькі ён непасрэдна удзельнічаў у аператыўна-вышуковых мерапрыемствах і афармаляў дакументы.

Суддзя пастанавіла накіраваць запыт у Кастрычніцкі РАУС, запатрабаваць поўны аўдыёзапіс аператыўных вышуковых дзеянняў, а таксама паўтарыць выклік Бандарчук і сведкі Каспяровіча ў суд.

Наступнае судовае паседжанне па гэтай справе прызначана на 19 красавіка на 14.30.

 

фота праваабаронца Рамана Юргеля

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты