Навіны

Затрымалі журналістаў Анджэя Пісальніка і Інэс Тодрык

14 красавіка ў кватэры гарадзенскіх журналістаў Інэсы Тодрык-Пісальнік і Анджэя Пісальніка прайшоў агляд. Пасля гэтага іх перавезлі з Гародні ў Менск, паведамляе БАЖ.

Перад гэтым пракуратура Гародні абвесціла прэс-сакратару Саюзу палякаў Беларусі (СПБ) Анджэю Пісальніку афіцыйнае папярэджаньне пра парушэньне закону ў сувязі з яго выказваннямі пра вядзенне ў Беларусі дзяржпрапаганды супраць Польшчы.

Як паведамляецца на сайце Генеральнай пракуратуры, у пачатку красавіка ў эфіры польскіх радыёстанцый Radio 24 і Radio 4 Анджэй Пісальнік выказаў „шэраг меркаванняў, мэта якіх — узбудзіць у насельніцтва нацыянальную варожасць на моўнай глебе, сфармаваць непрыязнасць і недавер да прадстаўнікоў органаў дзяржаўнай улады Рэспублікі Беларусь, распаўсюдзіць ілжывую інфармацыю пра іх дзейнасць”.

Удакладняецца, што Пісальнік заявіў пра пачатую ў СМІ Беларусі шырокамаштабную прапаганду супраць Польшчы. „І робіцца гэта для таго, каб „стварыць вобраз палякаў як людзей другой катэгорыі”. Маўляў, беларуская прапаганда хоча ачарніць палякаў у вачах грамадства і зрабіць іх ворагамі народа, „як было ў сталінскія часы”, — гаворыцца ў паведамленні пракуратуры.

Пракуратура Гародні сцвярджае, што, паводле слоў актывіста, „збор праваахоўнымі органамі звестак пра вучняў, якія праходзяць навучанне ў грамадскіх школах, — гэта форма застрашвання настаўнікаў і вучняў, а таксама намер уладаў да дыскрэдытацыі і далейшай адмовы насельніцтва Беларусі ад навучання польскай мове, гісторыі і польскасці ў цэлым”.

У пракуратуры заяўляюць, што гэтыя выказванні ў сродках масавай інфармацыі „заведама беспадстаўныя і відавочна накіраваныя на распальванне міжнацыянальнай варожасці”. „Паколькі змест публічных выступленняў Анджэя Пісальніка супярэчыць патрабаванням заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб нацыянальных меншасцях і аб супрацьдзеянні экстрэмізму, пракурор Гародні абвясціў яму афіцыйнае папярэджанне пра недапушчальнасць паўторнага парушэння закона”, — адзначаецца ў паведамленні.

Затрыманых журналістаў, мужа і жонку, прадстаўнікоў польскай супольнасці перавезлі ў Менск.

 

Архіў

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты