Навіны

Вербная Надзея

Вербная нядзеля з самага дзяцінства ўспрымалася як самае прыгожае свята. Тады здавалася, што няма на свеце больш прывабнага відовішча, калі адпаведна апрануты святар урачыста асвячае высока паднятыя ў людскіх руках свежазрэзаныя галінкі вярбы. Ды і зараз, праз многа гадоў і дзесяцігоддзяў з таго дзяцінства, як назіраеш з якой урачыстасцю людзі ідуць да Храмаў і нясуць з сабой упрыгожаныя вербачкі, то гэта не можа не выклікаць замілавання і захаплення.

Яшчэ застаецца цэлы тыдзень да Вялікадня, яшчэ час посту, час роздуму і малітвы, але Вербная нядзеля ўжо ёсць святам. Ужо ўсё адбылося і няма звароту. Збавіцель увайшоў у Іерусалім, а людзі з Надзеяй вітаюць яго пальмавымі галінкамі. У нашых шыротах пальмавыя галінкі замянілі вербачкі, і ў шматлікіх руках, над прыгожаапранутымі людзямі з светлымі і ўрачыстымі абліччамі, яны сталі самым эстэтычным, знакавым і прыгожым сімвалам нашай Надзеі.
Мінулы тыдзень толькі завяршаўся Вербнай нядзеляй. А вось сам ён выдаўся даволі нервовым і напружаным. І нас, беларусаў, гэтая нервовасць і напружанасць не абышла бокам. Нажаль не абышла. Ды а калі яна нас абыходзіла?! Што б не рабілася на свеце, а асабліва ў Еўропе, абавязкова і па нас стукне. Ніколі не абыдзе, не пранясецца побач, не абміне... Хто б чаго не нарабіў на гэтым кантыненце, а нас абавязкова ўцягнуць. Відаць такі беларускі лёс.
Амаль цэлы мінулы тыдзень увесь свет затаіўшы дыханне сачыў за перамяшчэннем шматколькасных расійскіх войскаў ля межаў Украіны і чакаў, што скажа у сваім пасланні расійскаму народу кіраўнік Расійскай Федэрацыі. А яшчэ чакалі, што ж у Крамлі агучыць беларускі начальнік, бо абяцаў данесці нешта з самага важнага за чвэрць стагоддзя яго кіравання. І ўвогуле, пра што заявяць у Маскве абодва гэтыя начальнікі. Версіі хадзілі розныя, і адна страшнейшая за другую. Аптымістычных сцэнароў развіцця падзей ужо ніхто не чакаў.
Прагназавалі і пачатак актыўных баявых дзеянняў на Украіне, і поўнае паглынанне Беларусі Расіяй, і нават мажлівасць паўнамаштабнай вайны, якая перарасце ў сусветную. Нічога з гэта пакуль не адбылося. Але гэта не значыць, што тыя сцэнары зусім выкінулі. Напэўна не. Іх, хутчэй за ўсё, адклалі на потым, калі ўмовы будуць яшчэ больш спрыяльныя, чым нават зараз. Хаця куды ўжо больш.
Кіраўнік Расіі сваім выступам то здзівіў. Але не тым, што сказаў нешта экстраардынарнае, а акурат тым, што так нічога і не сказаў за паўтары гадзіны бесперапыннай прамовы. Зрэшты, як заўсёды. Бо ўсе чакалі чагось новага ў такой нервовай сітуацыі, але ён паўтарыў свае мінулыя выступы, пераставіўшы словы месцамі і заблытаўшы слухачоў лічбамі з новай статыстыкі. Нязменнымі заставаліся толькі самаўпэўнены тон і тая самазадаволенасць, з якой расійскі начальнік вымаўляў кожнае сваё слова.
Здзівіў сваім Маскоўскім візітам і беларускі начальнік. І ён здзівіў не тым, што нешта такое сказаў, а акурат тым, што так і не сказаў нават тое, пра што казаў што скажа. Увогуле, пра што там у Крамлі была размова так і засталося незразумелым. Ну і добра.
А сярод гэтай мітусні, мітусні з мітусні і іншай мітусні, нашы людзі рыхтаваліся да сустрэчы Вербнай нядзелі. Набывалі свежыя галінкі, куплялі ўпрыгожванні, стужачкі ўсялякія, кветачкі... Так ужо павялося ў нашай Краіне, што галінкі напачатку пачынаюць квітнець у людскіх руках на Вербную нядзелю, а пасля ўжо і прырода запускае свой спрадвечны механізм і завяршае пачатае людзьмі.
На двары яшчэ зімнавата. У нас усе, нават тыя, што трымаюцца грыгарыянскага календара, заўсёды казалі, што сапраўднае цяпло прыходзіць пасля менавіта праваслаўнай Пасхі. Але холад не перашкаджае ў прадрыхтоўцы да свята, калі людзі выходзяць у прыгожых вопратках з упрыгожанымі вербачкамі і робяць свае гарады і вёскі самымі прыгожымі ў годзе. Цяжка сказаць, чаго там колькі ў тым паходзе. Колькі Традыцыі, колькі Веры, колькі Любові, колькі Надзеі... Ніхто не вызначыць, колькі там звычкі, а колькі перадуманага, акрэсленага, вызначанага...
Але у кожнага ў вачах, сэрцы, розуме і душы Надзея. Кожны спадзяецца на сваю Вербную Надзею ў Вербную Нядзелю.
І з гэтай Надзеяй чакае Вялікадня!
Віктар Сазонаў.

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты