Навіны

Маскі на барадзе

Пакуль еўрапейскія ўрады ў час пандэміі ламаюць галаву над рознымі лакдаўнамі і абмежаваннямі, а потым іх адменамі, у Беларусі ўсё зусім іначай. Год таму, ці ўжо нават больш, калі толькі прыйшла страшная эпідэмія, “вышэйшыя эскулапы” раілі насельніцтву лячыцца то гарэлкай, то лазняй, а то і працай на трактары. Пэўны час казалі, што небяспекі ўвогуле няма, але шматлікія смерці змусілі прызнаць наяўнасць страшнай пагрозы. Пра афіцыйную статыстыку захварэўшых і памерлых тут разважаць не буду. Як раней казалі, ёсць два віды ашуканства: першы спосаб – звычайны падман, другі від – дзяржаўная статыстыка. Пагаварыць хочацца зараз пра іншае – нашэнне масак у беларускім грамадстве.

Па-праўдзе, ніхто яшчэ пераканаўча не давёў, што маскі ратуюць ад гэтай страшнай каронавіруснай інфекцыі. Зрэшты, ніхто не даказаў і адваротнага. І таму – пытанне “насіць ці не насіць?” мае не столькі медыцынскі прафілактычны абарончы сэнс, а найперш характар грамадскай салідарнасці і ўзаемнай павагі людзей. І нават калі гэтыя маскі ратуюць толькі на пару працэнтаў, то накладаць іх трэба абавязкова. Бо, прыкладам, тая ж вакцынацыя – справа куды больш асабістая, а вось маскі ў людных месцах – гэта іншае.

Маскавы ж рэжым у Беларусі – гэта амаль суцэльная прафанацыя. Пра іх абавязковасць напамінаюць яскравыя напісы, у аўтобусах і на іншым грамадскім транспарце ідзе нагадванне праз гучнік, рознага кшталту абвестак не бракуе. Аднак пераважная бальшыня ніякім чынам не збіраецца выконваць гэтыя рэкамендацыі і парады. Моладзь на 90 адсоткаў проста ігнаруе нібыта абвешчаны маскавы абавязковы рэжым. У пэўным сэнсе яе зразумець можна – маладыя людзі заўсёды больш лёгкадумныя, ды і хварэюць яны менш і намнога лягчэй. А вось псіхалогію сярэдняга і старэйшага пакалення рацыянальна асэнсаваць куды цяжэй. Дзяржаве то ўсё роўна, колькі людзей захварэе ды памрэ – пацверджаннем таму той факт, што нідзе яшчэ не было чуваць па ўсёй краіне, каб каго-небудзь аштрафавалі за парушэнне маскавага рэжыму. Нават папярэджанняў за гэта няма! І гэта пры тым, што кожны дзень дзяржаўныя органы бязлітасна караюць грамадзян агромністымі штрафамі і турэмным зняволеннем за спалучэнне белага і чырвонага колераў у кожным выглядзе. Масавых мерапрыемстваў дзяржава не дазволіць грамадзянам, пры тым што сама робіць і праводзіць, што хоча. А вось з каронавірусам, людцы, змагайцеся самы, такой дэмакратычнасці і вольнасці, як у Беларусі, па гэтым пытанні няма нідзе ў свеце. Так што ўсё як у літаратурнага класіка: ратаванне тапельцаў – справа рук самых тапельцаў.

І нават многія з тых, хто начапляе маску, носіць іх на барадзе ці нават на шыі. Псіхалогія ў гэтых крывадушных асобаў наступная – яны найперш дэманструюць такім чынам лаяльнасць і паслухмянасць уладным загадам. У гэтым сэнсе людзі зусім без масак выглядаюць нават больш сумленна. Давялося мне праехацца тыдзень таму цягніком-дызелем. Якраз людзі вярталіся пасля працяглых выходных і Радуніцы. Цягнік быў перапоўнены настолькі, што ў вагонах месцаў не было зусім, давялося размясціцца ў тамбуры, дзе таксама было досыць цесна. Як аматар аб’ектыўнай статыстыкі, я люблю ўсё падлічваць. Дык вось у бітма запоўненым вагоне прыблізна толькі кожны дваццаты, у лепшым разе кожны сямнаццаты быў у масцы. Астатнія проста ігнаравалі патрабаванні бяспекі. Як часта раней казалі, строгасць катэгарычнага абавязку кампенсуецца неабавязковасцю яго выканання. Чаго ў такіх людскіх паставах болей – тупасці ці жлобства, цяжка сказаць. Хоць, як нядаўна выславіўся адзін мой добры знаёмы, гэтыя рысы – адно і тое ж.

Апошнім часам шмат пішацца і гаворыцца пра салідарнасць беларускага грамадства, яе рост. І на тое, падаецца, ёсць падставы. Але вось стаўленне да засцярогаў ад каронавірусу, гэтыя масавыя маскі на барадзе выразна паказваюць, што да кансалідацыі і адказнай салідарнасці грамадства нам яшчэ далёка.

Уладзімір Хільмановіч

 

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты