Навіны

Беларускі шлях

Ёсць асобы ў нашай гісторыі, якія яскрава адлюстроўваюць лёс усёй нацыі. Адзін з такіх людзей беларускі журналіст і культурны дзеяч Адам Дасюкевіч. На мінулым тыдні якраз споўнілася 110 гадоў з дня яго нараджэння. У час Першай сусветнай вайны, пакуль бацька быў у войску, загінула маці Адама (родная сястра святара Адама Станкевіча) і дзве сястры. Яго з братам прытулілі чужыя людзі. Бацька Ян пасля вяртання з вайны адшукаў сыноў. Век бацькі быў таксама нядоўгім – ён памёр у канцы 1937 года. Сам Адам Дасюкевіч за вострыя артыкулы ў газеце «Беларуская крыніца» неаднаразова трапляў пад суд. У красавіку 1938 года засуджаны да 6 месяцаў турмы, праўда з адтэрміноўкай на 2 гады. З прыходам Другой сусветнай вайны на Шаркаўшчыну, дзе тады ў цесця, вядомага селекцыянера Івана Сікоры, жыў Дасюкевіч, яго арыштавалі паводле даносу. Праўда, тады сваякам удалося выкупіць яго. Але 31 кастрычніка 1943 года немцы застрэлілі Дасюкевіча за тое, што ён заступаўся на мясцовае насельніцтва. Яму было толькі 32 гады. Але і гэта нават не ўсё. Пракляты лёс дастаў Адама Дасюкевіча нават пасля смерці – у 1944 годзе памерла яго трохгадовая дачка. І вось паўстае натуральнае пытанне – за што гэта ўсё аднаму чалавеку?! Пішучы днямі невялікую нататку ў памяць гэтага беларускага патрыёта, давялося гэта рабіць двойчы. Бо першы раз страцілася мне напісанае ў кампутары…

Такі трагічны лёс як у Дасюкевіча быў у соцень тысяч беларусаў у 20-ым стагоддзі. Найлепшы час у грамадска-палітычным сэнсе для нашай зямлі быў акурат пры жыцці майго пакалення – з 1985-га па 1994-ы год. Але нават на гэты перыяд выпала страшная падзея – Чарнобыльская катастрофа з яе жахлівымі наступствамі і новымі пакутлівымі ахвярамі. У новым тысячагоддзі беларусы амаль дваццаць гадоў пражылі без вольнасці і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні, але фактычна ў матэрыяльнай забяспечанасці, прынамсі мінімальнай. Канечне, свет за гэты перыяд, і многія з суседзяў за гэты час у сэнсе дабрабыту пайшлі далёка наперад.

Але вось 2020 год прынёс новыя выклікі і новае выпрабаванне на выжыванне – фізічнае, псіхалагічнае, маральнае. А наш «астравок стабільнасці» усё больш ператвараецца ў падабенства канцэнтрацыйнага лагеру. Зноў вярнулася ўсё горшае, што было пры савецкім саюзе, зноў паўстае новы жалезны мур і Беларусь, як і дэкляравалася начальствам (прыгадаем праграмнае – «я за цывілізаваным светам сваю краіну не павяду»), аддаляецца ад еўрапейскай супольнасці і сваіх нацыянальных каштоўнасцяў.

Новыя працэсы фармавання беларускай сведамасці, навяртання на сваё, пабудовы салідарнасці і ўзаемадапамогі дадаюць у крытычных варунках аптымізму. Але выразна праглядаецца і неагатыўная тэндэнцыя – а менавіта істотныя сваркі паміж «старой» і «новай» апазіцыяй. У кожным з гэтых лагераў дастаткова і дэструктыўных элементаў і шчырых людзей, адданых ідэі незалежнасці Беларусі. Канечне, нейкага ідэальнага паразумення ніколі не будзе, яно нерэальнае ў сілу прыроды людзей. Але даўнім прадстаўнікам дэмакратычнай супольнасці трэба павучыцца новым тэхналогіям арганізацыі людзей і рэсурсаў, а таксама не рабіць катэгарычных высноў у дачыненні да ўсёй новай плыні. А шматлікаму ўжо сёння лагеру так званых «неверагодных» важна асэнсаваць ідэалагічны падмурак асноваў адраджэння і пабудовы незалежнай Беларусі, без якога прынцыпова новыя кардынальныя змены стануць немагчымымі.

Трэба ўсведамляць галоўную прыроду рэчаў. Тое, што змаганне за вызваленне пачалося не ў 2020 годзе і нават не ў 1995-ым. Яно пачалося значна раней – больш чым 200 гадоў таму. Трэба канчаткова развітацца з ілюзіямі, што рэжым, які пануе ў Беларусі зараз – нешта самастойнае і ўласна мясцовае. А фактычна – гэта філіял маскоўскай імперыі, якая ўрэшце канае на нашых вачах, але здольная яшчэ нарабіць шмат зла. Ну і нарэшце сама простая і сама складаная адначасна рэч – Беларусь можа стаць нармальнай дзяржавай для людзей толькі тады, калі стане беларускай. Шлях адраджэння мовы, культуры, гістарычных традыцый непазбежна прывядзе і да вольнасці і да матэрыяльнай заможнасці. І ніяк інакш, што даказана не раз сусветнай гісторыяй.

Уладзімір Хільмановіч

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты