Навіны

Новы крымінальны працэс у Гародні за абразу

17 чэрвеня ў судзе Кастрычніцкага раёну Гародні пачаўся новы крымінальны працэс. 

На лаве падсудных - 25-гадовы жыхар Менску Вадзім Цішкевіч.

Суддзя на працэсе - Руслан Хіхол.

Бок абвінавачання прадстаўляе пракурорка Ганна Кароль.

Пацярпелым па справе фігуруе ўчастковы Гарадзенскага УУС Ілья Каяч.

фота праваабаронца Рамана Юргеля

На пачатку працэсу былі далучаны хадайніцтвы аб стане здароўя абвінавачанага і яго станоўчая характарыстыка з ранейшага месца працы.

Высветлілася, што падсудны мае сур'ёзнае захворванне і рыхтуецца да аперацыі на сэрцы. Гэтыя медыцынскія дакументы далучаны да матэрыялаў справы.

Пракурор агучыў абвінавачанне: падсудны меў наўмыснасць зняважыць прадстаўніка ўлады, з мабільнага тэлефону размясціў допіс "с целью воздействия на общественное сознание, дня подрыва авторитета власти". Было размешчана фота ўчастковаага міліцыянта Каяча з подпісам непрыстойнага зместу, словамі на літары - г і -е.

Пацярпелы выявіў гэты каментар Цішкевіча 28 кастрычніка 2020 году. Такім чынам ўзнікла крымінальная справа за публічную знявагу прадстаўніка ўлады паводле артыкулу 369 КК.

Сваю віну Цішкевіч прызнаў.

Пасля гэтага вызначылі парадак разгляду справы: допыт абвінавачанага, допыт пацярпелага, сведак, даследаванне пісьмовых матэрыялаў справы.

Вадзім Цішкевіч сказаў на судзе, што ён сапраўды пакінуў допіс у адным з чатаў тэлеграм-каналу, там, дзе абмяркоўваліся дзеянні сілавікоў. Але ён не меў на мэце зняважыць менавіта гарадзенскага ўчастковага міліцыянта. Цішкевіч сцявярджае, што яго каментар меў агульны характар, а фота канкрэтнага міліцыянта ён не бачыў. Ніякай наўмыснасці абразы не было.

Пасля гэтага адбыўся допыт міліцыянта Ільі Каяча. Ён заявіў грамадзянскі пазоў на 500 рублёў за прычыненую яму маральную шкоду. Цішкевіч прызнае гэы матэрыяльны пазоў як кампенсацыю маральнай шкоды.

Далей сведкам выступіў бацька Вадзіма Цішкевіча. Ён станоўча характарызаваў сына.

Пасля выступіла яшчэ адна сведка - дзяўчына Цішкевіча. Яна таксама сцвярджала, што ў дзеяннях падсуднага не было наўмыснасці.

У канцы сённяшняга паседжання суддзя зачытаў заключэнне эксперта. Яго змест - каментар ёсць зневажальным і негатыўным у дачыненні да ўчастковага. І мае менавіта асабісты характар дачынення да міліцыянта. У аыніку суддзя Хіхол пастанавіў выклікаць да допыт эксперта судмедэкспертызы.

У справе абвешчаны перапынак. Наступнае паседжанне - 22 чэрвеня а 14.40.

 

 

Архіў

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты