Навіны

Яшчэ адзін прысуд за паклёп на Прэзідэнта

На гэты раз за паклёп на Прэзідэнта чалавека асудзілі у Свіслачы Гарадзенскай вобласці. На лаўцы падсудных апынуўся настаўнік ангельскай мовы Свіслацкай сярэдняй школы №2 Караткевіч Вячаслаў Мікалаевіч 1964-га году нараджэння. Працэс вёўся ў Свіслацкім раённым судзе. Суд вёў старшыня Свіслацкага раённага суду Валерый Цыбульскі. Артыкул Крымінальнага кодэксу - 367, частка 2. (Паклёп у дачыненні Прэзідэнта РБ)

Яшчэ 20-га жніўня мінулага году кіраўніцтва Свіслацкага выканкаму арганізавала сустрэчу з народам, на якую і вырашыў схадзіць Вячаслаў Караткевіч. Гэтае ж кіраўніцтва і звінаваціла яго ў тым, што настаўнік зрабіў на той сустрэчы паклёп на Прэзідэнта. Бо на судзе як сведкі з боку абвінавачвання акурат і выступалі кіраўнік Свіслацкага выканкаму, яго намеснік і начальнік мясцовага РАУСа.

Караткевіча звінавацілі ў тым, што на той сустрэчы ён кепска выказаўся пра Прэзідэнта, што падпадае пад юрыдычную трактоўку паклёпа.

З боку падсуднага сведкам выступаў Юрась Глебік. Ён сцвярджае, што народ на гэтай сустрэчы так лямантаваў, што яму не ўдалося пачуць тое выказванне Караткевіча, якое ўдалося пачуць дзіўным чынам сведкам з боку абвінавачвання. Народ выказваў свае думкі. Усе яны былі не самыя хвалебныя ў бок кіраўніцтва краіны. Як можна было выслухаць словы аднога з мноства людзей у гэтым натоўпе, выдзеліць іх з агульнага ляманту, Юрась Глебік не разумее.

Тым не менш, справа была заведзеная, следчыя дзеянні праходзілі па ўсёй форме, з допытамі і ператрусамі, і як вынік мясцовы інтэлігент, настаўнік Свіслацкай сярэдняй школы №2 Караткевіч Вячаслаў Мікалаевіч 30 чэрвеня засуджаны да паўтара года калоніі агульнага рэжыму.

Яму адразу пасля суда зашчапілі кайданкі і ўзялі пад варту.  

30.06.2021

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты