Навіны

Праклятая труба

Ужо ўсе і забыліся, што прэзідэнт ЗША Байдэн сустракаўся з сваім расейскім калегам Пуціным. Так хутка забыліся, нібыта і не было той сустрэчы. Такое ўражанне, што ўсе згубілі да яе цікавасць яшчэ да таго, як яна скончылася.

А колькі было спадзяванняў! Колькі пісаніны, сцверджанняў, ляманту… Асабліва левыя аналітыкі пісалі, што вось зараз, прама на гэтым спатканні Байдэн усё скажа Пуціну і вырашыць большасць пытанняў. Бо нядаўна публічна абазваў таго.

Не магу зразумець, дзе тут логіка? Старая беларуская прымаўка сцвярджае, што той сабака, які шмат брэша, мала кусаецца. Ну то так і сталася.

А пералік тэм, што нібыта падыме амерыканскі кіраўнік, займалі першыя старонкі навін. Маўляў, і пра Навальнага падымуцца пытанні, і пра нашу любую Беларусь напэўна… Напэўна, далей і пералічваць не варта. Бо пасля гэтага спаткання ніхто так і не сказаў, што там з той Беларуссю вырашылі.

Нібыта Байдэн нешта там напачатку спытаўся, нібыта Пуцін нешта вяла адказаў, кшталту: “І што зараз рабіць з той Беларуссю?”, і на гэтым павестку па гэтай тэме палічылі вычарпанай. Паставілі галачку, што падымалі гэтае пытанне, і сур’ёзныя хлопцы перайшлі да сур’ёзных тэм, што адпавядаюць іх разуменню сур’ёзнасці. Праўда, не асабдліва агучылі тое.

Вядома толькі, што пра газавую трубу “Паўночны струмень – 2” хіба што дамовіліся канчаткова. Хоць я бы слова “дамовіліся” у гэтым кантэксце не ўжываў бы. Таму што зрабілі так, як таго ад пачатку жадала Расея. Дамоўленасць гэта, ці саступка, ці здача пазіцый, ці яшчэ што горш, хай кожны вырашае сам. Не гэта галоўнае. Галоўнае, што зноў нашы аналітыкі ўсё наблыталі, і пачалі сцвярджаць, што цяпер украінцы і беларусы канчаткова патрапяць пад уплыў Крамля, бо грошыкі за транзіт газу ўжо не атрымаюць.

Зноў не магу зразумець дзе тут логіка. Як па мне, то акурат з-за гэтай праклятай трубы мы і патрапілі ў эканамічную залежнасць ад Расеі, ну а затым і ў палітычную. Каб гэтай трубы не было адпачатку, то і аніякага эканамічнага саюзу і блізка не было б. Тут радавацца трэба, што нас нарэшце адвязалі ад гэтай трубы. Перарэзалі нарэшце гэтую сталёвую пупавіну, па якой цякла тая атрута, што труціла усіх, хто з яе карыстаўся.

Ну адкажыце ж урэшце на вельмі простае пытанне, ці разбагацелі мы больш усяго свету за некалькі дзясяткаў гадоў карыстання гэтай праклятай трубой? Ну пакажыце ж гэтыя незлічоныя багацці, якія яна дала нашаму народу! Пастарайцеся пералічыць іншыя дывідэнды ад яе! Параўнайце нашу эканамічную магутнасць з іншымі еўрапейскімі краінамі, праз якія труба не праходзіла! Не трэба з усімі. Хаця б з усходнееўрапейскімі! Ці хаця б з былымі краінамі СССР, такімі як Эстонія! І задумайцеся, куды і каму ішлі сродкі ад гэтай трубы, і дзеля чаго! Ну хоць на пальцах адной рукі пастарайцеся пералічыць перавагі ад таго, што гэтая труба ляжала на нашай зямлі!

А цяпер палічыце якія мы ад гэтага панеслі страты. Пачніце ад эканамічнай прывязкі толькі да аднаго суб’екта і гэтак далей…

Не толькі пальцаў не хопіць, але і валасоў…

Так што, шаноўныя спадары псеўдаэканамісты, псеўдааналітыкі і псеўдапалітыкі. Перастаньце палохаць свой народ і маркоціцца з таго, што гэты галаўны боль у выглядзе расійскай газавай трубы цяпер напрамую перайшоў на галовы немцаў. Гэтая труба ім ужо і так шмат бед нарабіла. Іх палітыкі працуюць у гэтай трубнай кампаніі і яўна на карысць сваёй новай працы, а не старой. Цяпер хай Нямеччына думае, як ёй пазбегнуць эканамічнай залежнасці ад Крамля, што непазбежна прывядзе і да залежнасці палітычнай.

А нам толькі зараз і можна пачынаць гаварыць пра эканамічнае адраджэнне. Бо ўсё само сабой становіцца на свае месцы і набывае лагічнае эканамічнае мышленне, якое яшчэ з часоў Адама Сміта падказвае, што краіне і золата не трэба, калі яна ў стане вырабляць просты прадукт. У нас нарэшце з’явіўся шанец, разам з іншымі усходнееўрапейскімі народамі, якіх абмінула тая праклятая труба, будаваць сваю эканамічную, палітычную і цывілізацыйную прастору.

Праўда, нам будзе крыху цяжэй, чым іншым, бо трэба пазбаўляцца жудасных наступстваў ад доўгага карыстання той трубой. Ну, але мы справімся.

Віктар Сазонаў 


Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты