Навіны

Злачынная дыктатура

Тыдзень таму назад у гэтым месцы ўзгадваў я пра акцыю салідарнасці з беларускімі журналістамі ў Беластоку. Але мінулы тыдзень таксама прынёс жахлівую ленту навін з Беларусі наконт арыштаваных і затрыманых журналістаў, праваабаронцаў і звычайных беларускіх патрыётаў. Сярод іх многа нашых сяброў, якія заступаліся публічна за «Ніву», калі знаходзілася яна пад беспадстаўнымі абвінавачаннямі. Мы гэта памятаем і Вас, абаронцаў Беларусі, не забудзем. Дзякуем за Ваш гераізм і адданасць беларускай справе. А цяпер на духоўнай Бацькаўшчыне «судовыя» дыктатарскія канвееры працуюць па поўнай праграме, абвяшчаючы толькі за пракурорскімі патрабаваннямі чарговыя гады турмы і зняволення. Ці ў такой рэчаіснасці хочуць жыць прыхільнікі лукашэнкаўскай дыктатуры сярод нашай беларускай меншасці?

Вось для ўсіх лукашэнкаўцаў прапаную выказванні для Радыё Рацыя неаднаразова арыштаванага, таксама і на апошнім тыдні Анатоля Лябедзькі, чалавека, які знаходзіўся ў камандзе Аляксандра Лукашэнкі, што прывяла яго да ўлады, а потым перайшоў да апазіцыі да дыктатара:

«Гэткі подых 37-га года і гэта не перабольшванне. Доўгі час казалі, што нельга ўступіць двойчы ў адну і тую ж ваду і ў адзін і той жа час. Але Беларусь — якраз прыклад таго, што можна, на вялікі жаль. Тое, што адбываецца, — гэта зачыстка нават не палітычнай прасторы, а прасторы чалавечай, гуманітарнай, культурнай. Грамадзянская супольнасць — гэта тое, на чым трымаецца кожная нармальная дзяржава. І калі няма здаровай грамадзянскай супольнасці, то і дзяржава атрымліваецца з перакосамі. Прыходзіць альбо аўтарытарнае кіраванне, альбо таталітарная дыктатура. І тое, што адбываецца зараз — гэта якраз „зачыстка” грамадзянскай прасторы. Відаць для таго, каб гэтая ўлада, ці яе рэшткі, магла праводзіць так званыя выбары ці нейкі рэферэндум. Яны глядзяць на грамадзянскую супольнасць, як на альтэрнатыву. А альтэрнатыва для іх — гэта пагроза. Таму задача стаіць такая — частку людзей альбо выпхнуць з краіны, альбо пасадзяць у вязніцу. І тут ёсць інтарэс канешне і Крамля. „Зачыстка” грамадзянскай супольнасці Беларусі — гэта і яго якраз інтарэс. Яшчэ і таму, што наша грамадзянская супольнасць арыентуецца на еўраатлантычныя каштоўнасці. Калі грамадзянская супольнасць будзе „зачышчана”, то сюды можна будзе паспрабаваць прыўнесці грамадзянскую супольнасць, якая будзе арыентавацца на „рускі свет”».

Прапаную таксама нядзельныя выказванні для Радыё Рацыя шырокавядомага ў нас на Падляшшы Паўла Латушкі, які з лагера ўлады сышоў год таму назад, не могучы глядзець на трагічныя падзеі пасля сфальшаваных прэзідэнцкіх выбараў. Хто як хто, але былы консул у Беластоку і пасол у Варшаве аж надта добра ведае лукашэнкаўскую кухню ўлады:

«Гэта, па-першае, мсцівасць дыктатара, ён помсціць усім тым, хто дае праўду пра тое, што дзеецца ў нашай краіне, транслюе пра гэта. Па-другое, гэта зачысціць поле перад важнымі палітычнымі падзеямі, якія рыхтуе дыктатар. Маю на ўвазе перадусім рэферэндум па пытаннях Канстытуцыі. І, магчыма, пытанне можа быць унесенае пра больш шчыльную інтэграцыю з Расейскай Федэрацыяй. То-бок я б сказаў, што гэта дзве галоўныя мэты, якія рухаюць рэжым дзеля таго, каб задавіць незалежную прэсу. На жаль, у нас ствараецца сітуацыя, калі нанесены вельмі моцны ўдар па грамадзянскай супольнасці, грамадзянскіх ініцыятывах у нашай краіне, праваабаронцам. Але гэта яшчэ больш паказвае драматычнасць сітуацыі з аднаго боку і з другога боку адкрывае, хоць гэта ўжо не з’яўляецца сакрэтам, што гэта фактычна злачынны рэжым, які знаходзіцца ў нашай краіне».

Думаю, што варта ўсім нам задумацца над словамі Анатоля Лябедзькі і Паўла Латушкі. Многім сітуацыя ў Беларусі нагадвае 1930-я гады, якія закончыліся гібеллю беларускай інтэлігенцыі і Курапатамі пад Менскам — сімвалам сталінскіх расстрэлаў. Не дай Бог такога паўтору гісторыі беларускаму народу!

Яўген Вапа

21.07.2021 Тэгі: Яўген Вапа, Блог

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты