Навіны

Не абысціся без беларусаў і ўкраінцаў

Тыдзень таму закрануў я праблему навучання беларускай мове грамадзян Беларусі ў школьных установах з навучаннем той жа беларускай мовы для грамадзян Польшчы з ліку беларускай нацыянальнай меншасці. Цягам тыдня не з’явіліся аніякія новыя інфармацыі ў гэтай справе. Але сёння звернем увагу на працоўны рынак у Падляшскім ваяводстве і ўдзел у ім грамадзян іншых краін, перш за ўсё Беларусі і Украіны. Гэта менавіта яны ратуюць падляшскую і польскую гаспадарку ад недахопу працоўных рук у тых прафесіях, у якіх не хочуць працаваць самі палякі. Прымушаныя крызісам і недахопам рук працадаўцы штораз часцей прапаноўваюць легальнае працаўладкаванне для чужаземцаў, а не толькі чорны рынак. Відаць гэта па колькасці пададзеных імі дакументаў у абавязковую страхавальную ўстанову (ЗУС).

У мінулым годзе ў нашым ваяводстве легальна працавала 15,3 тысячы застрахаваных работнікаў. Да канца чэрвеня 2021 г. было пададзеных амаль 19 тысяч такіх заявак, што ў параўнанні з чэрвенем 2020 г. абазначае рост на 54 працэнты. Ва ўсёй Польшчы на канец першай паловы мінулага года легальна зарэгістраваных было звыш 605 тысяч чужаземцаў, а сёлета ў той жа самы перыяд маем ужо амаль 819 тысяч працоўных. Гэта рост ужо на 35 працэнтаў. У Падляшскую ваяводскую ўстанову з пачатку года да канца ліпеня было пададзена 11 577 заяў на выдачу дазволу на працу, ці яго працяг. У першым паўгоддзі 2020 г. было гэта 6421 асоб, а ў цэлым мінулым годзе пададзена было 12 678 такіх прашэнняў. На падляшскім рынку працы, паводле афіцыйных даных, працуе зараз легальна 8 тысяч беларусаў і 7,8 тысячы ўкраінцаў.

На працягу года (з мінулага чэрвеня да канца сёлетняга чэрвеня) лік украінцаў павялічыўся амаль удвая. Прыехала іх сюды легальна працаваць 3,5 тысячы. У маштабе Польшчы на працягу года іх лік пабольшаў на чарговыя 170 тысяч. Што гэтыя пабольшаныя лічбы абазначаюць для тэрміну атрымання чужаземцамі дазволу на працу? Толькі адно — замаруджаны тэрмін разгляду іх спраў і выматаныя нервы. Проста спраў прыбывае, але лік чыноўнікаў адказных за гэтыя справы застаецца той сам. Такі буйны рост эміграцыі, перш за ўсё ўкраінцаў і беларусаў дазваляе плаўна папаўняць вакансіі ў фірмах, якія займаюць заўважнае месца ў падляшскай гаспадарцы. Сезоннаму сялянскаму рынку ўжо таксама не абысціся без працоўных рук з усходу. Мой знаёмы з Беларусі, які з’ехаў адтуль па палітычных прычынах і займаецца зараз пошукам працы, кажа, што на будоўлю то ён заўсёды паспее патрапіць і там будзе прыняты без аніякіх пытанняў. Цягам апошніх месяцаў на хвалях Беларускага радыё Рацыя даводзіцца мне часта слухаць аб’явы працадаўцаў, якія шукаюць беларусаў да працы не толькі з нашага ваяводства, але і ўсёй Польшчы. Але гляньма яшчэ раз на статыстычныя даныя, якія паказваюць, у якіх сферах найчасцей даюцца чужаземцам працоўныя дазволы на польскім рынку працы: — шафёры ва ўсіх відах транспартных паслуг — ад дальнябойшчыкаў да вадзіцеляў фургонаў; — будаўнічыя паслугі з усімі фізічнымі прафесіямі — муляр, тынкоўшчык, цясляр і г.д.; — гастранамічная сфера — кухары, афіцыянты, кандытары, пасуднікі; — рабочыя пасады пры простых працах з хуткім абучэннем на вытворчых ці мантажных лініях.

Ну і адразу могуць знайсці работу людзі, якія валодаюць умеласцю кіраваць высокатэхналагічнымі працоўнымі машынамі. Такіх спецыялістаў няма зараз на польскім рынку працы і іх проста расхопліваюць. Зараз асабіста мною назіраецца выкліканае палітычнай абстаноўкай адрозненне паміж беларусамі і ўкраінцамі, якое заключаецца ў тым, што ўкраінцы, зарабіўшы грошы, у пераважнай большасці імкнуцца інвеставаць іх на сваёй радзіме і там сябе рэалізаваць.Так дагэтуль рабіла большасць беларусаў. Аднак апошнія гады паказваюць, што рэжым Лукашэнкі на трывала іх вытурыў са сваіх гнёздаў. У выніку працуюць яны на карысць эканомікі і дэмаграфіі іншых краін па ўсім свеце.

Яўген Вапа

12.08.2021 Тэгі: Яўген Вапа, Блог

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты