Навіны

Рэванш сталінізму

23 жніўня пазначаны ў календары як Еўрапейскі дзень памяці ахвяраў сталінізму і нацызму. Адзначаецца ён у той дзень, калі была падпісаная дамова пра ненапад паміж фашыстоўскай Германіяй і Савецкім саюзам, якая фактычна падзяліла тэрыторыю Еўропы на сферы ўплыву.

Абвешчаны гэты дзень быў Еўрапейскім парламентам 2 красавіка 2009 года. А папярэднічала ўсталяванню такога дня «Пражская дэклярацыя аб еўрапейскім сумленні і камунізме», якая была прапанаваная і падпісаная ў чэрвені 2008 года Вацлавам Гавелам і іншымі шматлікімі дэпутатамі Еўрапарламенту. У Дэкларацыі зазначаліся «масавыя дэпартацыі, забойствы і акты заняволення, здзейсненыя ў кантэксце актаў агрэсіі з боку сталінізму і нацызму, якія трапляюць пад катэгорыю ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавечнасці. Паводле нормаў міжнароднага права, да ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавечнасці не ўжываецца тэрмін даўнасці».

Прашу звярнуць увагу на тое, што ў афіцыйным дакуменце яшчэ зусім нядаўна – у 2008 годзе – фігуравала слова «сумленне». Але тады яшчэ быў вялікі змагар з крывавым камунізмам Гавел, да якога імкнуліся цягнуцца і іншыя. Прайшло крыху больш 10 гадоў і ўжо нават словы «сумленне» ці «маральнасць» не фігуруюць сярод еўрапейскіх палітыкаў. Ды і тады, у 2009 годзе знайшліся 44 чалавекі, якія былі супраць, а яшчэ 33 устрымаліся пры галасаванні.

З нацызмам то ўсё ясна, ён асуджаны, а яго ахвяры належна ўшаноўваюцца па ўсім свеце. Сталінізм жа, нават як складовая частка камунізму, не зазнаў свайго «Нюрнбергскага працэсу». Калі казаць пра дзяржавы нашага сумежжа, то можна казаць толькі, што ён асуджаны ў Польшчы, краінах Балтыі, апошнім часам і ва Украіне. А вось у Беларусі і Расеі фактычна адбыўся рэванш адэптаў камуністычна-сталінскіх злачынстваў.

Рэальнага асуджэння сталінізму не адбылося пасля смерці Сталіну. Так, быў развянчаны культ самога Сталіна-Джугашвілі, быў расстраляны Берыя, былі адсунуты з пасадаў некаторыя высокапастаўленыя спецслужбоўцы, але як зяву сталінізм так і не асудзілі. Невыпадкова і пры Хрушчову працягваліся злачынныя акцыі савецкага рэжыму. Дастаткова прыгадаць хоць бы Новачаркаскі расстрэл 1962 года. Потым некалькі дзесяцігоддзяў пра Сталіна і сталінізм стараліся не ўспамінаць, нібы і не было таго часу, які мякка акрэслівалі як перыяд рэпрэсій. А апошняе пакаленне прадстаўнікоў НКВД-МГБ спакваля пазапісвалі ў ветэраны «Вялікай айчыннай вайны» і іх ушаноўвалі ажно да смерці як герояў. Цяпер у шэрагах псеўдаветэранаў вайны крочаць ужо іх дзеці.

Гістарычная праўда пачала раскрывацца толькі з 1985 года, калі да ўлады прыйшоў Міхаіл Гарбачоў. Тады выйшлі шматлікія дакументальныя публікацыі, у тым ліку і пра Курапаты пад Менскам, іншыя масавыя расстрэлы ў розных мясцовасцях былога Савецкага саюзу. Тады ж кінематаграфісты выпусцілі шэдэўральныя мастацкія стужкі пра той час – варта прыгадаць

«Покаяние» рэжысёра Тэнгіза Абуладзэ (зняты ў 1984 годзе, выйшаў на экраны ў 1987-ым), «Холодное лето 1953 года» рэжысёра Аляксандра Прошкіна (1987 год), «Пиры Валтасара или ночь со Сталиным» Юрыя Кары (1989 год). Мастацкія карціны моцна ўплывалі на сведамасць людзей. Цяпер, калі на словах і на справе па-сутнасці наступае рэабілітацыя сталінізму ў Расеі і Беларусі, гэтыя стужкі амаль не зяўляюцца на тэлеэкранах. І зразумела чаму.

А 25 жніўня спаўняецца 30 гадоў з таго дня, калі ў 1991 годзе Вярхоўны Савет БССР надаў “Дэклярацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР” канстытуцыйны статус і прыпыніў дзейнасьць КПБ. Гэта была сапраўды падзея гістарычнай важнасці. Яна адбылася пасля правалу жнівеньскага камуністычнага путчу ў Маскве. Але гідра камунізму-сталінізму так і не была знішчана, не адбылося афіцыйных гістарычных ацэнак савецкага перыяду, не прайшла люстрацыя. У выніку ў Беларусі ў 1994-95 гадах адбыўся пракамуністычны рэванш, у Расеі крыху пазней – у 1999 годзе. Дэсталінізацыя прыпынілася, а культ дзяржаўнага гвалту адрадзіўся ў наступнасці напоўніцу.

Уладзімір Хільмановіч

 

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты