Навіны

Памяці Алеся Разанава

Бяжым і спяшаем. Неяк не зможам учытацца ў паэзію і прозу містэрыі штодзённага жыцця. Дзень мімалётнасці ў прамінанні і забыцці. Войны без абвешчаных войнаў, смерці віртуальныя забіваюць памяць пра ахвяры рэальных войнаў. Хвіліны задумы, рэфлексіі над крохкасцю чалавечага лёсу ў момант адыходу другога чалавека, яшчэ даюць надзею, што мы не страцілі пачуццяў прыпісаных нашаму роду. Проста чалавецтву, якое запісала сваю эмацыянальнасць у розных літаратурных жанрах. Чытаеш і адкрываеш для сябе... самога сябе. Адкрываеш свет, сусвет, космас і тую Усявышнясць, якую кожны для сябе называе па-рознаму, найчасцей аднак імем Божым. Безліч шляхоў, але кожнаму прыпісаная адна, толькі яго таямніца дня і ночы. Бязмежнае, бясконцае вандраванне ў маўчанні і слове. Калі не знаходзіш людзей, пачынаеш песціць мову і слова. То яно пачатак і канец зямнога стварэння і тварэння. І тыя адзінкі, калі гэта адчуюць, то бяруць на сваю душу і плечы невыносны цяжар болю за ўсе гукі акружаючага космасу. Бы той магніт прыцягваюць у сябе і выношваюць новыя нараджэнні і пераўтварэнні слова вечнасці. Вечнасці, але адначасна і міфічнага забыцця. Дык тады чаму не аддаць і прысвяціць свайго часу прамінання для ратавання і запісання роднага алфавіта ў структурнасць зямнога і касмічнага парадку. Лінейнасць, вертыкальнасць, гарызантальнасць — ці ж не геаметрычнасць чалавечай сізіфавай дарогі, але адначасна закругленасць літар і гукаў, бы тая наша Зямля, што нас яшчэ носіць і корміць. У бязмежнасці мяжа, у межах бязмежнасць. Адкрываць і закрываць, нараджацца і паміраць. Без памяці і з памяццю, без слова і пакінутым на памяць словам. Шматполюснасць і магнетызм для вастрыні гукаў гэтага свету, якія бы тое вастрыё стралы джаляць нас, каб мы засталіся ў чалавецтве і яго адчуванні ва ўсіх вымярэннях.

Пішу гэтыя словы пасля весткі пра смерць літаратурнага генія Алеся Разанава. Менавіта ён у маіх пошуках беларускай літаратуры і жыццёвай праўды сваім зборнікам «Вастрыё стралы» адкрыў вочы і душу, але адначасна паставіў выклікі, якія стараюся выконваць і па сённяшні дзень. Ягоны зборнік — мая спадарожная кніжыца, якая гадамі была заўсёды пры мне, дзе не прыйшлося б мне ехаць. Такі асабісты, скарынаўскі псалтыр з запаветнымі словамі ў сучаснасці канца дваццатага стагоддзя. Памятаю, як з Алегам Латышонкам і Мікалаем Ваўранюком пасля чытання гэтага зборніка замарыўся нам літаратурна-мастацкі часопіс «Бязмежжа». З часопісам не атрымалася, але ідэя трансфармавалася ў літаратурны семінар пад такім жа загалоўкам, узятым проста з Разанаўскага верша. І заінспіраваныя гэтымі словамі стараемся ў меру сваіх сіл і магчымасцей папаўняць нашу беларускую, бязмежную прастору і сваёй цаглінкай літаратурнага слова. А гісторык Алег Латышонак стаў перакладчыкам паэзіі Алеся Разанава.

Памятаю, сваю першую паездку ў 1989 годзе ў Мінск і мару сустрэцца з Алесем Разанавым. І задуманае здзейснілася. Дзякуючы Генадзю Сагановічу, сустрэліся мы на чыгуначным вакзале ў рэстаране на гадзіну перад ад'ездам цягніка ў Варшаву. Мне з гэтага ўсяго запамяталася маё перш за ўсё маўчанне, калі я не змог выдушыць са свайго горла некалькі сказаў. Мая заікастасць дасягнула небасяжнага піку. Папіваў я толькі ваду і афіцыянт падносіў нам яе без перапынку. Пілі ваду, нават не піва, на развітанне, бо Генадзь Сагановіч папярэдзіў мяне, студэнта і любіцеля аглаблёвай чаркі, што паэт вельмі дрэнна адчувае сябе, калі побач яго спажываюць алкаголь. Сіла і моц слова і твару паэтычнага волата адчувалася проста неверагодна. Глядзеўся мне ён як нейкі антычны геній, трансфармаваны ў наша стагоддзе. Было ў ім нешта грэцкае і рымскае, Усход і Захад выпісаны ў чалавечай знешнасці. І неверагодная сціпласць у размове. Пасля доўгіх гадоў, калі ізноў перасекліся нашы дарогі, аказалася, што памятаў ён мяне з тае першае сустрэчы. Потым мы нават жартавалі, што нашае падляшска-берасцейскае знаёмства гэта натуральнасць нашай, супольнай бязмежнай прасторы. Нічога дзіўнага, што супольны зборнік Надзеі Артымовіч і Алеся Разанава стаў адзіным і непаўторным літаратурным шэдэўрам.

Апошні раз мы бачыліся ў Мінску, калі з'явіўся ён на прэзентацыі кнігі Міхала Андрасюка «Поўня». Потым перадаваў праз іншых вельмі пахвальныя словы пра гэтую кніжку. Бязмежжа вечна жывое! І памяць для Алеся Разанава!

Яўген Вапа

 

01.09.2021 Тэгі: Яўген Вапа, Блог

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты