Навіны

Заява беларускіх арганізацый Беласточчыны

На Беларусі ад некалькі тыдняў ідзе безпрэцэндэнтная атака на ўсё беларускае. Кожны дзень даходзяць да нас звесткі аб чарговых ператрусах, арыштах або прысудах па сфабрыкаваных справах. Шмат рэдакцыяў незалежных СМІ і пазаўрадавых арганізацыяў ужо ліквідаваныя. Іншыя стаяць перад такой самай перспектывай. Мы, ніжэй падпісаныя, выказваем рашучы пратэст супраць рэпрэсій і ліквідацыі такіх заслужаных арганізацыяў, як Праваабарончы цэнтр «Вясна», ПЭН Цэнтр, Таварыства беларускай мовы, Беларуская Асацыяцыя Журналістаў, Саюз беларускіх пісменнікаў.

Усе незалежныя пазаўрадавыя арганізацыі, якія ў сваіх статутных мэтах маюць развіццё культуры, беларускай мовы, грамадзянскай супольнасці і незалежных медыяў маюць права на існаванне. Цяжка пераацаніць заслугі вышэй названых арганізацыяў, тым не менш нас, беларусаў у Польшчы, непасрэдна закранае перш за ўсё ліквідацыя Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына». Гэтае згуртаванне здаўна дзейнічае на карысць беларусаў па-за межамі Беларусі, арганізуе З’езды беларусаў свету, у якіх заўсёды ўдзельнічала шматлікая дэлегацыя з Польшчы. Па ініцыятыве ЗБС «Бацькаўшчына» у Рэспубліцы Беларусь быў прыняты закон «Аб суайчынніках за мяжою». Кіраўніцтва «Бацькаўшчыны» заўсёды цікавілася справамі польскіх беларусаў і падтрымлівала нас па меры магчымасцяў.

У гэты цяжкі момант прагнем выказаць нашую ўдзячнасць, салідарнасць і веру, што ЗБС «Бацькаўшчына» адродзіцца і надалей будзе працаваць на карысць беларусаў ва ўсім свеце.

Алег Латышонак, Беларускае Гістарычнае Таварыства

Яраслаў Іванюк, Фонд Kamunikat.org

Яўген Вапа, Беларускі Саюз у Польшчы

Марына Ляшчэўская, Фонд Беларусь 2020

Павал Станкевіч, Фонд Тутака

Уршуля Іванюк, Аб’яднанне АБ-БА

Тамаш Суліма, Аб’яднанне Беларускіх Журналістаў

Марцін Рэмбач, Цэнтр Грамадзянскай Адукацыі Польшча-Беларусь


06.09.2021
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты