Навіны

У Лідзе мужчыну асудзілі на 5 год калоніі

7 верасня ў судзе Лідскага раёна абвесцілі прысуд Андрэю Астрацову, якога вінавацілі ў закліках да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы (ч. 1 арт. 361 Крымінальнага кодэкса).

Як паведамляе тэлеграм-канал “Затрыманні, суды ў Лідзе”, мужчыну вінавацілі ў тым, што ён напісаў паведамленні ў тэлеграме пасля падзей 9-12 жніўня 2020 года, калі машыну сына абвінавачанага закідалі светла-шумавымі гранатамі.

Пацярпелыя па справе, сярод якіх старшыня Лідскага райвыканкама Сяргей Ложачнік, начальнік Лідскага РАУС Дзмітрый Уляшка і іншыя – заявілі спачатку іскі аб кампенсацыі нанесенай маральнай шкоды на 3000 рублёў кожны, але пазней зменшылі суму да 1000 рублёў. Старшыня Воранаўскага райвыканкама адмовіўся ад маральнай кампенсацыі, сказаў, што будзе дастаткова прынесеных Андрэем Астрацовым прабачэнняў.  

Вядома, што цягам следства абвінавачанага ўгаворвалі пайсці на супрацоўніцтва, ва ўсім прызнацца, папрасіць прабачэння, пакаяцца і тады прысуд будзе мяккім. Аднак дзяржабвінаваўца запатрабаваў пакараць мужчыну пяццю гадамі пазбаўлення волі ўзмоцненага рэжыму.

Менавіта такое такое рашэнне і вынес суддзя Уладзімір Федаровіч для Андрэя Астрацова: 5 гадоў калоніі з адбыццём пакарання ва ўмовах узмоцненага рэжыму, а таксама сплаціць кампенсацыю маральнай шкоды - 4000 рублёў.

http://spring96.org/

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты