Навіны

У чаканні Апакаліпсісу

Чым больш жыву, тым менш я разумею, хочацца паўтарыць за некаторымі класікамі. Тое, што зараз адбываецца вакол нас, перарастае, здаецца, нашы разумовыя магчымасці аналізу і рэфлексіі. Часам здаецца, што нейкія штучныя інтэлекты разбураюць чалавечае існаванне ў зямной прасторы і вядуць нас, людзей, проста да зняволення і падпарадкавання. І гэта ўжо не футурыстычная літаратура і кіно, а штодзённасць, якая забівае ў нас рэалізм і самастойнасць, і заганяе ў пасткі інфармацыйнай і палітычнай хлусні. Штодня ўбіраем у сябе столькі медыйных паведамленняў, што не ў змозе паставіць ім сваёй, пытальна-правяральнай дамбы. А менавіта нашай бязмозгасці чакаюць палітычна-мафійна-медыйна-гандлёвыя карпарацыі сённяшняга часу. Быць толькі скарыстанымі ідыётамі, гэта здаецца тое наша грамадска-палітычнае месца, якое адводзяць нам зараз мажныя гэтага свету. А калі пачытаем яшчэ як мілітарысцкія цмокі нашага часу распрацоўваюць псіхатронную зброю, якая ў змозе знішчыць нас, людзей, не традыцыйнай куляй, але адбіраючы нам розум, голас, забіваючы болем галавы і чым яшчэ толькі прыдумаеш, то проста сам не ведаеш, ці ўжо ў гэты момант не з’яўляемся ўжо паддоследнымі трусамі нейкіх носьбітаў такой атакі. Мабыць, дэпрэсіўныя настроі каранавіруснага перыяду бяруць тут верх над патрэбнай псіхіцы здаровай думкай, але менавіта тое, што тут я напісаў, гэта вынік пэўнай рэфлексіі. А можа проста ад усяго бачанага і перажыванага проста едзе «крыша» і як не бач супакойлівая валяр’янка зусім не будзе прыносіць палёгкі.

Узнікае цяпер такое ўражанне, што ўсе нібыта гавораць пра патрэбу захавання міру на Зямлі, але ўсім хочацца вайны, як спосабу вырашэння набалелых геапалітычных пытанняў. Вайна для адных з’яўляецца адзіным спосабам захавання іхняй дыктатарскай улады, для другіх — замацавання іх дэмакратычных паўнамоцтваў. Як не глядзі і не круці, усё кружыць вакол вельмі глыбока скрываных інтарэсаў, пра якія не ведаць звычайнаму чалавеку. А калі яшчэ акрасім гэта ідэалагічнымі патрабаваннямі фармавання новага чалавека і новай яго сямейна-грамадскай функцыянальнасці, дык перад намі чарговыя рэвалюцыйна-ўтапічныя дыктатуры. Як чалавек і гісторык па адукацыі проста звычайна баюся ўсяго таго, што заклікае верыць у такое стварэнне. Значыць, тады няма месца для тых, хто не падзяляе іхняй толькі адзінай праўды. У імя такіх парадкаў людзі мільёнамі ўжо гінулі ад такіх грамадскіх ці рэлігійных прапаноў. І ведаючы ўсё гэтае, з новай эйфарыяй прыступаем чарговы раз да самазнішчэння. А за ўсім гэтым стаяць быццам вучоныя і культурныя аўтарытэты — пісьменнікі, музыкі, палітыкі і абаронцы правоў чалавека. Адным словам, чалавечае жыццё як галоўная каштоўнасць нашага зямнога быцця становіцца ізноў няважным у параўнанні з праектаваным для нас вызваленнем ад саміх сябе.

А мне здаецца, што важней усё ж такі заняцца ў глабальным плане ахвярамі войнаў, дапамогай палітычным ахвярам дыктатур і змаганнем з імі, нявырашанай праблемай голаду і выкідванай яды, ці нарастаючай нястачы вады на нашай Зямлі. Але такое думанне мільёнаў людзей на свеце аказваецца ўтапічнай і невырашальнай справай для ўладароў і ідэолагаў сённяшняй рэчаіснасці. І ў мінулым так усё выглядала. Відаць, існуе заканамернасць паміж рознымі сістэмамі кіравання, а іхнімі дзеяннямі наконт развязкі агульнасусветных праблем. Не раз і не два трыбуна Арганізацыі Аб’яднаных Нацый была месцам прасоўвання такіх тэм. Паўставалі спецыялізаваныя арганізацыі і міжнародныя прадстаўніцтвы з тысячамі чыноўнікаў. З году ў год прыбывала канфліктных месцаў для пабыўкі сініх касак у рамках міжнародных міратворных войскаў. І ўсё ж нешта не спрацоўвае. Ці ж наша, звычайная, чалавечая нянавісць, міжнацыянальная і рэлігійная грызня, ідэалагічная прадузятасць прывядзе чалавецтва да самазнішчэння, якое пачынаецца на нашых вачах? А можа проста самі сабе адбіраем мазгі і думанне, каб углядацца ў людскую катастрофу без шанцаў на выратаванне?..

Яўген Вапа

09.09.2021

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты