Навіны

Лявона Карповiча выклiкаюць у пракуратуру

На Гарадзеншчыне працягваецца цicк на грамадскiх актывiстаў. Лявона Карповiча з мястэчка Луна выклiкаюць у пракуратуру Мастоўскага раёну на 13-14 верасня. Магчыма гэта будзе нейкая "прафiлактычная гутарка".

Лявона Карповіча сёлета аштрафавалі за нацыянальны сцяг на ўласным доме. Гэты сцяг Карповіч вывешваў у розныя гады і пры тым не парушаў заканадаўства. Але сёлета Карповіча беспадстаўна затрымалі міліцыянты 25 сакавіка за тое, што на яго доме вісеў бел-чырвона-белы сцяг у гонар Дня Волі. Пры тым быў праведзены ператрус і забраныя многія асабістыя рэчы Лявона Карповіча. Самога пенсіянера завезлі ў Мастоўскі РАУС, дзе склалі пратакол нібыта за праведзены пікет, пасля чаго адпусцілі.

Урэшце вядомага беларускага краязнаўца, філатэліста і грамадскага актывіста Лявона Карповіча з мястэчка Луна, аштрафавалі 5 красавіка на 30 базавых велічынь. Карная пастанова была аформлена ў Мастоўскім раённым судзе. Адміністрацыйная справа разглядалася цягам дзвюх гадзін. Лявон Карповіч даводзіў сваю невінаватасць, але суддзя Віталь Сініла не ўлічыў яго юрыдычныя аргументы.

У такой сітуацыі Лявон Карповіч падаў скаргу ў абласны суд. Аднак гэты суд прадказальна не задаволiў скаргу.

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты