Навіны

У Смаргоні жанчыну засудзілі да 2 гадоў абмежавання волі

13 верасня суддзя суда Смаргонскага раёна Сяргей Боландзь абвесціў прысуд у дачыненні да жыхаркі Смаргоні Таццяны Янкоўскай.
Яна абвінавачвалася ў тым, што у каментары да публікацыі ў тэлеграм-канале “Карнікі Беларусі” пра начальніка інспекцыі па справах непаўнагадовых Барысаўскага РУУС Наталлі Ярмалінскай напісала: “Хтосьці ж стварэнне (на расейскай мове ў арыгінале - “тварину”, што можа перакладацца на беларускую мову таксама як “жывёліну”) замуж узяў”.
Гэтае слова расцэнена як абраза прадстаўніка ўлады ў звязку з выкананнем ім службовых абавязкаў паводле артыкула 369 Крымінальнага кодэкса.
Артыкул прадугледжвае 4 віды пакарання: штраф, арышт, абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў з штрафам, пазбаўленне волі на той жа тэрмін з штрафам.
Суддзя ж ў дадзеным выпадку абраў пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на 2 гады, з адбываннем яго ва ўстанове адкрытага тыпу (так званая “хімія”).
Узнікае пытанне: а ці з’яўляецца такое жорсткае ўмяшальніцтва дзяржавы ў свабоду выказвання меркавання неабходным у дэмакратычным грамадстве, якім сябе дэкларуе Беларусь? Навошта ўвогуле гэты артыкул крымінальнага кодэкса, калі пацярпелы прадстаўнік улады можа падаць у суд грамадзянскі іск і кампенсаваць маральныя страты або дамагчыся абвяржэння неадпавяедных рэчаіснасці звестак?
У Смаргоні гэта ўжо 9-ты пасля мінулагодніх выбараў прысуд, катэгорыю якіх праваабаронцы залічаюць да палітычна матываваных. Што да згаданага суддзі, то напомнім, 5 студзеня бягучага году Сяргей Боландзь пакараў вядомага смаргонскага дзеяча і журналіста Рамуальда Улана 2,5 гадамі абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу паводле арт. 188 Крымінальнага кодэкса за тое, што ён размясціў у каментарах у “ВКонтакте” фотаздымак з налепкамі з асабістымі дадзенымі сямі міліцыянтаў, якія былі заўважаныя ў незаконных затрыманнях і ілжэсведчаннях у судах.
 
на фота Таццяна Янкоўская ў цэнтры

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты