Навіны

Ігар Банцэр: Дзевятнаццаць сутак з сарака ў ІЧУ я быў на галадоўцы

Гарадзенскі музыка і актывіст Ігар Банцэр выйшаў пасля 40 дзён ШІЗА, якія ён адбываў у Віцебскім ізалятары часовага ўтрымання. Амаль палову тэрміна свайго спагнання Ігар галадаваў.

Пра ўмовы знаходжання ў ШЫЗА распавядае сам Ігар Банцэр:

Ігар Банцэр: Дысцыплінарная ізаляцыя выконваецца пасадкай вязня ў ШІЗА або ў ізалятар часовага ўтрымання тэрытарыяльнага органа ўнутраных спраў (ІЧУ) на ўмовах утрымання ў ШІЗА. Я сядзеў у ІЧУ ўсе 40 дзён. Мяне туды завезлі, далі 10 сутак, потым яшчэ далі 10 сутак, потым яшчэ 10 сутак, потым яшчэ 10. Па законе яны не маюць права даваць больш 10 сутак. Практыка стандартная: ты сядзіш, табе проста прывозяць дадатковыя суткі. Нават не выходзіш. А табе прывозяць дадатковую пастанову. Гэта стандартная практыка ў дачыненні да кожнага новага вязня, да кожнага асуджанага, тут няма нейкага адбору – палітычны ты, ці не палітычны. Іншае, па законе не маюць права трымаць 40 дзён. Пасля 30 дзён павінны былі вывезці. Таму ў мяне няма ўпэўненасці, што гэта згодна з заканадаўствам. Тут я мушу з юрыстамі параіцца. У кожным выпадку рэкорд папраўчай установы адкрытага тыпу нумар 9 – гэта 30 дзён чалавек сядзеў. Вось я пабіў гэты рэкорд. Сядзеў 40 дзён. З іх 19 апошніх – былі на галадоўцы. На знак пратэсту супраць таго, што мяне незаконна, як я лічу, пасадзілі і ўтрымлівалі там, і выдумлялі нейкія ўяўныя парушэнні. Як мінімум яны не цягнуць на 10 сутак.

РР: Як яны тлумачылі за што давалі парушэнні? Кожны раз, як я разумею, нейкае новае было.

Ігар Банцэр: Гэта такая звычайная практыка. Калі ты сядзіш, табе прывозяць дадаковыя суткі. Першыя суткі я атрымаў за тое, што не дайшоў да свайго пакоя пасля адбою. Там было 22.02. Штосьці такое. У пратаколе напісана, што 22.05 я не знаходзіўся ў спальным месцы. Я чысціў зубы і спазніўся. Не пачуў званок. Аднак гэта не ёсць такім парушэннем, за якое даюць 10 сутак. На гэтай папраўчай установе ніколі не давалі 10 сутак штрафной ізаляцыі за тое, што чалавек не быў у ложку пасля адбою. Таму што хтосьці спазніўся, хтосьці з працы. Могуць проста даць вусную вымову. Больш за тое, калі я сядзеў, мне прывезлі дадатковыя 10 сутак за тое, што я нібыта быў непаголены. Што датычна галення. Ты голішся з раніцы халоднай вадой, тупой брытвай. Таму ў другой палове дня ў цябе ўжо можа быць шчэць. І ты будзеш непаголены. Таму гэта вельмі ўяўнае парушэнне. А ўжо трэція дзесяць сутак былі на падставе рапарта супрацоўніка ІЧУ, што нібыта я адмаўляўся прыбіраць у камеры. Таксама, безумоўна, няпраўда. Бо там трэба еўрарэмонт зрабіць, каб быў нейкі парадак. І пасля гэтага я ўвайшоў у рэжым галадоўкі, бо зразумеў, што мяне адсюль не выпусцяць. І толькі пасля гэтага стаўленне пачало змяняцца.

Нагадаем, што Ігар Банцэр адбывае пакаранне на «хіміі» за вулічны перформанс. За танец у стрынгах перад міліцэйскім аўтамабілем яго адправілі ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на 1,5 года. Пакуль ішоў суд, каб абараніць свае правы за кратамі, Ігар трымаў 16-дзённае сухое галадаванне. Музыка адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі.

Беларускае Радыё Рацыя


 

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты