Навіны

130 гадоў з дня нараджэння Антона Баліцкага

Беларускі палітычны, грамадска-культурны дзеяч Антон Баліцкі нарадзіўся ў сялянскай сямі 17 верасня 1891 года ў вёсцы Балічы (Гарадзенскі раён). Вучыўся ў Свіслацкай настаўніцкай гімназіі, якую скончыў у 1910 годзе. Пэўны час працаваў у школе, а ў 1916 годзе скончыў Віцебскі настаўніцкі інстытут. Пасля інстытуту яго мабілізавалі ў войска і адправілі на Румынскі фронт. Настаўнік у вайсковым мундзіры быў актыўным удзельнікам рэвалюцыйных падзей 1917 года. Калі развалілася старая расійская армія, Антон Баліцкі пасяліўся ў Адэсе. У гэтым горадзе і яго ваколіцах у час Першай сусветнай вайны склалася вялікая беларуская калонія. У снежні 1917 года ў Адэсе паўстала культурна-асьветная арганізацыя «Беларускі гай». У тым самым месяцы воіны-беларусы Румынскага фронту заснавалі Беларускую вайсковую раду. 19 сакавіка 1918 года на аб’яднаным паседжанні гэтых арганізацый быў створаны Беларускі нацыянальны камісарыят. Памочнікам старшыні камісарыяту і ўпаўнаважаным у нацыянальна-палітычных справах стаў Антон Баліцкі.

Калі да Адэсы дайшла вестка пра абвяшчэнне БНР, Нацыянальны камісарыят стаў на яе бок. У красавіку 1918 года Баліцкі прыехаў у Кіеў, дзе працавала дэлегацыя Народнага Сакратарыяту БНР у справе перамоваў з замежнымі краінамі. Ён жа звярнуўся да Аляксандра Цьвікевіча з просьбай даць Нацыянальнаму камісарыяту паўнамоцтвы выконваць функцыі консульства БНР у Адэсе. І такія паўнамоцтвы Народны Сакратарыят даў. Баліцкі стаў сакратаром консульства. Беларуская праца ў Адэскай акрузе вялася даволі паспяхова, пакуль не прыйшлі рэстаўратары імперыі – дзянікінцы. У новых умовах Баліцкі арганізаваў партызанскі атрад і ўступіў у партыю ўкраінскіх камуністаў-барацьбістаў. У 1920 годзе ён разам з іншымі сябрамі гэтай партыі стаў сябрам РКП(б).

У 1921 годзе Баліцкага адклікалі на працу ў ССРБ. У кастрычніку таго самага года ён стаў намеснікам народнага камісара, а са студзеня 1926-га – наркамам асветы. Ён быў адным з галоўных канструктараў сістэмы школьніцтва і сеткі ўстаноў культуры (тады не было асобнага ведамства, якое б займалася пытаннямі культуры) у перыяд беларусізацыі. У канцы 1920-ых гадоў у палітыцы бальшавіцкіх вярхоў наступіў пералом. У лютым 1929 года адбыўся ХІІ зезд КП(б)Б, на якім яшчэ гаварылася аб беларусізацыі, але ў парадак дня была пастаўлена барацьба з так званымі нацыял-дэмакратамі і нацыянал-апартуністамі. Пералом наступаў і ў галіне адукацыі. На вучобу ў ВНУ і сярэдніх навучальных ўстановах належала прымаць толькі дзяцей рабочых, сялян-беднякоў і бяднейшых сераднякоў. Дзецям чыноўнікаў належала для вучобы зарабіць працоўны стаж на вытворчасці. Для правядзення такой лініі патрабаваўся новы наркам асветы. Ім замест Баліцкага стаў чалавек з пачатковай адукацыяй – Антон Платун (з 1931 г. Акадэмік).

8 верасня 1930 года Антона Баліцкага арыштавалі па «справе» так званага Саюза вызвалення Беларусі, а ў сакавіку 1931-га калегія ОГПУ прысудзіла яму 10 год савецкага канцлагера. Пры паўторным разглядзе «справы» Вайсковая калегія Вярхоўнага суда СССР 30 кастрычніка 1937 года засудзіла Баліцкага да расстрэлу. Забіты беларускі дзеяч 31.10.1937 г. у Менску. Месца пахавання невядомае. У траўні 2020 года ля вёскі Балічы на беразе рэчкі беларускімі патрыётамі быў усталяваны памятны крыж у яго гонар. Праз тыдзень крыж быў дэмантаваны мясцовай адміністрацыяй.

17.09.2021 Тэгі: каляндар

Архіў

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты