Навіны

Павел Севярынец этапаваны ў шклоўскую калонію

Сустаршыню аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Паўла Севярынца этапавалі для адбыцця пакарання ў шклоўскую калонію № 17.

„Сёння этапавалі нашага дарагога Паўла Севярынца. Яго новае месца – гэта горад Шклоў, ІК-17, там, дзе сядзеў Вітольд Ашурак”, — напісала жонка палітыка Вольга ў „Фэйсбуку”.

Яна таксама паведаміла, што бацьку Севярынца Канстанціну, які хварэе на каранавірус, „усё яшчэ дрэнна, асабліва ноччу”. „Нам застаецца толькі маліцца за нашых родных і спадзявацца на Бога. Прашу ўзгадваць нашу сям’ю ў малітвах„, заклікала Вольга Севярынец. Яна размясціла малюнак з выявай сына Францішка, „гэты партрэт прыйшоў у апошнім лісце ад Пашы з Магілёва”.

25 траўня Магілёўскі абласны суд прыгаварыў Севярынца да сямі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Палітыка абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Суд быў закрытым.

27 жніўня Вярхоўны суд не задаволіў апеляцыйную скаргу.


Архіў

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты