Навіны

Пра што сведчыць сакрэтнасць вакол справы Івашына?

Гарадзенскаму журналісту Дзянісу Івашыну прад’яўлена пашыранае абвінавачанне  ў здзяйсненні „менш цяжкага” і „асабліва цяжкага” злачынстваў.

Тэрмін яго ўтрымання пад вартай падоўжаны. Затрымалі журналіста яшчэ ў сакавіку гэтага году за нібыта ўмяшанне ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў. Наконт новага абвінавачання ні сваякам, ні калегам  палітвязня пакуль нічога невядома.

Па словах Сяргея Пульшы, намесніка рэдактара газеты „Новы Час”, з якой Дзяніс Івашын актыўна супрацоўнічаў да свайго арышту, і новае абвінавачанне і сакрэтнасць вакол гэтай справы сведчаць, што з доказамі супраць журналіста ў следства вельмі кепска:

Хутчэй за ўсё спрацавала тое, пра што мы казалі ўвесь час – па папярэдніх артыкулах віну Івашына даказаць не атрымліваецца. Таму следства выдумвае нейкія новыя падставы, каб трымаць яго ў зняволенні, нейкія новыя артыкулы, каб патрымаць яго і ціснуць такім чынам на Івашына, як на журналіста, і магчыма, на яго родных. Тут, хутчэй за ўсё, можна казаць пра тое, што справа, па якой Івашын быў абвінавачаны папярэдне, проста развальваецца.

РР: А чаму такая сакрэтнасць, што нават не паведамляюць артыкул, быццам гэта нейкіх дзяржаўных таямніц тычыцца?

Сяргей Пульша: Мы зноў жа можам толькі здагадвацца, але, хутчэй за ўсё, гэтыя новыя артыкулы, прад’яўленыя Івашыну, такія ж бяздоказныя і бязглуздыя, як і папярэднія.

РР: А што вы можаце сказаць пра Івашына, як пра журналіста? Чым ён так насаліў уладам?

Сяргей Пульша: Івашын займаўся ў рэдакцыі журналісцкімі расследаваннямі. Апошнія расследаванні былі прысвечаныя таму, як байцы ўкраінскага спецпадраздзялення “Беркут”, якія разганялі “Рэвалюцыю годнасці”, уладкаваліся ў АМАП Беларусі. Івашын браў усе звесткі пра гэтых байцоў з адкрытых крыніц. І злачынства ў такім фармаце расследавання няма. Ён выкарыстоўваў даныя ў тым ліку і дзяржаўных органаў. Хутчэй за ўсё зняволенне Івашына і навешванне на яго гэтых крымінальных артыкулаў з’яўляецца  асабістай помстай чыноўнікаў сілавых структур. Таксама практычна заблакавана перапіска з Дзянісам Івашыным. Супрацоўнікі „Новага Часу” даслалі яму шмат лістоў. Але ў адказ нічога не атрымалі.

„Мы ведаем гэту практыку, калі зняволенага ізалююць ад ліставання і  такім чынам спрабуюць стварыць у яго ўражанне, што пра яго ўсе забыліся. Але мы пра Дзяніса Івашына не забыліся і не забудземся,” – кажа Сяргей Пульша.


 

Архіў

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты