Навіны

Ператрусы, ліквідацыя апошніх праваабарончых арганізацый Беларусі: хроніка пераследу 5 кастрычніка

Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу ў Беларусі за аўторак, пятага кастрычніка. Рэпрэсіі не спыняюцца: беларусаў па-ранейшаму затрымліваюць, праводзяць ператрусы, ліквідуюць арганізацыі грамадзянскай супольнасці і ўжываюць іншыя формы ціску на грамадзян актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

  • праз тэлеграм-бот @viasna_bot;
  • на гарачую лінію ў тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Спіс затрыманых па крымінальнай справе за каментары з нагоды гібелі Андрэя Зельцэра і супрацоўніка КДБ

"Вясна" публікуе табліцу з вядомымі прозвішчамі затрыманых і працягвае збіраць інфармацыю. Калі вам вядома пра іншых затрыманых па дадзенай крымінальнай справе, калі ласка, паведамляйце на тэлеграм-акаўнт @spring96info, у наш бот @Viasna_bot ці на электронную пошту viasna@spring96.org. Таксама просім паведамляць, калі кагосьці са спісу ўжо вызвалілі ці перавялі ў СІЗА і прад'явілі абвінавачванні.

"Комсомольская правда" закрывае прадстаўніцтва ў Беларусі

"Прааналізаваўшы падзеі апошняга года і асабліва апошняга тыдня, "Комсомольская правда" прыняла рашэнне зачыніць сваё прадстаўніцтва ў Мінску ЗАТ "БелКП-ПРЭС". Усім супрацоўнікам будуць выплачаныя грашовыя кампенсацыі або прапанаваная праца на іншых прадпрыемствах КП",напісана ў заяве газеты.

Карэспандэнта "КП" Генадзя Мажэйку пакінулі за кратамі, абвінавачванне яшчэ не выставілі.


Не выходзіць на сувязь пасля спробы наведаць працэс па разгляду апеляцыі па "справе студэнтаў" у Мінскім гарадскім судзе 20-гадовая Соф'я Маргунова. Меркавана, яна затрыманая.


Сёння ператрус адбыўся ў праваабаронцы Таццяны Равякі 

Сёння раніцай да праваабаронцы Таццяны Равякі прыйшлі з ператрусам супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў. Ператрус адбыўся ў яе дома, на лецішчы і ў офісе. Потым яе забралі на допыт у ДФР і Следчы камітэт. У выніку ператрусу, у яе забралі тэхніку. У межах якой справы праводзіліся працэсуальныя дзеянні невядома. Пасля допыту праваабаронцу адпусцілі дадому.


Telegram-чат «Сообщество железнодорожников Беларуси» прызнаны экстрэмісцкім

Суд прыняў такое рашэнне па заяве Брэсцкай транспартнай пракуратуры.


Мінскі гарадскі суд разглядаў апеляцыю па «справе студэнтаў» — прысуд пакінулі без зменаў

Калаж Радыё Свабоды
Калаж Радыё Свабоды

 

Нагадаем, 11 чалавек па справе атрымалі па 2,5 года калоніі агульнага рэжыму. Глеб Фіцнер(адзіны, хто прызнаў віну) — два гады калоніі.


4 кастрычніка адбыўся ператрус ва ўдзельніцы стачкі «Нафтан» Ірыны Лучыновіч 

Яна працавала на заводзе «Палімір». Сілавікі прыйшлі да жанчыны ў межах крымінальнай«справы Рабочага руху» па арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве).

Сама Ірына паспела з'ехаць з краіны.


У пасёлку Дружны Мінскай вобласці паведамляецца пра затрыманне 30-летняга слесара Сяргея Лабанка. Затрымлівалі яго супрацоўніка ГУБАЗІКа пры падтрымцы САХРа. Якпаведаміў МУС, "у інтэрнэце ён пакідаў абразлівыя каментары ў адрас пракурорскага работніка, а таксама іншых прадстаўнікоў улады". Цяпер ён прызнаны падазраваемым па арт. 293 Крымінальнага кодэкса і змешчаны ў ІЧУ.


Шмат каго з затрыманых па «справе Зельцэра» перавялі ў жодзінскую турму — родныя не могуць перадаць ім перадачы

Сёння сваякі затрыманых паспрабавалі перадаць родным перадачы, але іх не прынялі, спасылаючыся на каранцін. Людзі прыязджалі з перадачамі з розных гарадоў Беларусі, але безвынікова. Па інфармацыі родных, у большасці з затрыманых няма сродкаў гігіены і цёплых рэчаў.

Колькі будзе доўжыцца каранцін супрацоўнікі следчай турмы не паведамляюць.


У Беларусі ліквідавалі праваабарончую арганізацыю «Прававая ініцыятыва»

Як паведамляе сама арганізацыя, 5 кастрычніка Вярхоўны суд па пазове Мінюста ліквідаваў«Прававую ініцыятыву». Прычынай ліквідацыі арганізацыі стала
ажыццяўленне дзейнасці пасля рашэння суда аб яе прыпыненні. Прычынамі прыпынення дзейнасці называюцца пяць пунктаў, сярод якіх, напрыклад, тое, што на сайце выкарыстоўваецца найменне "Прававая ініцыятыва", а не РГА "Прававая ініцыятыва", што нібыта ўводзіць у зман грамадзян.

Прадстаўнік Мінюста Дзмітрый Курылік у судзе заявіў, што "Прававая ініцыятыва" цалкам ігнаравала пісьмовае папярэджанне і рашэнне суда аб прыпыненні дзейнасці.


Мінскі гарадскі суд прыняў рашэнне ліквідаваць "Звяно"

Таццяна Гацура-Яворская. Фота:
Таццяна Гацура-Яворская. Фота: "Радыё Свабода"

 

Гэта рэальна апошняя праваабарончая арганізацыя, якая мела легальны статус у Беларусі. У каментары "Еўрарадыё" кіраўніца "Звяна" Таццяна Гацура-Яворская адзначыла, што гэта яшчэ не канец.

"Рашэнне суда не набыло моц. Мы маем 15 дзён на абскарджванне ў Вярхоўным судзе, — кажа яна. — І паколькі падставаў для ліквідацыі прадстаўлена не было, і сведкі не былі запрошаныя, мы лічым, што ў нас вялікія шансы выйграць справу".

Пераслед завадчанаў-стачкамаўцаў працягваецца

5 кастрычніка днём адбыўся ператрус у апаратчыка цэха 103 завода «Палімір» і намесніка старшыні прафсаюза (БНП) на «Нафтане» Андрэя Шкірэнкі. Ён далучыўся да стачкі «Нафтана» ў снежні мінулага года.

Сілавікі шукалі зброю, наркотыкі і цікавіліся, навошта патрэбен незалежны прафсаюз.

Сам Андрэй на волі, яго не затрымалі.


Ператрус у рэдакцыі газеты «Ганцавіцкі час»

Паведамляецца, што ў рэдакцыі газеты «Ганцавіцкі час» сілавікі прыйшлі з ператрусам у рэдакцыю рэгіянальнай газеты. Як паведамляе "Першы рэгіён", сілавікі забіраюць кампутары і тэлефоны. Галоўны рэдактар газеты не выходзіць на сувязь. Прычыны візіту сілавікоў невядомыя.


Палітзняволенаму філосафу і метадолагу Уладзіміру Мацкевічупадоўжылі тэрмін знаходжання пад вартай яшчэ на месяц

Ён прабудзе за кратамі як мінімум да 4 лістапада. Нагадаем, Мацкевіча арыштавалі ў пачатку жніўня 2021 года. Яго абвінавачваюць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.


Рэсурс "Медыя-Палессе" будуць судзіць за размяшчэнне на сайце "інфармацыі, якая не адпавядае рэчаіснасці"

Пра гэта смс-паведамленнем Лунінецкая міліцыя апавясціла дырэктара прадпрыемстваМаксіма Гарда, які знаходзіцца не ў Беларусі. Артыкул 23.5 КаАП — «па факце размяшчэння на сайце інфармацыі, якая не адпавядае рэчаіснасці». Пра якую канкрэтна інфармацыю ідзе гаворка не паведамляецца.

«Мы не ведаем, аб чым ідзе гаворка. Сайт ужо месяц як заблякаваны паводле пастановы абласной пракуратуры на шэсць месяцаў. Апошні суд па гэтым артыкуле быў за публікацыю перадрукі з іншага сайта Аб судовым працэсе над удзельнікамі акцый пратэсту ў Пінску ў 2020 годзе. Тады нас аштрафавалі на 199 базавых велічынь з 200.

Але мы не маем намеру быць кармушкай для ўлады, таму ў планах-ліквідацыя прадпрыемства. Агульная сума штрафаў за год склала 16 тысяч беларускіх рублёў», — падзялілася галоўны рэдактар выдання Святлана Гарда.

Архіў

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты