Навіны

Усё добра ў пару

   Апошнім часам на Радыё Свабода даволі часта пачалі уздымацца пытанні датычна роднай мовы. Здавалася б, добра. Пытанне для беларусаў, сціпла кажучы, набалелае. Ды ня ўсё выглядае зразумелым. Калі толькі мне, то мая бяда. Але сумняваюся, што толькі мне.

   Ян Максімюк упарта даводзіць, што родная мова, гэта тая, якой навучылі цябе бацькі. Аднойчы выказаў, хіба не пераканаў апанентаў. Тады ў другіх «Званочках» спаслаўся на экспертаў ААН, што гэта яны далі азначэнне такое роднай мове. Куды ж тут дзенешся? Не папрэш жа супраць экспертаў ды яшчэ ААН!  А я паспрабую паперці.

   Спачатку пра тое, якой мове  навучылі бацькі. Тут амаль сто адсоткаў беларусаў павінны былі б адказаць – трасянцы. Значыць, родная мова амаль ва ўсіх беларусаў – трасянка. На жаль, не ва ўсіх. Бо большая частка ОМОНаўцаў, міліцыянтаў, вертыкальшчыкаў і вялікая частка расейцаў павінны былі б сказаць, што іхняя родная мова мацерная. Не ад слова маці, а ад слова мат. Спадар Ян мог бы сказаць, што такіх моваў няма. Можа і няма ў спісах ААН, але яны ёсць у рэчаіснасці. Няхай толькі спадар Ян, не дай Божа, патрапіць у пастарунак “беларускай” міліцыі, або прасцей, няхай паставіць сабе ў самаход рацыю і навядзе яе на хвалю міліцыі. Упэўніцца, што фактычна існуе. Нездарма ў народзе узнікла прымаўка: расейцы матам не лаюцца, яны матам гавораць. Гэта датычыць і  “беларускай” міліцыі, і  ОМОНа і  многіх вертыкальшчыкаў. На жаль, ня толькі.

   Многія “свядомыя” “енчылі”, як могуць быць  дзве родныя мовы. Эксперты ААН лёгка развязалі гэту праблему: бацька вучыў адной мове, маці – другой, вось табе і дзве родныя. Калі раптам з’явіўся айчым, ці мачыха, тут табе і трэцяя і чацвёртая родныя…

   Ці можна вінаваціць экспертаў ААН? Ды не. Я ня ведаю, як паважаныя эксперты даюць азначэнне ежы. Але думаю, што прыблізна так: тое, што людзі ужываюць для таго, каб задаволіць пачуццё голаду і забяспечыць функцыянаванне цела – гэта і будзе ежа. Толькі вось бяда: для беларусаў зусім ня ежа тыя чарвячкі і павучкі, якія ўжываюцца ў ежу многімі людзьмі, прыкладам, у Афрыцы. Ды што тут далёка хадзіць, жабы і слімакі сталі  экспартным таварам для беларусаў. Збіраюць, здаюць нарыхтоўшчыкам гэты дэлікатэс. А самі есці, ну ніяк. І пры чым тут эксперты?

   Ян Максімюк пераконвае ў сваёй рацыі ў перадачы “Званочкі”. Але, ня ў крыўду будзе сказана, была і больш сур’ёзная перадача, дзе жанчына – доктар навук добра пастаўленай расейскай мовай (такой, якой пачынае гаварыць мой кум пасля першай выпітай бутэлькі і яму ўжо няймецца падкрэсліць свой вышэйшы статус) даказвала з дапамогай ведаў сусветнай навукі простае сцверджанне аднаго ўсім вядомага персанажа: “Какая разница, на каком языке гаварыць?”

   А вось і яшчэ прыклад. На днях вельмі паважаны мужчына-доктар, зноў жа праз Радыё Свабода з апломбам даказваў, што Кастусь Каліноўскі ня толькі не беларускі, але ніякі і не герой. Адзін з довадаў –  у Мастаўлянах на радзіме Кастуся мясцовыя жыхары ня хочуць помнік яму ставіць. А ў вёсцы Луна, дзе я жыву, мясцовыя жыхары не згадзіліся вуліцу Камсамольскую пераназваць у вуліцу Элізы Ажэшкі. Дык можа Эліза Ажэшка і не пісьменніца? А жыхары Свіслачы помнік Сталіну ў сваім горадзе аднавілі. Дык што, аказваецца Сталін беларускі нацыянальны герой? І што тут тады дзівіцца, што пры апытванні адзін з маладзёнаў назваў Лукашэнку нацыянальным героем. Сапраўды, жыхары якога населенага пункта ў Беларусі адмовяцца паставіць помнік Лукашэнку? Хлопчык жа гадкоў дзесяці на пытанне, за чыю каманду будзе хварэць у паядынку Польшча –Расея, упэўнена адказаў: “Конечно за Россию! Ведь поляки наши враги!” Вось і нашлі і нацыянальнага героя і ворагаў.

   Аднаго не магу зразумець (і гэта мая праблема): з якой мэтай робяцца такія перадачы? Паказаць свой розум? Ці знайсці ісціну? Тысячы людзей, а можа дзесяткі тысяч, а можа сотні трацяць сваё жыццё, каб даказаць, што Хрыстос не Сын Божы. У СССР “даказалі”. Ну і што?

   У беларускіх вёсках захаваліся “радиоточки” – дротавае радыё. На ім існуе праграма “Адкрытая пляцоўка”. Так, так. Я не памыліўся. Праграма вядзецца на беларускай мове. У адной з перадач размову вяла вядучая на прыгожай беларускай мове і пра мовы. На праграму запрасілі студэнтку БДУ-пераможцу міжнароднага конкурсу на лепшае валоданне кітайскай мовай. Вядучая для размовы з пераможцай адразу перайшла на расейскую мову і так яны гутарылі па-расейску наконт таго, што кітайская мова занесена ў кнігу Гінеса, як самая цяжкая і г.д. Я зрабіў жа выснову, што самая цяжкая мова беларуская, бо нават пераможца па кітайскай мове беларускую вывучыць не ў стане. Ды й навошта, калі валодаеш “роднай” расейскай мовай?

Я  нездарма прывёў беларускую прыказку ў загалоўку тэксту. Усё добра ў пару. Уявіце сабе сітуацыю. Гарыць, барані Божа, хата.  Не, няхай ня хата, Няхай гарыць хлеў. Выскачыў гаспадар, збегліся суседзі і …давай даказваць адзін аднаму ў каго цёшча лепшая.

   Будзе Беларусь цывілізаванай дэмакратычнай краінай, даказвайце, калі хочаце, хто разумнейшы. Але, калі хата гарыць, можа трэба было б усім разам і дружна тушыць агонь.

Лявон Карповіч, мястэчка Луна.

 

29.06.2012

праваабарончыя сайты