Навіны

Думкі пасля сустрэчы з “невядомым паэтам”

25 жніўня 2012 на Дзень Адраджэння аддалі даніну павагі Міхасю Явару - нашаму невядомаму паэту. Узрадавала, што на “мерапрыемстве” прысутнічалі прадстаўнікі розных пакаленняў: ад, напэўна, двухгадовага дзіцяткі, 16-ці гадовых юнакоў, маладых пар у росквіце сіл, салідных гісторыкаў і пісьменнікаў, да людзей сталага ўзросту - дзеда Лявона з вёскі Луна і 85 без некалькі дзён гадовага паважанага Алеся Мікалаевіча Белакоза. Узрадавала, што камень на беразе Нёмна ля хаты Міхася Явара нейкі цудам “пераехаў” на новае месца вышэй ад берага, а не быў знішчаны, хоць хтосьці на беразе наводзіў “парадак”. Засмуціла, што прынялі ўдзел толькі пятнаццаць чалавек, у тым ліку з мясцовых нікога, акрамя аднаго чалавека з Луны. Астатнія з Мастоў, Гародні, Гудзевіч і нават з Украіны. Дэмакраты з Мастоў пасварыліся паміж сабой, а апошнім аказаўся Міхась Явар, бо не было на ўрачыстасці прадстаўнікоў той другой плыні. Каб такі стан рэчаў быў толькі ў Мастах, невялікая бяда. Але гэта паўсюдна. Тут поўны поспех падрыўной дзейнасці КГБ. Ці ніякай іхняй заслугі тут няма, а мы самі такія спраўныя? Хіба ў Італіі жанчына ў храме “паправіла” фарбамі малюнак Хрыста на сцяне. Прыхаджане палічылі, што ня трэба нічога касаваць, хто знае, ці ні рука Божая кіравала рукой той жанчыны. І як добра, што пра гэты выпадак ня ўспела напісаць Елена Малочка. Прыклеіла б з сваёй званіцы свой ярлык, як назвала “налётчыцамі” маладых жанчын, якія ў сценах храма звярнуліся да Багародзіцы з просьбай пазбавіць іх ад Пуціна. І ўсё было б нічога, але не заплацілі. А каб заплацілі, дык хоць какай, прабачце, у тым храме. За плату ўсё можна. Дзе ж наша такая праслаўленая талерантнасць і цярпімасць? Ці не пачаць браць прыклад з цывілізаваных народаў? Частка палітыкаў прымае актыўны ўдзел у “выбарах”, прыдумаўшы апраўданне, што яны гэтак выкарыстаюць магчымасці агітаваць, распавядаць, працаваць… Але Святлана Калінкіна не чакае “выбараў” і плённа працуе кожны Божы дзень, і , магчыма, прыхоплівае і ноч. Штодзённа працуе на будучыню Уладзімір Колас праз коласаўскі ліцэй…Прыклады можна доўжыць. А некаторыя чакаюць “выбараў” , каб развярнуцца “на ўсю маладзецкую стаць”, а далей зноў адпачывай да новых “выбараў”. А хто і дзе бачыць гэтую працу? Як кажуць “днём з агнём”! Алесь Мікалаевіч трымаецца і ў свае амаль поўныя 85 прымае ўдзел у любым мерапрыемстве на карысць Беларушчыны. Гэта ўжо мясцовы прыклад для ўсіх. Вось такія ўзніклі думкі пасля сустрэчы з Міхасём Яварам…

Лявон Карповіч

26.08.2012

праваабарончыя сайты