Навіны

Правінцыйны погляд на Нацыянальную Ідэю

“Беларуская нацыянальная ідэя ёсьць. Яна існуе ад пачатку. Яе ня трэба выдумваць. Яе трэба адчуць, і сфармуляваць у словах”.

Павал Севярынец. Люблю Беларусь.

 Наша сям’я выпісвае і чытае Народную Волю ці ні з першых выпускаў і па сённяшні дзень. Не буду доўга тлумачыць, чаму. Проста яна нам адпавядае: зместам, роўнем…

   Але раз-пораз некаторыя матэрыялы выклікаюць, мякка кажучы, алергію. Вось і 11 снежня адзін толькі загаловак ужо выклікаў неразуменне: “У беларусаў няма выразна сфармуляванай нацыянальнай ідэі” !?? Гэта як бы голы чалавек, у якога няма чаго адзець, на поўным сур’ёзе сцвярджае, што ўсе людзі голыя. Ну калі ў цябе чаго няма, то, або сціпла прамаўчы, або, калі хочаш пахваліцца, то так і кажы: “У мяне няма”. Пры чым тут беларусы?

   Да Нацыянальнай Ідэі вярнуся пазней, бо не магу абыйсці яшчэ пару непрымальных для мяне выказванняў. Ну проста як з БТ звініць фраза: “Іншыя атрымліваюць грошы з Польшчы ці Літвы і, адпрацоўваюць гэтыя грошы, адстойваюць канцэпцыі на карысць гэтых дзяржаў.” Гэта значыць Белсат працуе на карысць Польшчы, а Свабода – на карысць ЗША, як сцвярджаюць усе праўладныя ідэолагі і бубніць Галоўны? Ці на ЗША не, бо ЗША не названа ў цытаце? Лічу, што тут гаворыць звычайная зайздрасць малпы да міс Свету. Хтосьці можа стварыць сапраўды важкі і патрэбны праект і атрымаць грошы на яго ажыццяўленне, а хтосьці няздольны. Вось і мучыць яго зайздрасць. Прывяду асабісты прыклад. Я распрацаваў праект “Луна –вёска Наднёманскіх легендаў” і больш за 70 чалавек, жыхароў Луны і гасцей, прайшлі маршрутам Наднёманскіх легендаў, пазналі, што такое тэматычная вёска, больш за тры гадзіны бавілі час, бралі актыўны удзел у працэсе пазнання гісторыі свайго мястэчка. Сем актывістаў з Луна былі вядучымі-арганізатарамі гэтага пазнання. Падаткаплацельшчыкі Польшчы аплацілі выдаткі. А гэта значыць, што я і сем маіх сяброў і сябровак працавалі на карысць Польшчы? Вы скажыце ім гэта ў вочы, яны вам у вочы і плюнуць. Бо кожны з іх яшчэ і рызыкаваў сваёй працай і мог займець розныя непрыемнасці ад уладаў.

   Вельмі цікавае абгрунтаванне выдання кнігаў на расейскай мове  (нібы пісьменнік, а розніцы паміж рускай і расейскай мовамі ня ведае): “…пераважная колькасць беларусаў не чытаюць і ня хочуць чытаць на беларускай мове…)? Адкуль тая статыстыка? Але далей: “Таму галоўнае – адукаваць пасіянарную частку, астатнія пойдуць, як бараны за важаком. Усё вельмі проста.”

   Дык гэта пасіянарная частка не чытае і не хоча чытаць па беларуску? Вось гэта пасіянарыі! Бо каму піша спадар пісьменнік? Не баранам жа? Як казаў малы Жырыноўскі ў показцы: “У гэтай школе ніякай логікі.”

   Гэтыя выказванні нават не падлягаюць каментару і я іх не кранаў бы, але…

   “У нас няма нацыянальнай ідэі, якую падзяляла б большасць насельніцтва. Ёсць розныя пункты гледжання, але асабіста я фармулюю нацыянальную ідэю коратка: “Беларусь перадусім”.” Адна краіна ўжо мела дакладна гэту нацыянальную ідэю: Deutschland. Deutschland uber alles, Uber alles in der Welt!  Да чаго гэта ідэя прывяла краіну і  народ усім вядома. Але каб толькі Германію! І культываваць ідэю фашызму ў Беларусі гэта больш сур’ёзна і небяспечна, чым хіханькі якойсьці дамачкі, хоць і паповай. Як для спадара няма розніцы паміж рускай і расейскай мовай, так у яго няма розніцы паміж нацыяналізмам і фашызмам. А гэта небяспечна і страшна.

   Не ўдалося мне прачытаць нічога больш прыгожага і разумнага пра Нацыянальную Ідэю, чым у Паўла Севярынца. Я яшчэ раз яго працытую: “Беларуская нацыянальная ідэя ёсьць. Яна існуе ад пачатку. Яе ня трэба выдумваць. Яе трэба адчуць, і сфармуляваць у словах”.

   Ня ведаю, чаму Павал гэтага не зрабіў. Бо, як мне падаецца, поўнасцю адпавядае яго канцэпцыі Нацыянальная Ідэя беларусаў, якая “…існуе ад пачатку. Яе ня трэба выдумваць. Яе трэба адчуць.”: Зрабі свабоднай, зрабі шчаслівай Краіну нашу і наш Народ”.

   Якім крытэрыям павінна адпавядаць Нацыянальная Ідэя? Быць зразумелай усім нават дзіцяці (і “баранам” па тэрміналогіі некаторых); прынятай усімі; заклікаючай усіх да дзеянняў, да ўдзелу; падвышаючай ролю асобы, яе статус; надаючай гонар усёй нацыі ад яе рэалізацыі; выканальнай. Усім гэтым крытэрыям словы з Гімна адпавядаюць. Акрамя таго, гэтыя словы ў Гімне звернуты да Магутнага Бога. Бог, як сведчыць Святое Пісьмо, выконвае просьбы толькі тых, хто ўвераваў. Каб увераваць, трэба зрабіць амаль немагчымае: УВЕРАВАЦЬ!

   Закончу словамі Паўла Севярынца: “Мы любім Беларусь такую, якая яна ёсьць – але любім настолькі моцна, што ня можам пакінуць такой, якая яна ёсьць.”

Жыве Беларусь!   

Лявон Карповіч з Луны

19.12.2012

праваабарончыя сайты