Навіны

“Няхай сьвеціць сьвятло ваша перад людзьмі…” (выступ, які не адбыўся)


   Напісаў я гэты выступ гадоў пяць таму з нагоды запрашэння ў складзе групы актывістаў ад нашага рэгіёну на некі вялікі і прадстаўнічы сход. На які канкрэтна, я дакладна ня помню. Нічога не мяняю, каб падкрэсліць, наколькі ў нас усё стабільна!

   Дазвольце выказаць свае думкі, якія ні ў якім разе не прэтэндуюць на абсалютную ісьціну, а зьяўляюцца толькі думкамі аднаго з жыхароў глыбінкі, з колішняга мястэчка Луна, якому цяпер прычапляюць абразлівую і недарэчную назву “агрогородок”. Такія, мякка кажучы, недарэчныя назвы ў нас ня дзіва. Пару прыкладаў. Чую, як у БТ-скрынцы кажуць: “ А вот в нашем ГрГАУ…” і г. д. Думаю, што ж гэта за звер такі? Аказалася - “Гродненский Государственный Аграрный Университет”. Гадоў з пяць таму праводзіўся конкурс на лепшае абазначэньне Беларускага рубля. Выбралі “Br”. Гучыць проста мілагучна! Але калі заглянуць у перыядычную табліцу Мендзялеева, то знайдзем там таксама Br-бром, у перакладзе з лаціны-смурод. Вось так выбралі.

   Але гэта тэмы для Міхала Задорнага. Вёску хвалююць больш празаічныя рэчы.

   Пажылую жанчыну на калгаснай працы ставяць выкідаць віламі гной з хлява і аплочваюць аж 700 рублёў (25 цэнтаў) за тону! Трэба “вывашаваць” дзьве тоны гною, каб купіць бутэльку вады. Кухарка ў дзіцячым садку зарабляе 220 000 руб. (каля 80 $) у месяц, а педагог, які вучыць дзетак музыцы, 250 000. Настаўнік у школе шчасьлівы заробку ў 500-600 тыс. З-за невыносных умоў працы і нізкай аплаты лепшыя настаўнікі пакідаюць школу. Але пра школу можна весьці асобную і доўгую размову. Толькі пару характэрных рысаў. Амаль 100% выпускнікоў школ, якія хочуць паступаць наймаюць рэпетытараў. Што яны тады робяць у школе?  І змест навучаньня і методыкі, за рэдкім выключэньнем, захаваліся ў беларускай расейскай школе на роўні горшых узораў савецкай школы ды яшчэ ў дадатак пры адсутнасьці падручнікаў, за якія з бацькоў бяруць грошы. Уяўляеце якое “ноў хаў”: заплаці за карыстаньне бібліятэкай, але карыстацца ня можаш! А выгляд школьных стадыёнаў ня толькі вясковых, але і ў абласных цэнтрах, выклікае пачуцьцё гідлівасьці і поўнай збянтэжаннасьці.

   Ці даводзілася каму з прысутных ехаць у цягніку Гародня-Кузніца праз Беларуска-Польскую мяжу? Ён заўсёды перапоўнены пераважна жанчынамі ад 30 і да 70 гадоў. Калі цягнік пачынае рух ад Гародні, ў вагонах пачынаецца працэс хаваньня цыгарэт і гарэлкі ва ўсе інтымныя жаночыя месцы і ў адкрытую. Бо схавацца няма дзе.

   Гаротны стан прымушае людзей ісьці на розныя хітрыкі ад кантрабанды некалькіх пачак цыгарэт да дабраахвотнага “сэксуальнага рабства”.

   Што ж замінае разьвіцьцю грамадзянскай супольнасьці, наладжваньню годнага жыцьця?

   Вось што назвала група вясковых актывістаў з розных мясцовасьцяў Беларусі на адной з сустрэч:

Адсутнасьць самакіраваньня.

Некампетэнтнасьць і неадукаванасьць мясцовых ворганаў улады, іх нежаданьне працаваць на грамадскую карысьць, супраціў усялякім праявам ініцыятыў, боязь не дагадзіць начальству.

Невыбарнасьць мясцовай улады.

Антынародная і антыграмадская палітычная сістэма, пры якой немагчыма рэгістрацыя суполак НГА і партый, што вядзе да немагчымасьці легальнай працы.

Атсутнасьць уласнага бюджэту.

Занядбанасьць культурных устаноў, мясцовых традыцый і гісторыі свайго краю.

Няведаньне шляхоў развіцьця і новых тэхналогій.

Аднабаковая хлуслівая інфармацыя.

Пераліваньне з горада ў вёску асацыяльных элементаў і з вёскі ў горад моладзі, што вядзе да старэньня і дэградацыі вёскі.

Калгасны лад з неэфектыўнай нізкааплачваемай працай.

Як сьледства: псіхалагічны дыскамфорт, пачуцьцё непатрэбнасьці і пакінутасьці, што вядзе да апатыі, скептыцызму, комплексу вяскоўца. На гэтай глебе расьце пьяньства, зладзейства і страх, знішчаюцца фундаментальныя жыцьцёвыя каштоўнасьці. Атсутнічае грамадская супольнасьць і прысутнічае нізкі ровень сьведамасьці.

Асобна трэба сказаць пра школу.

Школа поўнасьцю забюракратызавана.

Не зніжае тэмпаў русіфікацыя. Не вывучаецца сапраўдная Гісторыя Беларусі і лепшыя творы беларускай літаратуры.Змест навучаньньня і методыка знаходзяцца на роўні горшых савецкіх традыцыў, калі вучань для настаўніка дэбіл, а настаўнік для начальства дурань з нізкай аплатай працы, на якога загружаюць неўласьцівыя і непатрэбныя абавязкі.Адсутнічае спартыўны інвентар, абсталяваньне для сучаснага ўрока. школьнае самакіраваньне, сувязь з бацькамі, узаемапавага. Адсутнічаюць падручнікі па многім прадметам.

Гаротны стан школьных стадыёнаў. У большасьці яны наогул непрыдатныя для правядзеньня заняткаў.

   Ці ўсё так трагічна? Не. Наш “фэномэн” неяк казаў, цытую: “В 2010 году МЫ будем жить как в Европе».  Адразу ўзнікае пытаньне: “А МЫ?” Бо мы падзеленыя на бедных і багатых, на беларускамоўных і расейскамоўных, на “чэсных” і “нячэсных” і г. д. Апошні падзел на “нарот” і “врагов народа”. Пра “фэномэн” скажу трохі пазьней.

   Адразу пасьля зьезду Грамадскага аб’яднаньня “правільных палякаў” БТ распавядала пра гэту падзею і пра тое, што “няправільныя палякі” хацелі сабраць альтэрнатыўную сустрэчу, але ніхто не прыйшоў, нават сама Анжэліка Борыс не зьявілася з-за алкагольнай залежнасьці. На самой справе на сустэчы прысутнічала каля 300 чалавек (я ў тым ліку). Анжэліка Борыс усіх вітала пры сустрэчы і многа добрых слоў казала на разьвітаньне пасьля цудоўнага канцэрту.

   Ніяк не магу зразумець аўтараў такіх перадач. Ці задумваюцца яны хоць калі, што пра іх думаюць людзі – удзельнікі падзей.

   Для чаго я гэта ўсё гавару? Каб ачарніць сваю краіну? Ніхто і ніколі ня зможа яе ачарніць больш за БТ і “фэномэна”. А я гавару гэта для таго, што не хачу і ня згодзен пакідаць такую Беларусь сваім дзецям і ўнукам. Я ганаруся тым, што гэты рэжым называе такіх як я “ворагамі народа”. Гэта афіцыйнае маё апраўданьне перад дзецьмі і ўнукамі. І я хачу і буду рабіць усё, каб мая дачка, выйшаўшы на пенсію, не вязла ў Эўропу схаваныя ў трусы цыгарэты, а ехала ў Луўр і Дрэздэн, у Ватыкан і Венецыю, у Прагу і Лондан…бяз візы!

   Мне многае не падабаецца з таго, як дзейнічаюць дэмакраты прыхільнікі ўваходу Беларусі ў Эўрапейскую сямью народаў, дзе мы былі некалькі стагодзьдзяў і адкуль былі сілай вырваныя ў 1794 годе. Ды так, што да гэтай пары ня можам туды вярнуцца.

   Некалькі прыкладаў. Трымаю ў руках Беластоцкую “Ніву”, разгортваю. У сярэдзіне  “Зорка” -укладка для дзяцей. Вось яшчэ культурна-рэлігійны часопіс “Дыялог”. І тут “Приложение для детей» Пакажыце мне калі ласка нешта падобнае ў газетах на Беларусі. Можа яно ёсьць ды ў глыбінцы нічога ня ведаем? Ці можа нам працаваць на будучыню няма патрэбы? Пра газеты таксама можна доўга распавядаць. У Алеся Белакоза ёсь на гэты конт цэлая тэорыя, заснаваная на тым, што чалавек з правінцыі ня можа надрукаваць сваіх думак ні ў адной газеце, нават калі ён Алесь Белакоз. Пры гэтым, што дзіўна, не атрымліваеш ніякага адказу, нібы цябе ня чуюць, ці цябе ўвогле няма.

   Набіла аскоміну траскатня пра фэнаменальную беларускую талерантнасьць. Такое ўражаньне, што многія сарамліва прыкрываюць гэтым недахоп гонару і годнасьці.

   ЁН іх называе ворагамі народа, а яны да яго звяртаюцца “Уважаемый…”. Калі сапраўды “Уважаемый…” , то стоп машына, калі не, то навошта хлусіць? Трэба ўсё называць сваімі імёнамі.

   Нядаўна набыў цудоўную кнігу, пра “200 фэномэнаў, дзе кожны канцэнтруе грань нацыянальнай ідэі”. На жаль, найбольш мяне ўразіў “фэномэн алімпійца”. Прышлося вырваць гэту лыжку дзёгцю з бочкі мёду, бо лічу гэта зневажальным для любога спартсмена. Хай у мяне застанецца ўсяго 199 фэномэнаў.

   Давайце прымем словы Апостала на свой кошт:

   “Вы соль зямлі. Калі ж соль страціць сілу, дык чым асоліш яе? Яна ўжо ні на што не прыдатная, хіба што выкінуць яе прэч на патаптаньне людзям” Мацьвея 5:13.

   Калі мы хочам бачыць Беларусь вольнай і дэмакратычнай, то трэба гэту візію сфармуляваць як МІСІЮ. На аснове аналіза SWOT выбраць стратэгію і паставіць перад сабой  канкрэтную мэту, якая адпавядае крытэрыям  SMART. А, галоўнае, мэта павінна быць дасягнута.

   Ужо сёньня паўсюдна павінна гучаць: ЗАМЕНА!  У глыбінцы лейтматыў такі: Трэба было б замяніць, але кім? Дык давайце давядзем да КОЖНАГА: ЁСЬЦЬ ЗАМЕНА! ЗАМЕНІМ!                                ЁСЬЦЬ МЕСІЯ! ЁН ВЕДАЕ! ЁН МОЖА! ЁН ЗРОБІЦЬ! ЗЬ ІМ БУДЗЕМ УСЕ ЖЫЦЬ У ЭЎРОПЕ І ПА- ЭЎРАПЕЙСКУ.

   Застаюся пры сваёй думцы, што прыйсці да ўлады зможа толькі той, хто гэтай улады будзе хацець МАЦНЕЙ за Лукашэнку. Але не дзеля сябе, а дзеля выратавання Айчыны!

   Дазвольце закончыць словамі зь Бібліі.

   “І запаліўшы сьвячу , ня ставяць яе пад пасудзінаю, а на сьвечніку, сьвеціць усім, хто ў доме. Так няхай сьвеціць сьвятло ваша перад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя ўчынкі і ўслалялі Айца вашага, Які ёсьць у нябёсах” Мацьвея 5:15-16.

Гэта  слова Божае.

 

Лявон Карповіч

16.02.2013

праваабарончыя сайты