Навіны

Песімізм аптыміста або “япою”

 

Давялося мне ўдзельнічаць у справаздачна-выбарчым сходзе саліднай і, як я лічу, найбольш паспяховай грамадскай арганізацыі. Каротка пра поспехі можна сказаць наступнае: арганізацыя змагла пабудаваць у самым цэнтры абласнога горада свой вялізны будынак, у процілегласць таму, як многія амбітныя ГА арандуюць каморкі і просяць грошы ў сябраў сваіх арганізацый на аплату арэнды; на сходзе прысутнічала амаль чатырыста сябраў арганізацыі. Але размова не пра гэта. 

   У час перапынку, калі адбывалася галасаванне, людзі гуртаваліся ў групкі і пра нешта сваё размаўлялі. Воляй лёсу я трапіў у такую групку вакол консула суседняй краіны. Калі наступіла паўза ў размове, консул з вышыні свайго, хіба двухмятровага росту, акінуў позіркам залю і ў задуменні сказаў: “ Не, ніякіх змен у бліжэйшы час у Беларусі чакаць ня варта.” Я з хвіліну пераварваў сэнс яго сказу і ня змог не задаць пытанне: “Але чаму вы так лічыце?” У скароце адказ быў такі. Дадзеная грамадская арганізацыя паспяхова існуе 20 гадоў. ГА ствараюцца, каб вырашаць пэўныя грамадскія праблемы, але ня толькі. У ГА сябры павінны вучыцца і развівацца. Асабліва ў развіваючыхся краінах. І выбарчы сход павінен служыць ня толькі для абрання Старшыні ГА, але і для паказу, якімі павінны быць выбары. Наогул, што такое выбары ў дэмакратычным грамадстве!? Асабліва гэта важна ў краіне, дзе на дзяржаўным роўні выбараў няма. Але дваццаць гадоў у гэтай, а думаю, што ў пераважнай большасці ГА, адбываюцца  не выбары, а галасаванне. Бо альтэрнатыўных кандыдатаў няма. І тут апошняя дыктатура ў Еўропе пайшла далей за ГА: яна, бывае, дапускае альтэрнатыву. Праўда глушачы яе сваімі спосабамі, але гэта іншая размова. “Вось чаму я зрабіў такую выснову”,- сказаў у завяршэнне консул. Мне не было чым запярэчыць…

   Неяк сядзелі мы з сваім сябрам, з якім сустракаемся ня так часта, перад “скрынкаю”, па якой сярод іншага паказвалі фрагменты збівання мірных дэманстрантаў “белаРускім ОМОНам, хапання людзей нейкімі пачварамі ў цывільным …І мой суразмоўца, адыходзячы ад тэмы нашай размовы, раптам сказаў: “ Не, ніякіх змен у бліжэйшы час на Беларусі чакаць ня варта.”

   “Чаму?”- збянтэжаны ад нечаканасці, запытаўся я. І пачуў такі адказ: “Паглядзі, гэтыя вырадкі ў цывільным хапаюць дзяўчынку, амаль дзіця, б’юць, валакуць, кідаюць як бервяно ў машыну, дзе будуць далей з яе здзекавацца! І я не ўбачыў ні аднаго выпадку, каб за яе ўступіўся малады чалавек, ці, наогул, мужчына… Бывае адбіваюць у гэтых сцярвятнікаў ахвяру. Але, заўваж! Хто? Жанчыны, размахваючы сваімі сумачкамі з жаночымі прычындаламі! Нават мужчын, бывае, адбіваюць! Бо гэтыя сцярвятнікі ў большасці баязліўцы.  Няма мужчын на Беларусі. Вось чаму я зрабіў такую выснову”.

“Телеканал ОНТ. Беларусь. Детский музыкальный конкурс "Я пою!"


 «Проект побил все рекорды по зрительскому вниманию, и в этом большая заслуга "детей с нелегкой судьбой, получивших возможность выйти на большую сцену и сказать всей стране: "Я пою!".

   Талантливые ребята из детских домов, многодетных и неполных семей вновь получили возможность выйти на большую сцену и сказать всей стране: «Я пою!».

   Зрители не услышат ни одной песни под фонограмму – только живой звук. Все артисты выступают в сопровождении Президентского оркестра Республики Беларусь под управлением Виктора Бабарикина.

   Прокомментируют выступления ребят эксперты проекта – певица Искуи Абалян, певец Иван Вабищевич, чемпионка мира по велоспорту Наталья Цилинская, а также педагог и художественный руководитель конкурса Светлана Стаценко. Ведущий проекта: режиссер театра и кино, отец шестерых детей – Дмитрий Астрахан”. Дадам ад сябе, пра што сціпла замоўчана – “российский режиссёр театра и кино, заслуженный деятель искусств России”.

   І гэта праўда. Можна нават дадаць, што гэта быў сапраўдны феерверк прыгожых дзіцячых выступаў і бацькоўскіх ды глядацкіх эмоцый. Не раз на вачах гледачоў блішчалі слёзы, далоні, напэўна, яшчэ ні адзін дзень будуць балець ад шчырых апладысментаў…Ну проста з’явіўся да гэтых дзетак “волшебнік”! Але ў мяне чамусьці гэтае шоў выклікала зусім іншыя думкі і эмоцыі. І я дазволіў сабе іх выказаць. Нязгодных гатовы выслухаць. Магчыма я памыляюся…І я не супраць, каб гэта было так.

   Якія толькі ханы не рваліся на Беларусь цягам яе шматвяковай гісторыі…Яшчэ з школьных партаў памятаем Чынгізхана, Бату хана…Неяк адбіваліся, не давалі браць ясыр, не было янычар з беларусаў…І вось дачакаліся АстраХана. Гэта хан цывілізаваны, таму прыёмы ў яго таксама “цывілізаваныя”. Навошта вайна, ясыр?  Ён у сваіх ахвяр-дзетак беларускіх “пракручвае ў сваіх мясарубках мазгі, не пакідаючы вонкавых слядоў.” Потым яны ўжо самы прыедуць і будуць у гарэмах, будуць у атрадах янычараў…Пракручванне мазгоў абстаўляецца так па-майстэрску, што ўсе шчаслівыя. Шчаслівыя дзеці, якія не разумеюць, што з імі адбываецца. Як, магчыма назаўсёды, ломіцца ня толькі іх жыццё, але іх “Я”. Шчаслівыя ў сваім няшчасці бацькі. Яны ўбачылі мажлівасць у сваіх дзяцей вырвацца з таго калгасу, у якім жывуць самі…,застаючыся няшчаснымі ў сваім шчасці. А якія шчаслівыя “Педагоги-умничкі”, ці “умничкі-педагоги?” Яны на гэтым “сьвяце фаршу” самыя зорныя зоркі.  Вось “педагог-умничка” маналагуе: … такой органичный ребёнок, так органично вписывается в своё родное…Но мы ему сказалі: “Будеш петь «Танцы»!”

   І ўрэшце аніводнай песні па-беларуску… Ні аднаго СЛОВА па-беларуску! Не, схлусіў я. Бываюць праколы. Адбыўся цуд:

“…Белы сьнег, белы сьнег, белы сьнег, белы клён

Белы сьнег, белы сьнег, белы сьнег, белы сон

Як паходня твой шаль ружавее

На зямлi я i ты i завея

І вакол нi вачэй, нi вакон

І вакол нi вачэй, нi акон…”

   “Завіруха” зачаравала залю. Амаль усе раптам перасталі пляскаць, перасталі нават быць шчаслівымі. Усе сталі слухачамі, усіх (гэта мне так хочацца, ну амаль усіх) зачаравала “Завіруха”! І ў гэтай Завірусе я шукаю карані свайго аптымізму, песімістычна заяўляючы, пакуль Ханы беспакарана будуць гаспадарыць на нашай зямлі, “пракручваючы мазгі праз мясарубкі”:

 “Не, ніякіх змен у бліжэйшы час у Беларусі чакаць ня варта”. “Япою”…

Вы можаце запярэчыць? Я слухаю.

Лявон Карповіч

Луна, сакавік 2013

 

 

22.03.2013

праваабарончыя сайты