Навіны
Уваскрасенне Хрыстова на марках
Хрыстос Уваскрос!
Пасля Вялікай пятніцы прыходзіць Нядзеля Ўваскрасення: сярод густой цемені знявагі, ганьбавання, прыніжэння, сумневу, адзіноты, пакінутасці, бяссілля, хваробы, вернікі знаходзяць уцеху ў святле, якое праменіць з твару Уваскрослага Хрыста.
У чатырох Евангеллях апісваюцца падзеі, звязаныя з Уваскрасеннем. Хоць апісанні гэтыя розняцца, але яны з'яўляюцца сведчаннем Апосталаў, як сведкаў Уваскрасення, і не з'яўляюцца незалежнымі, але пранікаюць наўзаем, дапаўняць і ўтвараюць адзіную цэласць. У поўнай згодзе асноўныя элементы: пусты гроб, сведчанне святых жанчын, з'яўленне Ісуса дванаццаці Апосталам.
"У першы ж дзень тыдня Марыя Магдаліна прыходзіць да магілы раніцай, яшчэ прыцемкам, і бачыць, што камень адвалены ад магілы;"(Яна 20: 1). Спяшалася да гробу, каб намазаць пахучым маслам мёртвае цела свайго ўмілаванага Госпада. Ня ведае яшчэ ў гэты момант, што прыходзіць, каб прыняць не ведаючае захаду святло Уваскрасення. Бачыць пустую магілу і напаўняе яе страх, што цела можа быць скрадзена. "і вось бяжыць, і прыходзіць да Сымона Пятра і да другога вучня, якога любіў Ісус, і кажа ім: знеслі Госпада з магілы, і ня ведаем, дзе паклалі Яго." (яна 20:2). Гаворыць "ня ведаем" - у множным ліку, значыць была не адна, што ўдакладняюць іншыя Евангелісты. "Кажа ім: знеслі Госпада з магілы" - яшчэ надзея не пакінула яе сэрца. Але не дапускала думкі, што Хрыстос мог Уваскрэснуць.
"Адразу выйшаў Пётр і другі вучань, і пайшлі да магілы; яны пабеглі абодва разам; але другі вучань бег хутчэй за Пятра, і прыйшоў да магілы першы, і нахіліўшыся, убачыў палотны, якія там ляжалі: але не ўвайшоў у магілу." (Яна 20:4-5). Маем тут знак, што Ян лічыць Пятра больш заслужаным, маючым большую ўладу за яго.
"Следам за ім прыходзіць Сымон-Пётр, і ўваходзіць у магілу, і бачыць адны палотны, якія там ляжалі, і хустку, якая была на галаве Ягонай, не з палотнамі яна ляжала, а асобна, скручаная, на іншым месцы”. Звяртае на сябе ўвагу дакладнасць, з якой апісаны падрабязнасці ўбачанага.
"Тады ўвайшоў і другі вучань, што прыбег раней да магілы, і ўбачыў, і ўвераваў;" (Яна 20:6-8).
"Убачыў і ўвераваў". Апавяданне дасягае тут свайго апагею.
На марцы, выпушчанай поштай Венгрыі ў 1980 г. бачым Святых жанчын, якія з пахучымі масламі прыйшлі, каб памазаць цела Госпада. Выраз іх твару і , нават, становішча фігур цел паказваюць іх здзіўленне і неразуменне таго, што адбылося.
На марцы пошты Польшчы (2001 г.) відарыс адпавядае Евангельскаму тэксту: адвалены камень, анёл у белым, як снег, адзенні і пусты гроб.
Самога Ўваскрасення ніхто ня бачыў. Евангеліст Мацьвей апісвае падзеі так: "Як прайшла субота, на світанні першага дня тыдня, прыйшла Марыя Магдаліна і другая Марыя паглядзець магілу. І вось, зрабіўся вялікі землятрус, бо анёл Гасподні, які сышоў з неба, прыступіўшы, адваліў камень ад уваходу ў магілу і сядзеў на ім; выгляд жа ягоны быў, як маланка, і ўбранне ягонае белае, як снег. І ад страху перад ім затрымцелі вартаўнікі, і сталі як мёртвыя. Анёл жа, прамаўляючы да жанчын, сказаў: ня бойцеся вы; бо ведаю, што вы шукаеце Ісуса ўкрыжаванага; няма Яго тут; Ён уваскрэс, як сказаў; падыдзеце, пабачце месца, дзе ляжаў Гасподзь; ды ідзіце хутчэй, скажыце вучням Ягоным, што Ён уваскрэс з мёртвых і сустрэне вас у Галілеі: там Яго ўбачыце; вось я сказаў вам. І пайшоўшы спешна ад магілы, яны са страхам і радасцю вялікаю пабеглі паведаміць вучням Ягоным;" (Мацьвея 28:1-8).
Мастакі Ў сваім праслаўленні Ўваскрасення ў поўні дадалі згодна сваім уяўленням тое, што не апісана Евангелістамі. Першая спроба адлюстраваць Уваскрасенне Хрыста знаходзіцца на адной з мініяцюр Атонаўскага Евангелля (Мюнхен, Дзяржаўная Бібліятэка). Але да сярэдзіны 12 стагоддзя не было прынятае дэманстраваць цялеснае Уваскрасенне Хрыста. Такая выява з’яўляецца ў Ратманскім імшале серэдзіны 12 ст. (Хільдэсхейм, кафедральны сабор). Хрыстос пераступае праз пярэдні край саркафагу, трымаючы ў руцэ крыж з замацаваным на ім бел-чырвона-белым сцягам. З гэтага часу бел-чырвона-белы сцяг-сімвал перамогі Хрыста над смерцю – становіцца характэрнай асаблівасцю наступных адлюстраванняў Уваскрасення.
Выразна бел-чырвона-белы сцяг
відаць на марцы пошты Польшчы, выдадзенай у 1999 годзе.
Пошта Рэспублікі Сербскай выпусціла марку з рэпрадукцыяй карціны Маціяса Груневальда "Ўваскрэсенне Хрыста" (Ізенхеймскі алтар. Кальмар.Музей Унтэрліндэн). Хрыстос, вызвалены Анёлам ад каменя, сімвалізуючага Стары Запавет, уздымаецца ў паветра ў асляпляльным святле да нябёсаў.
Больш інфармацыі, чым на марках, размяшчаецца на блоках, дзе часта адлюстроўваецца не фрагмент, рэпрадукцыя цэлага твору мастака.
Прыкладамі такіх выданняў могуць быць блокі, выдадзеныя поштай Бразіліі ў 1983 годзе , на якім адлюстравана рэпрадукцыя карціны Рафаэля “Ўваскрасенне”, поштай краіны Сан-Тамэ і Прынсіпі (2004 г.) з рэпрадукцыяй карціны П'ера Дэла Франчэска, поштай Ватыкана
(2005 г.) з рэпрадукцыяй карціны Перуджына.
Фрэска П'ера Дэла Франчэска "Ўваскрасенне Хрыста" выканана ім у 1460 годзе і знаходзіцца ў музеі Борга-Сансеполькра (Таскана) - роднага горада мастака. Ісус Хрыстос у ружовай тозе, не закрываючай рану, стаіць, яшчэ ня вызвалены ад зямной цялеснасці з сцягам-сімвалам Уваскрэсення. Ён узвышаецца над чатырма салдатамі, якія спяць, і іх сон - гэта сон той часткі людзей, якіх не кранула Боскае святло. Пейзаж за плячыма Хрыста таксама сімвалічна падзелены на дзве часткі: злева - голыя чорныя дрэвы на пустой зямлі, справа - веснавы росквіт прыроды. Гэта напамін аб наступе новай гісторыі ў жыцці чалавецтва, напоўненай любоўю, якая пачынаецца з Уваскрасення Хрыста.
Напэўна многія з нас зайздросцяць тым двум вучням. Яны беглі, убачылі і паверылі. Гэта дала ім права на наступныя спатканні з Уваскросшым. Але не пакінуты мы сіротамі. Хтосьці ў гэтыя Святочныя дні будзе ісці з пахучымі рэчывамі да Труны Гасподняй, хтосьці будзе бегчы, яшчэ не ўсведамляючы, што хочуць убачыць і да чаго прыйсці, хтосьці будзе спаць, аставацца абыякавым, хтосьці за грошы будзе распаўсюджваць звесткі, што ніякага Уваскрасення не было, хтосьці... Але як гэта не дзіўна, Хрыстос памёр у ганьбе і муках на крыжы для ўсіх і для ўсіх паўстаў з мёртвых. Калі знойдзецца хоць адзін, каторы не ўбачыўшы паверыць, то ахвяра Хрыста не была дарэмнай і той "дабрашчасны". І Уваскрасенне Хрыстова найвялікшае Свята ня толькі таму, што дае шанец кожнаму, але і таму, што "апраўданне грэшніка ёсць яшчэ большым цудам Божым чым стварэнне свету".
Лявон Карповіч