Навіны

Палітвязень Аляксандр Францкевіч на волі

На волю выйшаў палітвязень Аляксандр Францкевіч. Ён правёў тры гады ў івацэвіцкай калоніі “Воўчыя норы” па справе анархістаў. Аляксандр Ярашэвіч сустрэў Аляксандра Францкевіча з-за турэмнай агароджы.

Аляксандр Францкевіч: Мяне вызвалілі адразу пасля пад'ёму, хоць я думаў, што вызваляць у 9 гадзін. Паднялі, сказалі, што даюць 10 хвілін, каб апрануцца. Я выпіў кавы, развітаўся з зэкамі і пайшоў. Крыху нечакана.

РР: І што адразу адчуў?

Аляксандр Францкевіч: Спачатку я нічога не адчуў, бо ўсё гэта было так нечакана. Яшчэ на той момант не ўсё усведамляў. Зараз разумею, што не мушу ўжо браць ежу праз «кармушку» і г.д.

РР: А як ты ўвогуле ацэньваеш умовы ўтрымання ў калоніі?

Аляксандр Францкевіч: Калі параўноўваць паміж беларускімі калоніямі, то «Воўчыя норы» больш-менш санаторый. Але ўмовы ўтрымання антыгуманныя ў любым выпадку, а ў беларускіх турмах тым больш.

Зняволеных пазбаўляюць інфармацыі, сустрэчаў з роднымі, ежы. Таму, акрамя свабоды, іх пазбаўляюць яшчэ і многага іншага, гэтым самым здзяйсняецца ціск на іх псіхіку. І тут не мае значэння, ці палітзняволены ты, ці не. Мэта сістэмы – зламаць чалавека.

РР: І ўсё гэта ты адчуў там?

Аляксандр Францкевіч: Канешне, як і любы іншы зэк. Выключнасць маёй сітуацыі была ў тым, што адміністрацыя ціснула на мяне не з мэтай змяніць мой характар і паводзіны ў калоніі, а «выбіць» прашэнне пра памілаванне. У прынцыпе, падобныя меры ўздзеяння я бачыў у дачыненні і да іншых зняволеных. У некаторай ступені з-за адсутнасці грамадскай ўвагі да іншых зняволеных незалежна ад таго, за што яны пакараныя, яны знаходзяцца ў больш небяспечнай сітуацыі.

РР: Што было самым цяжкім выпрабаваннем?

Аляксандр Францкевіч: Здрада сяброў, у першую чаргу. Таксама ўсё, што адбываецца ў гэтай сістэме. За кратамі было цяжка ўсведамляць, што тыя тэндэнцыя, якія я хацеў бы бачыць у развіцці, прыйшлі ў заняпад. Але спадзяюся, што заняпад зменіцца ростам. І мы атрымаем сваё.

РР: Што менавіта?

Аляксандр Францкевіч: Свабоду. Роўнасць. Братэрства.

РР: Скажы, а як ставіліся да цябе іншыя вязні ў калоніі?

Аляксандр Францкевіч: Па-рознаму. Сярод зняволеных пануе атмасфера цынізму. Людзі не ўспрымаюць шчыра нейкія ідэі, прынцыпы. Але пры гэтым сярод іх застаюцца тыя, якія маюць свае прынцыпы і перакананні. З такімі людзьмі мне было вельмі лёгка. Вядома, з тымі, якія ўсё хацелі счарніць і апашліць, мне было цяжка, але ўсё роўна даводзілася мець зносіны, бо сядзелі ў адных секцыях, у адных камерах.

РР: Ці адчуваў сувязь са знешнім светам, ці адчуваў салідарнасць?

Аляксандр Францкевіч: Канешне. Мне шмат пісалі. Некалькі разоў бачыў пра сябе ў прэсе – было прыемна. Падтрымку адчуваў нават у той момант, калі сядзеў на Валадарскага і мяне пазбаўлялі лістоў. І нават тады я ведаў, што мяне падтрымліваюць, і гэта дапамагала трымацца, быць верным сваім прынцыпам і перакананням.

РР: Чым плануеш займацца?

Аляксандр Францкевіч: Я планую далей браць удзел у анархічным руху. Так як мяне пазбавілі падпольнага статусу, то я буду дзейнічаць адкрыта. Магчыма, нейкім чынам я дапамагу таварышам, якія знаходзяцца ў зняволенні.

Я лічу, што турэмны інстытут – гэта крывадушная і цалкам несправядлівая сістэма, якой увогуле не мусіць быць.

Паводле Аляксандра Францкевіча, на працягу шасці месяцаў за ім ўсталяваны нагляд. Ён мусіць час ад часу адзначацца ў міліцыі ды быць дома з 22.00 да 6.00.

Гутарыў Аляксандр Ярашэвіч, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Хлопца выпусцілі з калоніі “Воўчыя норы”, што ля Івацэвічаў, а 6-ай гадзіне раніцы. Маці, сябры і аднадумцы спазніліся з прычыны даглядаў патрулём міліцыі. Агулам з журналістамі дабралося на сустрэчу 13 чалавек. Аляксандр пачувае сябе бадзёра і як зазначае, толькі ўзмацніў свае перакананні.

Аляксандр Францкевіч:

- Я лічу, калі чалавек мае прынцыпы, то і правакатары не будуць яму перашкодай. Я лічу, што ўсё не так страшна. Зараз ствараецца такая атмасфера, што ў турме вельмі страшна, што імгненна вас зломяць. Чалавек з перакананнямі вытрымае, гэта не ўчынак нейкага героя.

Аляксандр быў асуджаны на 3 гады пазбаўлення волі па некалькіх абвінавачваннях па так званай справе анархістаў. Як зазначае сам хлопец, свае палітычныя перакананні ён не змяніў, яны толькі ўзмацніліся. Былога палітвязня чакае 6-ці месяцовы прэвентыўны нагляд.

03.09.2013 Тэгі: акцыі, затрыманьні

Архіў

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты