Навіны

Хвалі…

 

   У “звычайнага” чалавека слова “хваля” выклікае думкі ці ўспаміны пра мора. Але для навукоўца, гэта куды больш шырокі панятак. Таму, хоць Беларусь не марская дзяржава (у некаторых асоб не знікаюць мары пра гэта), можна смела казаць, што нашу краіну накрыла хваля афрыканскай чумы. І хоць гэта хваля зусім не марская, але папярэдзіў яе, як і марскую, шум і гам, які плаўна перайшоў у бесперапынны свінячы віскат цягам некалькі сутак. Шумела ўсё – ад старэнькіх бабулек-пенсіянерак да фермераў-бізнесменаў, ад “сапсаванага тэлефона” да сацыяльных сетак… І толькі ўлада, “як рыба аб лёд”. Якіх толькі чутак не прынесла гэта шумавая атака: “АМОН” налятае, забірае паліць, начальства – лютуе-палохае штрафамі, абяцаюць цукерку: хто павязе сваіх парсючкоў здаваць: аж па 17 000 за 1 кг і па 9 000 за свінаматку…, а калі не здасі, то ніякай кампенсацыі… І пачаўся “варфаламееўскі” тыдзень для свіней… З гарадоў пацягнуліся калоны легкавікоў: дзеці імчалі да бацькоў і дзядуляў рэзаць, калоць, страляць, смаліць і вывозіць свежаніну. Расстаўленыя паўсюдна міліцэйскія блок-пасты кіроўцы аб’язджалі вакольнымі палявымі  і ляснымі дарогамі. Паралельна разгрузілі ўсе склады, забітыя да гэтага халадзільнікамі і маразільнікамі. Цяпер у вялікай колькасці людзей гэтых шэдэўраў беларускай вытворчасці па 3-4 на сям’ю. Калі свіны віск паволі сціх, па нашай вёсцы стала ездзіць дэлегацыя. У легкавушку набіліся работнікі сельсавету, ідэолагі, ветэрынары… Разнёсся слых, што бяруць распіскі, хто яшчэ ня ўсё замардаваў, тэрмінова дамардаваць, а не – то будзе штраф. У людзей засталіся толькі маленькія парасяты, забіваць якіх па сялянскіх мерках няма ніякага сэнсу ды і рука не паднялася. Гэта толькі абраныя свету гэтага знаюць смак малочнага парасяці…

   Пад’ехалі і да нашых варотаў. Гаспадыня адразу заявіла, што на падворак нікога пускаць ня будзе і папрасіла паказаць дакуманты, якія засведчаць асобу і паўнамоцтвы, а таксама пастанову мясцовай ўлады, якую трэба выконваць. Ні пасведчанняў, ні адпаведнай пастановы ў наведвальнікаў не аказалася. Ніякага рашэння ніхто не прымаў і канкрэтных граніц санітарнай зоны не акрэсліў. На пытанне назваць прозвішча і пасаду асобы, якая іх паслала, дэлегаты хуценька ўладкаваліся ў легкавушку і з’ехалі, больш не заходзячы ні ў адзін дом на нашай вуліцы. Карацей, уцяклі…

Цяпер хваля афрыканскай чумы прыняла стаячы стан. Людзі паціху пачалі набываць маладняк.  Куды падзець дробную бульбу, тоны гарбузоў і буракоў з прысядзібных палеткаў? Хоць сяляне разумеюць, што афрыканская чума вельмі небяспечнае захворванне і выканалі б усе патрабаванні, каб у прадстаўнікоў улады была хоць кропелька павагі да людзей і не розуму нават (адкуль яму ўзяцца!), а элементарнай развагі…

   Каб быў той розум, то навошта будаваць свінакомплексы бліжэй тых самых 5 км ад вёсак? Ад лесу?

Цяпер жа “чума” навалілася на дзікіх свіней. Яны сталі служыць “ахвярнымі казламі”.

“Опасность АЧС в Беларуси будет существовать до тех пор, пока в лесах живет дикий кабан. Риск возникновения новых вспышек этого заболевания существует, пока дикие кабаны не уничтожены”, – заявіў надоечы ў эфіры тэлепраграмы “Актуальнае інтэрв'ю” на тэлеканале “Беларусь-1” дырэктар Інстытута эксперыментальнай ветэрынарыі імя С.М. Вышалескага Анатоль Гусеў.

    “У Беларусі пакуль невядома афіцыйна пацверджаных выпадкаў выяўлення віруса АЧС ад дзіка”, - кажа доктар ветэрынарных навук, загадчык сектарам паляўніцтвазнаўства і рэсурсаў паляўнічай фауны цэнтра Юры Лях. Але дзік, які мігруе з месца на месца ў пошуках корму – патэнцыйны разносчык заразы, і ад граху далей вырашана правесці яго “дэпапуляцыю”. У раёнах, дзе фіксаваліся выпадкі АЧС, – знішчыць кабана стоадсоткава, у астатніх – звесці яго колькасць да мінімуму”. Які гэты мінімум – ніхто толкам сказаць не можа.

   “Механічна вірус могуць распаўсюджваць людзі, розныя віды хатніх жывёл, казюркі, грызуны, якія знаходзіліся ў эпізадычным агмені ці на інфікаванай тэрыторыі аб’ектаў (бойняў, складоў і т. п.).”    (Чытаць цалкам:  http://news.tut.by/society/363700.htm)

   Дык можа найлепшы варыянт выбіць усіх  “механічных распаўсюджвальнікаў”: “розныя выгляды хатніх жывёл, казюрак, грызуноў і… людзей, якія знаходзіліся ў эпізадычным агмені ці на інфікаванай тэрыторыі”?!

Луна, Лявон Карповіч, кастрычнік 2013

 

14.10.2013

праваабарончыя сайты