Навіны

13 заявак на пікеты – 13 адмоваў!

Актывісты па стварэнні беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі ў Гарадзенскай вобласці атрымалі 13 адмоваў з 13 заявак на правядзенне інфармацыйных пікетаў у розных гарадах. Тэматыка заяўленых пікетаў была наступная – інфармаванне насельніцтва пра праблемы ўсталявання малога памежнага руху. Цікава, што ўсе заяўкі на розныя дні былі пададзеныя адным чалавекам – грамадска-палітычным актывістам Анатолем Макаравым. На свае заяўкі ён атрымаў адмовы з Астравецкага, Ашмянскага, Бераставіцкага, Ваўкавыскага, Воранаўскага, Іўеўскага, Лідскага, Мастоўскага, Свіслацкага, Смаргонскага, Шчучынскага раённых выканаўчых камітэтаў, а таксама Гарадзенскага і Скідзельскага гарвыканкамаў.

   Пераважная частка адмоваў тлумачыцца неадпаведнасцю ўказанага месца правядзення пікету і тым, што заяўнікам не заключаны пагадненні з адпаведнымі службамі па прыбіранні тэрыторыі, ахове грамадскага парадку, забеспячэння медыцынскага абслугоўвання. Сярод адмоваў сустракаюцца і арыгінальныя: так у адказе Мастоўскага выканкаму адмова тлумачыцца тым, што ў заяўлены дзень на месцы мяркуемага пікету адбудзецца мерапрыемства “Добры дзень, школа!”, а ў адказе Іўеўскага выканкаму, найбольш лаканічным, гаворыцца, што пікет немагчымы ў звязку з тым, што 6 верасня мясцовы прамысловы рынак не працуе. А Бераставіцкі і Ваўкавыскі райвыканкамы парушылі заканадаўства аб мовах Рэспублікі Беларусь, прыслаўшы адказы заяўніку не на беларускай мове звароту, а на расейскай мове. Такія адказы даслалі старшыня Бераставіцкага выканкаму Антон Кулісевіч і намеснік старшыні Ваўкавыскага выканкаму Уладзімір Захарчук. У адказе  з Бераставіцы на заяўку наўпрост сказана: “Запретить Макарову А.П. проведение массового мероприятия”.

   Каардынатар па стварэнні БХД на Гарадзеншчыне Мікалай Баўсюк, каментуючы сітуацыю, кажа, што яшчэ раз пацвердзілася – атрымаць права на правядзенне інфармацыйнага пікету ў вобласці папросту немагчыма. Адмовы чыноўнікаў ён лічыць надуманымі і праявай сапраўднага бюракратызму. Акрамя гэтага Мікалай Баўсюк кажа, што улады папросту ня хочуць уводзінаў малога памежнага руху.

05.09.2014

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты