Навіны

Гарадзенскі абласны суд не задаволіў касацыйную скаргу журналіста Андрэя Мялешкі

 

Разгляд касацыйнай скаргі журналіста-фрылансера Андрэя Мялешкі ў Гарадзенскім абласным судзе скончыўся прадказальна. Нягледзячы на ўсе довады аштрафаванага і аргументы ягонага адваката, суддзя Святлана Даўгашэй падтрымала рашэнне Гарадзенскага раённага суду.

Абарона пакаранага журналіста грунтавалася найперш на тым, што ў матэрыялах адміністрацыйнай справы няма ніякіх доказаў здзяйснення ім правапарушэння. Напомнім, што 7 кастрычніка суддзя Ганна Лявусік не ўзяла пад увагу ні парушэнні і юрыдычную непісьменнасць з боку міліцыі, ні поўную адсутнасць доказаў віны Андрэя Мялешкі, ні неадпаведнасць адміністрацыйнага артыкулу сутнасці рэчаў і пакарала незалежнага журналіста адміністрацыйным штрафам – 35 базавых велічыняў.

 

   Каментар, які даў навуковец Гарадзенскага ўніверсітэту Алег Созінаў Андрэю Мялешку ў час экалагічнага семінару 26 жніўня, даў абсурдную падставу супрацоўнікам міліцыі пачаць адміністрацыйную справу супраць незалежнага журналіста. У той дзень у будынку сельскага клубу вёскі Канюхі праходзіў навуковы семінар, прысвечаны заказніку “Нёманская Свіслач”. Пазней фрагмент гэтага каментара быў размешчаны на інтэрнэт-сайце Беларускага Радыё Рацыя, а таксама на некаторых іншых інтэрнэт-рэсурсах. Пратакол пра нібыта адміністрацыйнае правапарушэнне складаўся міліцыяй без прысутнасці Мялешкі, якога нават не папярэдзілі, што супраць яго вядзецца адміністрацыйная справа. У матэрыялах справы ўвогуле не знайшлося нічога, што б даказвала віну Андрэя Мялешкі. Але ён ужо другі раз за гэты год быў пакараны паводле артыкулу 22.9 частка два (незаконны выраб і распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі).

   Зараз Андрэй Мялешка мае намер падаваць скаргу ў вышэйшыя інстанцыі, журналіст збіраецца давесці сваю справу да Камітэту па правах чалавека ААН.

 

 

31.10.2014

Відэа

праваабарончыя сайты