Навіны

Штрафы журналісту Андрэю Мялешку ўсё растуць

   2 снежня да чарговага штрафу паводле артыкулу Адміністрацыйнага кодэксу 22.9, частка 2 (незаконны выраб і распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі) быў засуджаны гарадзенскі журналіст-фрылансер Андрэй Мялешка. Паводле пастановы суддзі Ленінскага раённага суду Юрыя Казакевіча ён аштрафаваны на 40 базавых велічынь, што складае 6 мільёнаў беларускіх рублёў.

   16 кастрычніка бягучага году Андрэй Мялешка ў абласной бібліятэцы імя Карскага на прэзентацыі гістарычных выданняў запісаў кароткі каментар аднаго з аўтараў кніжкі – прафесара Гарадзенскага ўніверсітэту імя Янкі Купалы Валерыя Чарапіцы. Пазней аўдыёфрагмент з гэтай, а магчыма іншай размовы, быў змешчаны на сайце Беларускага Радыё Рацыя. Ленінскі РАУС пачаў па гэтым факце ў дачыненні Мялешкі адміністрацыйную справу. На судовым працэсе першым сведкам выступаў загадчык кафедры славянскіх дзяржаваў Валерый Чарапіца, які пацвердзіў факт таго, што ён даваў каментар Мялешку. Іншая ж сведка – Тамара Піваврчык зусім заблыталася ў сваіх паказаннях. Так, у пратаколе апытання, складзеным міліцыяй, яна сцвярджала, што дакладна бачыла, як Мялешка браў інтэрв’ю ў Чарапіцы. На працэсе ж сцвярджала зусім адваротнае, а на пытанні суддзі не магла выразна сфармуляваць свае адказы. Пікантнасць сітуацыі ў тым, што Піваварчык Тамара Анатолеўна ўзначальвае кафедру журналістыкі Гарадзенскага купалаўскага ўніверсітэту.

   У выніку разгляду справы, якая доўжылася менш паўтары гадзіны з перапынкам, суддзя Юрый Казакевіч, нягледзячы на адсутнасць доказаў віны Андрэя Мялешкі і неадпаведнасць адміністрацыйнага артыкулу сутнасці сітуацыі, прызнаў журналіста вінаватым і пакараў яго вялікім штрафам. Раней, 4 красавіка бягучага году, гэты ж суддзя асудзіў па тым жа артыкуле на 30 базавых штрафу іншага гарадзенскага журналіста-фрылансера – Алеся Дзянісава.

  Напомнім, што гэта ўжо трэці аналагічны штраф Андрэю Мялешку за журналісцкую дзейнасць. 16 чэрвеня ў судзе Кастрычніцкага раёну Гародні намеснік старшыні гэтага  суду Дзмітрый Кедаль пакараў фрылансера на 30 базавых велічынь, а 7 кастрычніка ў Гарадзенскім раённым судзе суддзя Ганна Лявусік “выпісала” журналісту штраф 35 базавых велічыняў.

   Пераслед незалежных журналістаў на Гарадзеншчыне працягваецца. Чарговая справу пачаў Слонімскі РАУС у дачыненні да журналіста Алеся Залеўскага.

02.12.2014

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты