Навіны

Памяці Сябра. 30 красавіка споўнілася б 70 гадоў Віктару Дубіцкаму

 

Віктар Дубіцкі, беларускі настаўнік, сябра КХП БНФ нарадзіўся 30 красавіка 1945 году в. Сьліжы Пескаўскія на Мастоўшчыне. Настаўнічаў у Мастоўскім раёне у некалькіх школах, але найбольш у Луне, дзе й жыў з сям’ёй. Калегі па працы ўзгадваюць яго незвычайную зацікаўленасць раслінным светам. Сябры называюць яго сапраўдным беларусам, сціплым чалавекам, настаўнікам са светлай галавой і залатымі рукамі. Але працаваць у школе Віктару было няпроста, як і кожнаму неаўтарытарнаму настаўніку ў аўтарытарнай прасавецкай школе. Вельмі з многім ён не мог пагадзіцца і не знаходзіў адказаў на здавалася б простыя пытанні па арганізацыі школьнага жыцця. Толькі дзякуючы таму, што ён як настаўнік, валодаў сваім прадметам на выдатна, дзеці ведалі батаніку, цягнуліся да яго. Ён умеў іх заахвоціць. Ён выгадаваў цудоўны сад, раздаваў шмат саджанцаў людзям. Як сапраўдны беларус, любіў сваю зямлю й шчыраваў на ёй амаль штодзённа. 

У часы перабудовы адразу стаў на бок дэмакратычнага руху, увайшоў у Беларускі Народны фронт, і ад самага пачатку ўтварэння Кансэрватыўна-Хрысціянскай партыі — у яе шэрагах. Прапагандаваў беларускасьць паўсюль: на працы, сярод вясковых людзей, калі хадзіў збіраць подпісы за дэмакратычных вылучэнцаў. Толькі сам ніколі й нікуды не вылучаў сваю кандыдатуру, ціха й сціпла рупіўся пра іншых. Ня ўсё задавальняла яго і ў працы Партыі. Тройчы Віктар Дубіцкі разам з сябрамі Луненскай суполкі падаваў заяву на атрыманне Грамадзянства БНР і так і не дачакаўся гэтага атрымання. Усё гэта вельмі хвалявала Віктара, бо, калі казаць вобразна, ён быў як бы чалавек бяз скуры. Ён вельмі востра ўспрымаў усё, што тычылася беларускасці. Калі здымалі Пагоню з Дома ўраду, ён казаў: няхай бы лепш скінулі мяне з 10 паверху. Калі амапаўцы збівалі маладых дзяўчатак на пляцы, ён паказваў сваё цела й казаў: “Паглядзі, Лявон, на маім целе сінякі. Я не магу проста перанесці, проста пачуць, проста прапусціць. Мне ўсё гэта баліць”. 
   Віктар вельмі балюча ўспрымаў закрыццё беларускіх школ, знікненне па вёсках беларускай мовы, культуры, традыцый. Балела яму, як шальмуюць нашу гісторыю, бел-чырвона-белы сцяг і герб Пагоню. За ўсё беларускае ў яго балела сэрца. 
   Апошнія гады жыў з жонкай Сцепанідай на пенсіі, але кожны дзень рупіўся ў гародчыку, нешта майстраваў у невялікім свіронку. Памёр раптоўна на 64-ым годзе жыцця. Ізноў схапіла сэрца. Пахаваны на Луненскіх праваслаўных могілках пад Бел-Чырвона-Белам Сцягам. На сціплым помніку надпіс на беларускай мове. Такіх надпісаў на беларускай мове на ўсе могілкі толькі два.
   У яго засталіся жонка, два сыны, дачка і дзве ўнучкі. І засталася добрая памяць…

Няхай споўняцца яго светлыя мары для яго дзяцей і ўнукаў.

Лявон Карповіч, Луна-Воля

 На фота: Алесь Белакоз, Лявон Карповіч, Віктар Дубіцкі і Уладзімір Брыцько на могілках у Гудзевічах

 

29.04.2015

праваабарончыя сайты