Навіны

Дзе Маісей?

Прачытаў у фэйсбуку адказы Паўла Севярынца на пытанні карэспандэнта радыя “Рацыя”( http://www.racyja.com/palityka/pavel-sevyarynets-za-nashy-grakhi-kirue/). Напісаў каментар: “Як бы ўсё правільна… Але толькі як бы…” Хачу патлумачыць, можа перш за ўсё сабе, чаму такі каментар.

   Па парадку.

   Размовам пра “адзінага” кандыдата няма канца.  Яго ўвесь час чамусьці хочуць абраць. Гэта выглядае неяк няўцямна: яго, адзінага, НЯМА, а абяром – тады будзе. Такі фокус: з нічога зрабіць не проста нешта, а АДЗІНАГА. Каб была больш зразумелай мая думка, зраблю такую аналогію. Сабраліся на спаборніцтва спартсмены. Напрыклад, баксёры. Пасядзелі, пакумекалі, і…вырашылі: а навошта нам біць адзін аднаму морды? Прагаласуем і выберам АДЗІНАГА пераможцу. Ці не абсурд? АДЗІНЫМ павінен стаць, а не быць абраным. Калі такім ніхто не стаў, то выбары адзінага ў выніку заканчваюцца выбарам АДЗІНОКАГА. Як мы гэта ўжо назіралі. А ў адзінага, перш за ўсё, павінна быць каманда, здольная рашаць усе задачы. Ці каманду таксама абіраць? Яшчэ адзін абсурд. Просты прыклад. Калі Абама вырашыў стаць Прэзідэнтам, то спачатку ён стварыў каманду, якая забяспечыла яму перамогу спачатку ў выбарах у кангрэс. І толькі, ўпэўніўшыся, што каманда працаздольная, перайшлі да наступнага этапу, падрыхтоўкі да працы за прэзідэнцкі тытул.

   І апошняе па гэтым пытанні. Абранне адзінага мела бы хоць які сэнс, каб гэта быў кандыдат на наступныя выбары ў 2020 годзе! А не ў 2015-ым!

   З гэтай развагі вынікае, што галоўная параза “апазіцыі” зусім не ў тым, што не абралі “адзінага”. Параза адбылася ў 1994 годзе, і пасля гэтай паразы не быў зроблены аналіз і не распачалася сістэмная праца, якая адсутнічае да гэтай пары. Адсутнасць сістэмнай працы-галоўная памылка апазіцыі. Таму спадзяванне, што за 3-4 гады будзе іншая Беларусь – наіўнае і нічым не абгрунтаванае (Дарэчы, гэта сцверджанне пра 3-4 гады нарадзілася ў сядзібе БНФ у 1995 годзе! І, як бачыце, паспяхова гучыць і праз 20 гадоў). Праз 3-4 гады можа быць Беларусь іншай, калі апазіцыя пачне сістэмную выніковую працу ў гэтым кірунку. Або хоць адна палітычная партыя, калі яна, нарэшце, узнікне. Бо тыя ўтварэнні, які цяпер называюць сябе партыямі, зусім гэтай назве не адпавядаюць. Дарэчы, пра партыю. Калі пачалася праца па стварэнню партыі БХД, сярод прыхільнікаў распаўсюджвалася анкета. У анкеце, сярод іншых, былі пытанні, якім чынам ты, як сябра партыі, можаш прымаць актыўны удзел у партыйнай працы? Што ты можаш прапанаваць, у чым ты добры і здольны. Тады ў мяне ўзнікла радаснае пачуццё: ну вось, нарэшце, тое, што трэба. Кожны сябра партыі адчуе ня толькі сваё запатрабаванне, што зверхважна, але і зможа прыкласціся да агульнай працы найбольш эфектыўна. На жаль, на анкеце ўсё і скончылася. Як тут ня ўспомніць Чарнамырдзіна: “Якую партыю ў Расеі не стварай, атрымліваецца камуністычная”. Так і БХД папоўніла агульны спіс партый-невідзімак.

   Звычайна безвыніковасць або бяздзейнасць, як каму больш падабаецца, апраўдваюць цяжкасцямі, умовамі… Па-першае, цяжкасці і ўзнікаюць для таго каб знаходзіць спосаб, як іх пераадолець. Па-другое, мноства вельмі простых пытанняў, вырашэнню якіх амаль нічога не перашкаджае, не вырашаюцца. Каб ня быць галаслоўным, пару прыкладаў. Чаму на “Белсаце”, на “Радыё Рацыя”, на “Свабодзе” не гучыць, няхай хоць нядзельнай раніцай, няхай на Нацыянальныя Святы, Нацыянальны Гімн? Наогул, хто ведае гэты Гімн, яго словы? Чаму, калі забараняюць праводзіць мерапрыемства пад Бел-Чывона-Белым Сцягам, не правесці яго, спяваючы у час шэсця патрыятычную песню, або надзець адпаведныя шалікі, або хоць значкі? Чаму дваццаць год “масавыя” мерапрыемствы праводзяцца па адным і тым самым сцэнары? Чаму 20 год партыі, грамадскія арганізацыі без бачных вынікаў працы ўзначальваюць тыя самыя людзі? Гэтыя і падобныя пытанні задаў мне мой унук і я не знайшоў, што яму адказаць.

   З гэтай развагі вынікае , што “апазіцыя” ня здольная вучыцца, развівацца самой і вучыць іншых. У нас усё “стабільнае”. Колькі намагання зрабіла Еўропа, каб навучыць дзеяць вынікова! І хто робіць аналіз SWOT, перад тым, як распачаць справу? Як мне хочацца паглядзець на такога чалавека ў Беларусі! Вучыцца і браць прыклад ёсць з каго і ёсць у каго. Нават непасрэдна на месцы ці ў суседзяў. Зноў для прыкладу. Незарэгістраванае грамадскае аб’яднанне Звяз Палякаў Беларусі дамаглося, што на польскай мове дзяцей у сучаснай Беларусі вучыцца бадай больш, чым на беларускай. Але не толькі вучыцца. Дастаткова заглянуць у выданні ЗПБ часопіс “Магазын польскі” і газету “Глос з-над Немна”. Колькасць і размаітасць мерапрыемстваў з дзецьмі ўражвае. Гэта на фоне абсалютнай занядбанасці працы з дзецьмі з боку “апазіцыі”. Дзецьмі ў Беларусі займаецца савецкая школа, БРСМ і эмісары з Расеі. Старшыня ТБМ-аналага па задачах з ЗПБ - на пытанне ў перадачы на Белсаце “што рабіць?” адказаў: “Размаўляць на беларускай мове 24 гадзіны ў суткі”. Як гэта ўспрымаць? Як жарт ці як здзек? Ні першае, ні другое ні да месца, ні да часу. Ці можна сабе ўявіць, што Старшыня ЗПБ адказаў бы такімі словамі? Ён заставаўся бы Старшынём не далей як да з’еду ЗПБ.

   Вось пра Лукашэнку сказана слушна. Але з наступнай высновай: “Трэба проста канстатаваць, што на сённяшнім гістарычным этапе мы – як народ, дэмакратычныя сілы, дзеячы – не гатовыя, не здольныя ўзяць на сабе ўладу.”- не згодзен. Трэба проста канстатаваць, што на сённяшнім гістарычным этапе мы – дэмакратычныя сілы, дзеячы – не гатовыя, не здольныя ўзяць на сабе ўладу – вось гэта абсалютная праўда. Але не ў гэтым бяда, што не гатовыя і ня здольныя, бяда, што 20 год нічога не мяняецца (можна, нават, казаць, што мяняецца ў горшы бок), бо няма сістэмнай выніковай працы і ніхто не бярэцца гэту працу-вучобу арганізаваць. Але ня трэба гаварыць за народ. Сярод народа ёсць розныя асобы, у тым ліку, і гатовыя і здольныя ўзяць на сябе ўладу.

   “Зараз за НАШЫ грахі кіруе Лукашэнка!” – кажа Павал. Зноў жа! Можна адчуваць сябе нават вельмі камфортна – пакутую за грахі, адпакутую і стану амаль святы! Такі бяздзейны мазахізм. Але бяда ў тым, што за мае грахі пакутуюць мае дзеці, мае ўнукі і на падыходзе праўнукі. Які ж тут кайф? І як мне глядзець ім у вочы? Што казаць? Што народ не гатовы? Нават дзяцей гэтым не падманеш. 
 
   Так, за нашы грахі Бог даў нам Лукашэнку, але ня даў Маісея, Аарона, Навіна…Ці даў, але яны ўцяклі, не выканалі Божы наказ, як Ёна. І цяпер сядзяць у чрэве рыбы? Ізраільскі народ у Егіпце быў не гатовы да Веры і Свабоды. І таму патрэбен быў Маісей, які таксама адмаўляўся загаду Бога ісці да фараона вызваляць народ… Але пайшоў і 40 год вадзіў народ па пустэльні, але не проста вадзіў, а працаваў над тым, каб народ стаў гатовы! Так, гэта Бог развёў воды Чырвонага мора, але па знаку Масея! І ці зрабіў бы Ён гэта, каб Маісея не было? І Законы Бог даў народу праз Маісея на гары Сінай! І разбіў Маісей скрыжалі, глянуўшы на народ, і узяўся за працу, каб народ быў гатовы…

Лявон Карповіч, Луна-Воля

 

17.08.2015

праваабарончыя сайты