Навіны

Яйка, зьнесенае ў габінэце?

              І жалобна, сумна трубы

             У Гародні граюць.

     Так пісаў М.Багдановіч на матывы «Слова пра паход Ігараў»  яшчэ ў 1911 годзе. Тады У.Караткевіч, якому нярэдка прыпісваюць аўтарства слова Гародня, нават не нарадзіўся. Адкуль гэтае слова  заляцела ў вершы паэта?  Да пяці гадоў маленькі Максім бегаў па вуліцах нашага гораду. Сёньня зь ліставаньня бацькоў паэта добра ведама, што ён бываў у  вёсцы і гаманіў па-беларуску. Пэўна, і жывучы ў Расеі  паэт кансультаваўся з блізкімі сваякамі. 

     На жаль, з самой Гародні ня так шмат пісьменьнікаў. І  зьявіліся яны пазнавата. Сьведчаньняў, як называўся наш горад даўней - амаль не захавалася. Даводзіцца  зьбіраць інфармацыю па каліву. Сёньня мне менш за ўсё хацелася б пісаць на тэму, у якой я не магу раставіць усіх кропак над і. Некалі  ў рамантычную пару  беларускага Адраджэньня 80-х мы ўсе гаварылі Гароднягарадзенскі. У  працах М.Ткачова можна прачытаць: Паслалі ганцоў у Гародню;  Карані радаводаў Давыда Гарадзенскага трывала зьвязаны з  Гарадзеншчынай. І сёньня мясцовыя выданьні, «Гістарычны  альманах», «Свой лад», інш., пільнуюцца гэтае традыцыі. Ды  зьявіліся нейкія менскія мудрагелі, якія  пачалі вучыць, што Гародня - палянізм, і трэба казаць Горадня.  Нешта маластраўнае было ў новым слове, здавалася, яно «правісае»,  ненацісьненыя склады матляюцца ззаду, як пацучыны хвост...

     Этнографы, на раду якіх можна было б спадзявацца, даюць  вельмі скупыя зьвесткі: «Гродна паходзіць ад Городенъ, месца  абгароджанага, - пісаў некалі А.Кіркор, - аднолькава, як у  польскай мове tyn таксама абазначае абгароду, адсюль TynecTenczynek і мн.інш. Адсюль жа паходзіць Гарадзілаў ў Ашмянскім  павеце, вельмі многа ў розных месцах Літоўскага Палесься Грудкаў,  пэўна ж адпачатку называных Гарадкамі; Гароднікі ў Ашмянскім  павеце; Гарадзец у Кобрынскім павеце, Гродзенскае губ.; Гародчын  у Пружанскім.» Цікавыя сьведчаньні можна сустрэць у Я.Арлоўскага: «Назоў Гродна ці Grodno, як яго вымаўляюць палякі, Городень ці  Гародня вельмі пашыраны ў геаграфіі Заходняга краю. Імя гэтае  носіць перадусім губэрняўскі горад Гродна ці Гродно.. Адылі існуе яшчэ горад Гародня -  Чарнігаўскае губэрні, мястэчка Гарадная - Менскае Пінскага  павету, і шмат вёсак ды сёлаў (перш-наперш Менскае губэрні), пад  тым самым назовам (прыкл., Вялікае Горадна Вяляціцкае воласьці  Барысаўскага павету; Вышняе Горадна таго самага павету; Горадна  Валынскае губэрні Луцкага павету).»

     Найдаўнейшы назоў, які прыточваюць усе гісторыкі Гародні,  упершыню ўспамінаецца ў летапісах: Посла князъ..  Всеволодка изъ Городна (1127 г.); Ходи Мстиславъ на  Литву.. съ Всеволодкомъ Городенскимъ (1132 г.); Городенъ погорh  всь и церкы каменая отъ блистанія молніе и шибенія грома (1184  г.). На сёньня ў  лінгвістаў няма нават падказкі, дзе ж стаяў націск і як трэба  чытаць: Гарадзен ці Горадзен? Зрэшты, ніхто не задумваецца, што і  гэтыя формы сумнеўныя, магло чытацца Горадна ці Гародна, таксама,  як пісалася оу смольнhскь, а чыталася у Смаленске. Але, так ці гэтак, найменьне гораду  было паўнагалоснае:

              Уныли голосы, пониче веселіе,

               трубы трубятъ Городеньскіи, -

     У старабеларускіх тэкстах маем назоў Городно, аднак і тут незразумела, дзе ставіць  націск: Писан у Городне року, месяца и дня вышописаного (Акты  1606); одеждчалъ до Городна на соймикъ; на месту судовомъ у  Городне (Акты 1612). Затое прыметнік застаецца нязьменным: повету  Городенъского; на враде кгродскомъ Городенъскомъ (Акты 1612). А  вось жыхары гораду тады называліся городняне, а не гарадзенцы, як  цяпер, прыкладам: Городънянину Гладъкому бочъка соли з мыта въ  Ковне (1488); А полочане, новгорожане, городняне, подляшане и  мозыряне (Стрыйк.).

     Пазьнейшая палянізацыя краю  прывяла да таго, што ў пісьмовых  крыніцах тарнуюць адменьнік Гродна. Нават беларускія аўтары ня  надта рупіліся пра гістарычную запраўднасьць. Гдзе ж  цяпер Беларусь? - пытаўся Ф.Багушэвіч і адказваў. - Гдзе Гродна,  Мінск, Магілёў, Вільня. Шмат цікавейшую форму спатыкаем у  К.Каганца, у якога Гродна - жаночага роду: Гэй, хлопцы, брацьця  мае, а сыны Зямлі Беларускай, каторая раскінулася ад Гродны да  места Смаленску. Яшчэ арыгінальнейшае найменьне Гродня маем у  мэмуарах А.Абуховіча: У гаворцы між Магілёвам над Дняпром,  Мозырам і Гродняй бывае вялікая розьніца.

     Як бачым, найменьне нашага гораду ў  XIX - XX стст. надзвычай няўстойлівае. На яго ўвесь  час цісьне некалькі традыцыяў: беларускія кніжная, народная, польская і расейская. У газэце «Наша Ніва»  карэспандэнцыі спачатку  тытулаваліся з Гродна, а  ў 1910 годзе сталі  пазначацца з Гродны. Адна з найбольш відных гарадзенак, З.Верас,  і тады і пазьней, найчасьцей карысталася афіцыйнаю формаю назову:

                    Думаю - Гродна!

                    Бачу дзедаў парог

                    і чую тупат

                    сваіх дзіцячых ног.   

     Паэтка расла ў польскамоўным асяродку. Пэўна, толькі  пазьней яна стала засвойваць слова Горадня, на той час ужо  растыражаванае ў заходнебеларускім друку: Мы зь сяброўкай  успаміналі Горадню (Гродна), наша там жыцьцё, працу ў гуртку, -  пісала яна ў успамінах пра М.Багдановіча.

     М.Краўцоў, наадварот, зьвяртаецца ў вершах да гістарычнага  назову Горадзен:

                    Ізноў я тут, цябе вітаю,

                    Мой родны Горадзен стары,

                    Ізноў па вуліцах лятаю

                    Да самай позьняе пары...

     А наймаладзейшая зь іх, З.Бандарына, ужывае форму Гродня,  зьбеларушаны варыянт польскага назову:

                    Там любая Гродня

                         і Нёман, і бор...

                    Там чорныя хмары

                         ахуталі ранак...

     Затое падзагаловак яе апавяданьня мае традыцыйнае  паўнагалоснае агучваньне: З жыцьця сялян Гарадзеншчыны на Сібіры.

      Каб разабрацца ў праблеме, я зьвярнуўся да старых  жыхароў гораду. На пытаньне, як называлі  наш горад даўней і які прыметнік утвараўся ад найменьня, мне далі  досыць адназначныя адказы. Георгі Тарасевіч, архітэктар, м.нар.  Мастоўскі р-н, в.Пілкі (каля Гудзевіч): Пры мне ў трыццатыя гады  ўжо казалі «Гродно», а от старыя людзі яшчэ гаварылі «Горадна». А  прыметнік... ня помню, можа - «гарадзенскі». Апанас Цыхун, паэт,  настаўнік, м.нар. Гарадзенскі р-н, в.Кунцаўшчына: Мой татка казаў:  «Паедзем да Горадна.» А прыметнік ужывалі «гарадзенскі». Такую  самую форму тарнуе і былы дырэктар Віленскае гімназіі  М.Анцукевіч, камэнтуючы «Слова» (пры перакладзе ў двукосьсях  захоўваю расейскую транскрыпцыю арыгіналу): Тут «Городно» на  Нёмане, дзедзіна полацкіх князёў. Між іншым, даўгусенькія трубы з  дрэвавай кары перахаваліся ў літоўцаў да нашых дзён.

     Форма Гародня і прыметнік, зноў жа, гарадзенскі найчасьцей  сустракаюцца ў пісьменьнікаў: Трубы ў Гародні смутна запелі (Я.Купала); Трубы трубяць гарадзенскія  (Я.Купала); У Гародні перад вайной было 66.000 жыхароў  (У.Жылка); Віленская, Гарадзенская губэрні (У.Жылка). Найбольшы  разнабой можна назіраць у В.Ластоўскага. Спачатку ён пільнуецца спаланізаванае  формы: Баторы.. памёр у Гродне (1910 г.); Здарылася мне пабываць  у розных канцох Гродзеншчыны (1912 г.). Пазьней - у залежнасьці ад жанру,  у вершы: На Каложы ў Горадні  (1923 г.); у слоўніку (1924 г.): Гродзенск.(403); Гродз.(80); у  гістарычных працах пра даўніну: Засяляюць беларусы.. Смаленск,  Магілёў, Менск, Горадна (1925 г.); і - пра сучаснасьць: Польшча  захапіла Заходнюю Беларусь з гарадамі: Гродна, Навагрудак (1925  г.).  

     Хто ж і калі ў сучасным друку стаў ужываць форму Горадня?  Падобна, што Ян Станкевіч, напісаўшы ў 1918 годзе ў газэту  «Гоман» нататку, дзе было сказана: Чужынцы (палякі і расейцы)  перакручаваюць назовы нашых мест на свой лад, зацямняючы гэтым  значэньне самага слова, дык і чуваць нярэдка гэткія дзіўныя з  вуснаў беларуса словы, як: Гродна, замест Горадня, як гэта старое  беларускае места звалося з XIII веку і як цяпер завуць яго жыхары  Горадненскага, Сакольскага і Беластоцкага паветаў. Усё паказвае  на тое, што Я.Станкевіч «зьляпіў» з двух паралельных адменьнікаў  Горадна і Гародня адзін «найлепшы», у якім і суфікс добры, і  гучаньне паўнагалоснае, і націск ня «польскі». А прыметнік  гарадзенскі, ён перарабіў на горадненскі. Нават горад на  Чарнігаўшчыне, што заўжды называўся Гародня, перахрысьціў на свой  лад: Да беларускае мовы Горадненскага пав. Чарнігаўшчыны. Яго  мадэрнізацыя зьбіла з толку ўсю заходнебеларускую грамадзкасьць і  дадала яшчэ больш блытаніны, нават у пісаньне прыметнікаў,  прыкладам: Ваўкавыскага павету Горадзенскай губэрні (М.Гарэцкі).

     Цікава, што сам Я.Станкевіч у працы 1944 году, на  гістарычную тэму, піша ўжо Горадзен. А ў яго фундамэнтальным  «Беларуска-расійскім (Вялікалітоўска-расійскім) слоўніку», што  выдадзены ў 1990 годзе, ёсьць слова Гародня як “павятовы горад на  Чарнігаўшчыне”, але няма ні Горадзен, ні Горадня, ні Горадна.  Падобна, што пазьней Я.Станкевіч зь нейкае прычыны засумняваўся ў  сваёй прапанове і чарнігаўскую Гародню зноў стаў называць  традыцыйна, а перад найменьнем нашага гораду наагул спыніўся ў  разгубленасьці. І невыпадкова.

     Рэч у тым, што ўсе беларускія назоўнікі з фармантам -ня  зводзяцца да двух акцэнтна-сэмантычных архетыпаў:

     1) Націск на другім складзе ад канца, абазначаюць часьцей за  ўсё месца, прытым закрытае: а) двухскладовыя - зборня, сушняспальня, пральня, мяльня, студня, стайня, бойня, пчольня, кветняхлебня; б) трохскладовыя - варыўня, лядоўня, паверхня, яечняканюшня, багажня, вазоўня, крухмальня, вартоўня; сявальнякапальня, купальня, вітальня, чытальня, цагельня, цырульнясушыльня; кнігарня, такарня, сячкарня, пякарня, майстэрнякавярня, смалярня; в) чатырохскладовыя - саляварня, курасадняпахавальня. Мажліва, яны этымалягічна зьвязаныя з прыметнікамі і  гістарычна прымыкаюць да польскае мовы. Праціўляюцца назоўнікам,  якія абазначаюць месца адкрытае: гарадзішча, радовішчагледзешча, бытнішча.

     2) Націск на першым складзе ад канца, абазначаюць нешта  зборнае, вельмі часта дзеяньне, з адмоўным адценьнем  хаатычнасьці: а) рэчы - парахня, пяцярня, шафярня, салдатняафіцарня, сабачня, камарня; б) дзеяньні - бягня, хадня, калатнякрутня, замятня, брахня, гульня, крыкня, пітня, малатнябалбатня, жартаўня, калатня, дзяльня, мітусьня, траскатня.  Мажліва, яны этымалягічна зьвязаныя зь дзеясловамі і гістарычна  прымыкаюць да расейскае мовы. Праціўляюцца іншым назоўнікам  дзеяньня: а) архаічным - сяўба, гульба, гудзьба, сварба; б)  рэгулярным - казаньне, важэньне, намаўляньне, кіненьне; в)  рытуальным - уходзіны, адведзіны, дасьледзіны; г) непаважлівым -  беганіна, цяганіна, блытаніна.  

     Мне няведама ніводнае беларускае слова на -ня, у якім бы  націск падаў на іншы склад апрача апошняга або перадапошняга. А  вось фармант -на дапускае якое заўгодна месца націску. Такім  парадкам, загадка найменьня ляжыць не ў фанэтыцы, а ў  словаўтварэньні. Найменьні гарадоў адносяцца зазвычай да першага  архетыпу, таму выбар дамэтна рабіць толькі паміж  Горадна і Гародня. Першы зь іх ужываны яшчэ ў пачатку  XX стагоддзя, у пару Вялікага княства ды Рэчы Паспалітай і, можа  быць, у летапіснае верам’е. Другі мог зьявіцца ў народнай мове  паводле аналёгіі з традыцыйна беларускімі назовамі паселішчаў:  Вільня, Наваельня, Рудня. Дарэчы,  суфіксы  могуць «плаўна перацякаць» з аднога ў іншы, прыкладам: ровень -  роўня - раўня. Варта таксама ўспомніць, што ў Вараноўскім раёне  ёсьць вёска з дваякім назовам: Гародна/Гародня.

     А польская мова тут ні пры чым, калі не лічыць таго, што для  польскае мовы характэрныя словы на -nia, аднак параўнайма  найменьні гарадоў: польскія Wilno, Grodno і беларускія ВільняГародня. Слова Гародня магло таксама ўзьнікнуць у выніку  паступовае беларусізацыі польскае формы: Гродна (яно) - Гродна  (яна) - Гродня - Гародня. Магло зьявіцца праз мастацкую  літаратуру ў выніку пераносу нозову чарнігаўскае Гародні на  тутэйшае Горадна. Але, так ці гэтак, імя Гародня сыстэмнае для  беларускае мовы. Невыпадкова яно гэтак стыхійна ўлілося ў  маўленьне. Наконт жа найменьня Горадня ад некаторых беларусаў мне даводзілася чуць: «Нейкае яно небеларускае.» І гэта запраўды так.  Як відаць з прыточаных вышэй прыкладаў, Горадня - яйка, зьнесенае  ў габінэце.

     Ня варта забывацца: кожная адзінка ўтвораная супраць  патрабаваньняў мовы як сыстэмы, нібы кампутарны вірус,  разбуральна ўплывае на словаўтварэньне, на нашую моўную інтуіцыю.  Успомніма, пры ўсім нашым  піетэце  да Я.Станкевіча, ці не за гэткія «горадні» У.Жылка назваў яго «шашалем беларускае мовы»?

     Пад канец хацелася б зацеміць прыхільнікам “Горадні” што як сымболіка не выбіраецца на рэфэрэндуме, так і найменьне гораду  не выбіраецца паводле прыцыпу «Выбірайма Горадню!». Дарэчы, энэргічнасьць («цьвёрдасьць»), як ведама зь вершазнаўства, словам надаюць не пачатковыя, а канцавыя  націскі. А што датыкае іх месца ў слове, дык націск - не ануча на  плоце і не казіны хвост, што могуць матляцца туды-сюды, дзеля  нейкае абстрактнае «мілагучнасьці». Беларускі націск не фіксаваны, але гэта ня значыць, што ён ня мае законаў. Законы  гэтыя няўхільнейшыя, чым можа падацца на першы пагляд, і кажуць нам пільнавацца слова Гародня

Юры Пацюпа

05.04.2011

Архіў

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты