Навіны

Ці павінны? А як павінны, то хто?

   За некалькі дзясяткаў гадоў майго жыцьця пераканаўся, што пры любой дыскусіі ці, нават, пры менш-больш паважнай размове, трэбы вызначыцца з паняткамі. Часьцей за  ўсё розныя людзі надаюць розны сэнс аднолькавым словам. І таму, па словах класіка, калі субяседнікі зразумелі адзін аднаго, то гэта адбыўся цуд.

   Выснова з гэтага такая, што палітыкам і журналістам трэба вельмі паважна ставіцца да сваіх выказваньняў і рабіць іх як найбольш зразумелымі і адназначнымі. Вельмі часта выказваньне вядомага палітыка не растлумачвае яго тэзу, а азадачвае, выклікае непаразуменьне і больш пытаньняў, чым адказаў.

   Днямі нападкаў загаловак размовы карэспандэнта  “Народнай волі” з Алесем Бяляцкім: “Беларусы павінны выйсці са стану пасіўнасці і грамадска-палітычнай спячкі”. Хоць я не магу пахваліцца блізкім знаёмствам з паважаным спадаром Алесем, але нешта мяне штурхала, што ня мог ён так казаць…Сапраўды, вось што кажа Алесь Бяляцкі ў тэксьце: “Надзвычай важна, каб беларускае грамадства выйшла са стану пасіўнасці і грамадска- палітычнай “спячкі”, у якім знаходзіцца апошнія гады”.

   Незразумела, навошта карэспандэнт  перайначыў выказваньне Алеся Бяляцкага. Бо для мяне гэтыя два выразы радыкальна розныя па закладзеным сэнсе, па тым, да каго яны зьвернутыя…

   Растлумачу, чаму я так лічу. Паразважаем: “Беларусы павінны…” Адразу ў мяне ўзнікае пытаньне: “Беларусы” – гэта хто, якія “Беларусы”? сьпяць? Калі  вы сьпіце, спадар карэспандэнт, то прачніцеся спачатку, а потым абавязвайце іншых, калі лічыце, што маеце на гэта права. Калі ня сьпіце, то што: вы не беларус? А ці сьпяць беларусы Польшчы? Беларусы Літвы? І г.д. У Алеся Бяляцкага зварот да беларускага грамадства і таму ніякіх пытаньняў не ўзьнікае. Хаця, калі паглядзець на колькасьць выбаршчыкаў, якія прымаюць удзел у выбарах, у тым ліку датэрміновых, то цяжка пагадзіцца, што грамадства знаходзіцца ў “стане пасіўнасьці” і “сьпячкі”.

   Другое слова “павінны” выклікае яшчэ больш пытаньняў. Калі адчуваеш сябе беларусам і чытаеш “свабодную” ці “дэмакратычную” прэсу, то трапляеш у нейкае павуціньне: павінен, абавязаны, мушу…Ці не мусяць тыя, хто навешвае на мяне гэтае павуціньне, у першую чаргу самы гэта рабіць? Хіба мала таго даляравага доўгу, што на кожнага з нас, ад немаўляці да калекі і пенсіянера, за дваццаць год кіраваньня навесіў калгасны кіраўнік?

   Толькі Закон і той, хто па сваіх службовых абавязках павінен сачыць за выкананьнем Закону, гаворыць, што павінен рабіць кожны грамадзянін Беларусі. Кропка. Усе іншыя патрабаваньні “ад лукавага”. Калі я выконваю Закон, больш я нікому нічога не павінен!

А цяпер глянем, што ад мяне і ад кожнага беларуса, і ад любога , хто знаходзіцца на тэрыторыі Беларусь, патрабуе Закон:

“Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь

РАЗДЗЕЛ II. 
АСОБА, ГРАМАДСТВА, ДЗЯРЖАВА

Артыкул 52. Кожны, хто знаходзіцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, абавязаны выконваць яе Канстытуцыю, законы і паважаць нацыянальныя традыцыі. 
Артыкул 53. Кожны абавязаны паважаць годнасць, правы, свабоды, законныя інтарэсы іншых асоб. 
Артыкул 54. Кожны абавязаны берагчы гісторыка-культурную спадчыну і іншыя культурныя каштоўнасці. 
Артыкул 55. Ахова прыроднага асяроддзя – абавязак кожнага. 
Артыкул 56. Грамадзяне Рэспублікі Беларусь абавязаны прымаць удзел у фінансаванні дзяржаўных расходаў шляхам выплаты дзяржаўных падаткаў, пошлін і іншых плацяжоў. 
Артыкул 57. Абарона Рэспублікі Беларусь – абавязак і свяшчэнны доўг грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Парадак праходжання вайсковай службы, падставы і ўмовы вызвалення ад вайсковай службы ці замена яе альтэрнатыўнай вызначаюцца законам.” 

І асабліва хачу зьвярнуць увагу тых, хто з такой ахвотаю патрабуюць ад народа, ад беларусаў выкананьня надуманых імі абавязкаў, павіннасьцяў і яшчэ ўсяго “што сьліна прынясе”, як кажуць у народзе:
“Артыкул 58. Ніхто не можа быць прымушаны да выканання абавязкаў, якія не прадугледжаны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і яе законамі, ці да адмаўлення ад сваіх правоў.”

А цяпер прыйшла чарга цытатаў ад палітыкаў рознага роўню (не называю прозвішчаў, надта ўсе палітыкі ганаровыя):

Народ павінен быць.”

“Калі, як гэта было заўсёды ў гісторыі, танкі пойдуць адтуль на Расею, мы паміраць тут будзем за Расею. І наш народ павінен быць да гэтага гатовы”.

“Мы паказалі шлях, па якім павінен ісці беларускі народ.”

народ павінен адстойваць свой голас.”

Народ, а не ўлада, павінен вырашаць, як нам жыць”

“Кожны народ павінен ведаць сваю гісторыю”

Народ павінен звяртацца да Бога на роднай мове”

“У Беларусі гаспадаром павінен стаць беларускі народ”

“Кожны народ абавязаны клапаціцца пра развіццё ўласнай культуры ў сваёй краіне.”

беларускі народ павінен вырашаць праблемы зьменаў” 

“Ёсьць каштоўнасьці, падзеі, рэчы і зьявы, якія абавязкова павінен ведаць беларус, каб добра сябе адчуваць у роднай сваёй краіне”

Беларусы мусяць дбаць пра адзінства беларускай нацыі, пра ўмацаваньне яе дзяржаўнасьці, пра адраджэньне Беларускай мовы і культуры,пра разьвіцьцё адукацыі, тэхналягічнай эканомікі і ўласнай энэргетыкі. Беларусы мусяць разумець, што іхны асабісты лёс зьвязаны зь лёсам іхняй дзяржавы і што сваю будучыню і будучыню сваёй краіны яны мусяць будаваць самы, дбаючы пра беларускае пра сваё.”

Самым яскравым, на мой погляд, тут выглядае патрабаваньне: “Мы паказалі шлях, па якім павінен ісці беларускі народ.” Гэта выглядае прыблізна так, раскідаў картофлю па полі і сказаў ёй, што цяпер яна павінна вырасьці. Я ж усю сваю справу ўжо зрабіў!

Давайце параўнаем па эфектыўнасьці выкананьня наступныя сказы:

“Ты абавязаны гэта зрабіць. Калі ласка, зрабі гэта. Давай гэта зробім разам.”  Напэўна тлумачыць ня трэба, які зварот абавязкова прывядзе да выніку. Вось каб палітык сказаў: “Мы паказалі шлях,  і пойдзем гэтым шляхам разам з беларускім народам.” Не, так яму не адпавядае.

   Варта запытацца, хто зьяўляецца атрымальнікам усіх гэтых патрабаваньнях і зваротаў да беларусаў, да народа? Прачытаюць іх  падпісчыкі “Народнай волі”, гледачы “Белсату”… Гэта значыць тыя, хто ня “сьпіць”, а той, хто “сьпіць” пра гэтыя “павіннасьці” як  не ведаў, так і ня будзе ведаць! Значыць, гэта ўсё для ўласнага заспакаеньня: паказаў дарогу, значыць сваё зрабіў. А што вы не пайшлі па гэтай дарозе, сьпіце” – самы вінаватыя. У гэтым працэсе нават намёку няма на вынік, няма такой накіраванасьці.

   Цікава, што ў Бібліі ёсьць нешта падобнае:

“вучы іх пастановам і законам, паказвай ім дарогу, па якой яны павінны ісьці, і справы, якія яны павінны рабіць…” (Выхад 18:20) Толькі гэта словы ня Бога, а цесьця Майсея. І яны маюць працяг: “а ты нагледзь з усяго народу людзей здольных, якія баяцца Бога, людзей праўдзівых, якія ненавідзяць карысьлівасьць, і пастаў над ім тысячнікамі, сотнікамі, пяцідзясяцкімі; хай яны судзяць народ у любы час і пра ўсякую важную справу даносяць табе, а ўсе малыя справы судзяць самыя: і будзе табе лягчэй, і яны панясуць з табою цяжар: калі ты зробіш гэта, і Бог скажа табе, дык ты можаш устояць, і ўвесь народ гэты будзе адыходзіць у сваю мясьціну зь мірам. І паслухаўся Майсей цесьцевых слоў і зрабіў усё, што той казаў…” (Выхад 18:21-24)

   Вось гэтых слоў палітыкі, хіба не чыталі, ня хочуць чытаць, тым больш – так рабіць…

   У Старым Запавеце, як у Канстытуцыі гаворыцца, што павінен рабіць абраны народ, якія яго абавязкі. А ў Новым Запавеце нават слоў гэтых няма: “павінен”, “абавязаны”, “мусіць”!

Нашы палітычныя лідары ставяць сябе вышэй за Бога!

   Варта было б паразважаць яшчэ пра значэньне слова “народ”. Але дамо слова Зянону Пазьняку: “Тым часам, калі пагаварыць зь беларусамі, то шмат хто думае, быццам народ - гэта нехта, а ён – так сабе: інтэлігент, ці вучоны, студэнт, ці ўвогуле "просты чалавек".

Беларускі народ – гэта ты і я, ён і яны. Не забывайма, што народ існуе на доле (кансэрватыўная ягоная частка), але разьвіваецца ўгары.

   Народ, як ужо гаварылася, жыве ў лепшых сваіх прадстаўніках. Павінен быць балянс, давер, лучнасьць паміж элітай і паспольствам (грамадзтвам). І найперш - у разуменьні і ўспрыняцьці нацыянальных каштоўнасьцяў. На верхавіне ж народу палягае і трымаецца найвялікшая адказнасьць за ягоны лёс.

   Ці ўсьвядоміла сабе гэта наша беларуская "верхавіна"? Вось дзе пытаньне.

На ўзроўні ЛЮДЗЕЙ галоўным зьберагаючым і фармуючым грунтам зьяўляецца салідарнасьць. Пачуцьцё салідарнасьці рознае ў розных народаў. Мы гэта выразна бачым на практыцы і заўсёды можам ацаніць вынікі гэтай рознасьці.

   Салідарнасьць – вялікая сіла, моц народа. Калі народ салідарызаваны, ён вытрывала пераносіць удары лёсу (страту незалёжнасьці, акупацыю, генацыд, рэпрэсіі, перасьлед і інш.). Салідарны народ - непераможны, на салідарнасьці трымаецца грунт яго незалежнасьці і свабоды.”

   Яшчэ раз прывяду цытату, якае дае адказ на пытаньне, хто павінен. “На верхавіне ж народу палягае і трымаецца найвялікшая адказнасьць за ягоны лёс.

Ці ўсьвядоміла сабе гэта наша беларуская "верхавіна"? Вось дзе пытаньне.”

 Як па мне, дык ніякага пытаньня няма. Не ўсьвядамляе! Той, хто ўсьвядоміць, будзе дзейнічаць як Майсей. Ня толькі пакажа дарогу, але і павядзе па гэтай дарозе. Бо ён, лідар, “верхавіна”, ён павінен несьці адказнасьць, а не перакладаць яе на народ ці на беларусаў.

Я не змог скараціць цытату Пазьняка, бо сказанае пра САЛІДАРНАСЬЦЬ, надзвычай важкае. На павестцы дня павінна стаіць САЛІДАРНАСЬЦЬ, а не фантомнае аб’яднаньне…Але гэта зусім іншая тэма.

Лявон Карповіч, Луна - Воля

 

18.01.2016

праваабарончыя сайты