Навіны

Грамадзка-палітычны летапіс Гарадзеншчыны

Зьвяртаем увагу на тое, што разьдзел цэлы час папаўняецца. У планах рэдакцыі - стварэньне як мага больш поўнай хронікі грамадзкага і культурнага жыцьця Гарадзеншчыны з 1986-га году да нашых дзён. 

Грамадзка-палітычны летапіс Гарадзеншчыны ў найноўшы час

1986 год 

12 сакавіка. У Гародні створаны гісторыка-культурны клуб “Паходня”.

17 траўня. У Гародні адчынены Дом-музей Максіма Багдановіча. 

1987 год 

Сакавік. Створаны ініцыятыўны камітэт па будаўніцтве ў Гародні помніку Кастусю Каліноўскаму.

12 чэрвеня. У Гародні адбылася устаноўчая канферэнцыя Гарадзенскага абласнога аддзялення Беларускага Фонду Культуры (БФК).

Ліпень. У Якушоўцы (Сьвіслацкі р-н) прайшлі раскопкі былой сядзібы роду Каліноўскіх. Кіраваў студэнцкімі раскопкамі Міхась Ткачоў.

29 кастрычніка. У Гародні клуб “Паходня” правёў вечарыну памяці Ларысы Геніюш.

3 сьнежня. У Гародні клуб “Паходня” правёў канфэрэнцыю да 100-годзьдзя гарадзенскага рэвалюцыйнага гуртку медыкаў.

26-27 сьнежня. Дэлегацыя "Паходні" узяла ўдзел у Вальнай сустрэчы беларускіх суполак у піянерлягеры "Палачанка" пад Ракавам.

1988 год

29-30 студзеня. У Гародні прайшла канферэнцыя “150 гадоў Кастусю Каліноўскаму” з выездам у Якушоўку.

11-13 сакавіка. У Гародні ладзіўся фэстываль рок-музыкі "Рок-крок". Удзел у ім узяў рок-гурт "Мроя".

20 сакавіка. Клуб “Паходня” зьдзейсьніў паездку ў Вільню на месца пакараньня сьмерцю Кастуся Каліноўскага.

8 траўня. У Гародню зь Менску прыехаў самадзейны тэатр "Золак", акторамі якога былі ўдзельнікі "Талакі". "Золак" паказаў на сцэне актавай залі Гарадзенскага ўніверсітэту "Маці Урагану" паводле Караткевіча.

Травень. Клуб “Паходня” наведаў месца бітвы паўстанцаў 1863 году пад Мілавідамі (Баранавіцкі раён).

18 чэрвеня. У абласным драматычным тэатры адбыўся дабрачынны канцэрт з удзелам актораў тэатру імя Якуба Коласа і барда Сяржука Сокалава-Воюша.

19 чэрвеня. Удзел гарадзенцаў ў Менску ў шэсьці па "Дарозе сьмерці" і мітынгу ў Курапатах.

24 чэрвеня. У Гародні адбыўся мітынг у абарону экалогіі і супраць будаўніцтва лізінавага заводу ў Скідалі.

1-2 ліпеня. У ноч клубам “Паходня” у Румлёўскім лесе было зладжанае першае адроджанае гарадзенскае Купальле.

16 ліпеня. Сябры клуба “Паходня” выправіліся ў Кушляны для двухдзённай талакі на сядзібе Францішка Багушэвіча. У працы удельнічалі таксама сябры "Талакі" зь Менску і "Руні" зь Ліды.

Жнівень. Устаноўчы сход Польскага культурна-асьветніцкага таварыства імя Адама Міцкевіча. Старшынём абраны Тадэвуш Гавін.

22 верасьня. Дэлегацыя ад "Паходні" з 7-мі чалавек выправілася ў Кракаў, каб узяць удзел у адкрыцьці помніка паэту Алесю Гаруну.

15 кастрычніка. У Гародні ў тэатры лялек прайшла вечарына, прысвечаная 100-ым угодкам з дня нараджэньня Язэпа Драздовіча.

21-22 кастрычніка. Працы з удзелам сяброў “Паходні” па ўсталяваньні памятнага каменю ў гонар паўстанцаў 1863 году каля Радуні (Вараноўскі раён).

30 кастрычніка. У Гародні грамадзкасьцю ўрачыста былі адзначаны “Дзяды”.

24 лістапада. Вечарына ў клубе “Паходня”, прысьвечаная Уладзіміру Караткевічу.

9 сьнежня. У лялечным тэатры была праведзена дабрачынная вечарына "Вянок Максіму Багдановічу".

1989 год 

Пачатак красавіка. У Гародні адбыўся Трэці фэст “Рок-крок”.

26 красавіка. У Гародні на ўгодкі Чарнобыльскай трагедыі адбыўся экалягічны мітынг.

14 траўня. Выбары ў Вярхоўны савет СССР.

24 чэрвеня. У Супрасьлі на Беласточчыне сябры клуба “Паходня” разам з беларусамі Польшчы адсьвяткавалі Купальле. Адмыслова на сьвята ў Супрасьлі з Амэрыкі прыехаў танцавальны калектыў "Васілёк" з сваей кіраўнічкай Алай Орса-Раманай.

24-25 чэрвеня. Гарадзенцы ўзялі ўдзел Устаноўчым зьезьдзе БНФ “Адраджэньне”, што прайшоў у Вільні.

2 ліпеня. У Лідзе адкрыты помнік Адаму Міцкевічу (скульптар Валер’ян Янушкевіч). 26 ліпеня. У Гародні ў Новым парку прайшоў 5-тысячны мітынг прысвечаны ўтварэнню Беларускага Народнага Фронту.

19 кастрычніка. Пасьля патрабаваньняў грамадзкасьці пастановай Гарадзенскага гарвыканкаму для помніка Кастусю Каліноўскаму адведзена пляцоўка па сучаснай вул. Савецкай ля будынку Савету прафсаюзаў. Помнік не быў усталяваны.

30 лістапада. У Гародні прайшла ўстаноўчая канфэрэнцыя Гарадзенскага гарадзкога аддзяленьня Таварыства Беларускай Мовы імя Францішка Скарыны. Старшынём абраны Аляксей Пяткевіч.

16 сьнежня. У Лідзе прайшла ўстаноўчая канфэрэнцыя гарадзкога аддзялення Таварыства Беларускай Мовы імя Францішка Скарыны.

1990 год 

Студзень. У Гародні створаны дэмакратычны блок “Саветы-90”.

17 лютага. На стадыёне “Чырвоны сцяг” у Гародні па ініцыятыве Гарадзенскай Рады БНФ адбыўся шматтысячны перадвыбарчы мітынг.

4 сакавіка. Выбары народных дэпутатаў БССР і народных дэпутатаў мясцовых органаў улады.

17 сакавіка. Другі тур выбараў.

18 красавіка. Была заснавана Гарадзенская абласная краязнаўчая асацыяцыя. Старшынём абраны Андрэй Майсяёнак.

16 чэрвеня. У Гародні на І зьезьдзе створаны Саюз палякаў Беларусі. Старшынём абраны Тадэвуш Гавін.

25 чэрвеня. У Гародні прайшла ўстаноўчая канферэнцыя Дэмакратычнай партыі Беларусі (ДПБ).

15 ліпеня. “Гарадзенская харугва”, сфармаваная БФК і клубам “Паходня”, бярэ ўдзел на Грунвальдскім полі ў святкаваньні 580-ых угодкаў сярэднявечнай бітвы.

8 верасьня. У Новым парку Гародні прайшоў санкцыянаваны мітынг, арганізаваны радай БНФ і аргкамітэтам ДПБ з сацыяльнымі і палітычнымі патрабаваньнямі.

1 кастрычніка. Гарадзенскі гарадзкі савет дэпутатаў прымае пастанову пра вяртаньне гораду гістарычнага гербу з выявай аленя Сьвятога Губэрта – аленя з залатым крыжам паміж рагамі.

28 кастрычніка. У Гародні прайшоў мітынг-рэквіем “Дзяды”.

23 лістапада. У Гародні выйшаў першы нумар штотыднёвай незалежнай газэты “Перспектива”. Заснаваньнік – аб’яднаньне кааператываў Гарадзенскай вобласьці.

28 лістапада. У Гародні на Каложскай гары адчынены памятны знак “Пагоня на Грунвальд”.

1991 год 

Верасень. У Гародні на пляцы Леніна прайшоў мітынг дэмакратычных сілаў. Удзельнікаў - некалькі сотак чалавек.

1992 год 

25 сакавіка. У Гародні выйшаў першы нумар газэты “Пагоня”.

1 кастрычніка. У Гародні на пляцы Леніна прайшоў мітынг дэмакратычных сіл супраць камуністычнай прыхватызацыі. Удзельнічалі некалькі сотак чалавек.

19 кастрычніка. У Гародні на пляцы Леніна прайшоў мітынг настаўнікаў супраць палітыкі ўладаў.

1993 год 

17 траўня. У Гародні ў Старым парку прайшоў мітынг дэмакратычных сілаў. Колькасьць удзельнікаў - 300-400 чалавек.

25 ліпеня. У Лідзе усталяваны помнік Францішку Скарыну (скульптар – Валер’ян Янушкевіч).

8 верасьня. У Гародні быў адзначаны Дзень беларускай вайсковай славы. Адбылося шэсьце ў цэнтры гораду, мітынг у Старым парку і прысяга на вернасьць Беларусі.

18 верасьня. У Астравецкім раёне былі ўрачыста адсьвяткаваныя 100-ыя ўгодкі з дня нараджэньня паэтаў Казімера Сваяка і Янкі Быліны.

31 кастрычніка. У Гародні на доме па адрасе праспэкт Будаўнікоў-27, дзе жыў Міхась Ткачоў, адчынена памятная дошка. Выступалі Зянон Пазьняк, Алег Латышонак і інш.

6 лістапада. У Гародні на пляцы Леніна адбыўся мітынг дэмакратычных сілаў з патрабаваньнем адстаўкі ўраду і правядзеньня датэрміновых выбараў у Вярхоўны савет.

15 сьнежня. У Гародні прайшоў мітынг працоўных, арганізаваны прафсаюзамі гарадскіх прадпрыемстваў.

1994 год 

10 верасьня. У Гародні адбылося масавае сьвяткаваньне 480-ых угодкаў перамогі ў бітве пад Воршай.

29 верасьня. У Гародні прайшлі ўрачыстасьці, прысьвечаныя 200-ым угодкам вызвольнага паўстаньня 1794 году. На будынку Новага замку адчынена мемарыяльная дошка.

1995 год 

Студзень. Гарадзенскія абласная і гарадская рады ТБМ прынялі зварот да Прэзідэнта Беларусі з пратэстам супраць прарасейскай палітыкі.

Студзень. Гарадзенскія настаўнікі (больш за 200 подпісаў) прынялі зварот да Прэзідэнта Беларусі з пратэстам супраць русіфікацыі.

25 студзеня. У Гародні ў Палацы хімікаў адбылася сустрэча грамадскасці з народным дэпутатам, лідарам Партыі Народная Згода Генадзем Карпенкам.

Люты. Жыхары Гародні прынялі зварот (усяго 156 подпісаў) да кіраўніцтва краіны з пратэстам супраць заявы старшыні камісіі па нацыянальнай бяспецы Прывалава, які прапанаваў пасылаць беларускіх вайскоўцаў у “гарачыя кропкі”.

Люты. Сябры клубу “Паходня” звярнуліся з адкрытым лістом да старшыні аблвыканкаму Аляксандра Дубко з патрабаваннем выканання “Закону аб мовах”.

16 лютага. Правядзеньне “Фондам Сапегі” супольна з Беларускім дзяржаўным музэем рэлігіі навуковай канфэрэнцыі “Беларускія каталіцкія сьвятары і нацыянальнае адраджэньне пачатку ХХ ст.” (да 105-ых угодкаў з дня нараджэньня Казіміра Сваяка).

17 лютага. У Доме народнай творчасці адбыўся круглы стол дэмакратычных арганізацый Гародні. Ініцыяваны БСДГ дзеля каардынацыі дзейнасці.

18 лютага. У Гародні ў скверы на Савецкім пляцы прайшоў пікет БНФ “Народ супраць вайны”, за 2 гадзіны было сабрана каля 200 подпісаў.

2 сакавіка. Луненскі сельскі савет (Мастоўскі р-н) па ініцыятыве жыхароў мястэчка вярнуў вуліцы Леніна гістарычную назву – Гродзенская.

27 ліпеня. Актывісты лідзкіх грамадзкіх арганізацый усталявалі два крыжы на магіле паўстанцаў 1863 году на полі бою паміж вёскамі Малое Ольжава і Мохавічы.

31 жніўня-2 верасьня. У Лідзе прайшлі дні ўшанаваньня памяці Ігната Дамейкі.

1996 год

14 лютага. На паседжаньні Гарадзенскай Рады ТБМ было створанае новае грамадзкае аб’яднаньне – Таварыства беларускай вышэйшай школы. Старшынём абраны прафесар Алесь Астроўскі.

15 сакавіка. У Гародні БНФ правёў 6 пікетаў у падтрымку Канстытуцыі, тры з іх былі разагнаныя міліцыяй, кіравалі разгонам падпалкоўнікі крымінальнага вышуку.

25 сакавіка. У Гародні прайшоў мітынг з нагоды Дня Волі. Удзельнічала каля тысячы чалавек. Над будынкам бібліятэкі імя Карскага быў узняты бел-чырвона-белы сцяг, які правісеў два дні.

29 сакавіка. У гарадах Беларусі прайшла сэрыя акцый супраць інтаграцыі Беларусі і Расеі.

24 траўня. У Гародні пачаўся І фэстываль нацыянальных культур (доўжыўся 24-26 траўня).

27 ліпеня. У Гародні прайшло шэсьце з нагоды дня абвешчаньня суверэнітэту, удзельнікі - каля 500 чалавек.

8 верасьня. У Гародні прайшлі шэсьце і мітынг у гонар Дня беларускай вайсковай славы.

1-15 лістапада. У Лідзе адноўлена выданне газеты "Наша слова" (рэдактар Станіслаў Суднік).

1997 год

6 красавіка. У Гародні адбыўся міжнародны рок-фэст “Губэрталіі альбо рок-сустрэчы пры старым Каралеўскім Тракце”.

24 красавіка. Выйшаў першы нумар незалежнага грамадска-палітычнага тыднёвіка Газета Слонімская.

12 кастрычніка. У Слоніме адбыўся пікет, прысвечаны эканамічным і праваабарончым праблемам, якія арганізавала моладзевая арганізацыя “Малады фронт”.

25 кастрычніка. У цэнтры Слоніма адбыўся пікет з сацыяльнымі патрабаваннямі, якія арганізавала Слонімская рада БНФ.

2 лістапада. Сябры Лідзкай гарадзкой арганізацыі ТБМ ў гарадзкім парку ўсталявалі крыж на магіле ўдзельніка паўстаньня 1863 г. ксяндза Адама Фалькоўскага. Празь некалькі дзён крыж быў зьнесены ўладамі.

20 сьнежня. Выйшаў першы нумар бюлетэню “Мастоўскі веснік”. Усяго выйшла больш 100 нумароў, рэдактар Язэп Палубятка.

1998 год

25 студзеня.  У малой зале РДК Слоніма адбылася сустрэча слонімцаў з кіраўніцтвам БНФ. Прыехалі Лявон Баршчэўскі, Вячаслаў Сіўчык, Іван Саверчанка, Юрась Беленькі.

10 красавіка. У Слоніме выйшаў першы нумар газеты Слонімскай рады БНФ “Змагар”.

26 красавіка. У цэнтры Слоніма прайшоў пікет, прысвечаны 12-м угодкам Чарнобыльскай трагедыі. Яго арганізавалі сябры БНФ Адраджэнне.

5 ліпеня. У Гародні прайшла ўстаноўчая канферэнцыя Абласнога краязнаўчага Таварыства імя Тодара Нарбута. Удзел у ёй узялі каля 50 краязнаўцаў з Гародні і бальшыні раёнаў вобласьці.

5 ліпеня. У Лідзе выйшаў 1-ы нумар літаратурна-мастацкага часопісу “Ад лідскіх муроў”.

9 жніўня. Дзень памяці Ларысы Геніюш у Зельве.

25 кастрычніка. Дзень памяці паўстанцаў 1863 году ў Сьвіслачы і Якушоўцы.

8 лістапада. У Гародні Партыя БСДГ правяла інфармацыйны пікет каля Дома сувязі. Да акцыі далучыліся прадстаўнікі Маладога Фронта.

24 лістапада. У Гародні адбыўся масавы мітынг пратэсту (каля 2 тыс. удзельнікаў) супраць праекту дамовы пра стварэньне саюзнай дзяржавы Беларусі з Расеяй.

4 сьнежня. Сустрэча гарадзенцаў з лідарам БСДГ Станіславам Шушкевічам.

10 сьнежня. Несанкцыянаваны пікет у Гародні прымеркаваны да 50-ых угодкаў прыняцьця Сусьветнай дэклярацыі правоў чалавека.

13 снежня. У Слоніме на Першамайскай вуліцы адбыўся пікет прысвечаны росту цэн, мізэрнай зарплаце і збядненню беларускага народа. У ім узялі ўдзел 15 чалавек. Арганізатар – суполка БНФ. 

1999 год

29 студзеня. Мiжнародная навуковая канфэрэнцыя у Гародні, прысьвечаная 115-ым угодкам з дня нараджэньня Антона Луцкевiча, беларускага грамадзка-палiтычнага дзеяча. Арганізатары – партыя БСДГ і “Фонд імя Льва Сапегі”.

5 сакавіка. У Гародні прайшла моладзевая антыфашыстоўская акцыя. На вауліцы Савецкай моладзь была абкружаная амапаўцамі з сабакамі. Затрымана 39 чалавек.

21 сакавіка. У Смаргонях у гарадзкім парку грамадзка-палітычны актывіст Алесь Дзергачоў правёў пікет супраць зьбядненьня народу. Быў затрыманы.

25 сакавіка. Несанкцыянаванае шэсьце ў Гародні, пераважна моладзевых актывістаў, з нагоды Дня волі.

24 красавiка. У мiжнародны дзень моладзi выезд гарадзенскай моладзi на двух аўтобусах у Гудзевiцкi музэй (Мастоўскi раён). Адбылiся вандроўка па памятных мясьцiнах (Багатырэвічы і Мінявічы) i бардаўскi канцэрт у лесе.

25 красавіка. У Гародні позна ўвечары прайшло шэсьце патрыётаў з усёй Беларусі з паходнямі, прымеркаванае да ўгодкаў Чарнобыльскай трагедыі. Удзельнічала 38 чалавек. Скончылася жорсткай сутычкай з міліцыянтамі на вуліцы Ажэшкі. Было затрымана 14 чалавек. Былі засуджаныя ад 2 да 4 сутак адміністрацыйнага арышту.

16 траўня. У Гародні, Слоніме, Мастах і Зельве, як і па іншых гарадах краіны, прайшлі альтэрнатыўныя выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Шэраг арганізатараў народнага галасаваньня былі затрыманыя.

6 чэрвеня. Удзел гарадзенцаў у агульнабеларускім Вальным сойме ў Баранавіцкім раёне.

7 ліпеня. У Гародні некалькі соцень працаўнікоў прадпрыемства “Азот” пікетавалі будынак адміністрацыі заводу з патрабаваньнем падвышэньня заробку. Пікет арганізаваў незалежны прафсаюз.

Ліпень. Штрайк рабочых племзаводу “Новы Двор” у Сьвіслацкім раёне. Трактарысты адмовіліся выехаць у поле, іх падтрымалі жывёлаводы. Прычына – нявыплата паўгадавога заробку.

21 ліпеня. У Гародні адбылося сьвята “провадаў Лукашэнкі” з удзелам каля 2 тысяч чалавек. Пасьля заканчэньня акцыі былі затрыманыя прадстаўнікі БНФ Сяргей Мальчык, Алесь Астроўскі, Кастусь Жынь, Мікола Воран (пазьней былі аштрафаваныя) а таксама Ян Лялевіч, і Мікола Маркевіч.

16 кастрычніка. Ушанаваньне на гарадзенскіх старых праваслаўных могілках памяці Марыі Багдановіч – маці паэта Максіма Багдановіча.

17 кастрычніка. Удзел гарадзенцаў ў Менску ў агульнабеларускім Маршы свабоды.

24 кастрычніка. У Якушоўцы (Сьвіслацкі р-н) пад час Дня памяці паўстанцаў 1863 году адбылося ўрачыстае адкрыцьцё памятнага крыжа. Пад час акцыі быў спалены тэкст так званай “саюзнай дамовы”.

24 лістапада. У Гародні адбылася агульнагарадская акцыя апазіцыйных сілаў з шэсьцем, скіраваныя супраць падпісаньня “саюзнай дамовы” з Расеяй. Былі затрыманыя Алесь Астроўскі, Уладзімір Рунге, Алесь Захараў.

9 сьнежня. У Лідзе прайшлі літаратурныя чытаньні, прысьвечаныя ўгодкам з дня нараджэньня Максіма Багдановіча. У той жа дзень адбыўся соймік няўрадавых арганізацыяў Лідзкага рэгіёну.

2000 год    

16 студзеня. У Гародні адбылася першая ў гісторыі агульнабеларуская сустрэча ветэранаў нацыянальна- вызвольнага руху – вязьняў сталiнскiх канцлягероў. Прысутнічала каля 12 ветэранаў (Пятро Рашэтнік, Надзея Дземідовіч, Іван Дутка, Мікола Канаш, Кастусь Рамановіч, Вера Касмовіч, Генадзь Пяткевіч і іншыя).

25 сакавiка. Агульнагарадзкія грамадзкія сьвяткаваньні Дня Волі ў Гародні. Акцыі адбыліся таксама ў Лідзе, Смаргонях, Сьвіслачы. Пазьней Сяргей Мальчык быў пакараны 10 суткамі адміністрацыйнага арышту.

13 красавіка. Ушанаваньне памяці Аляксея Карпюка (з нагоды 80-х угодкаў з дня нараджэньня пісьменьніка.

14 красавіка. У Гародні пікет пратэсту на плошчы Савецкай гарадзенскай арганізацыі Партыі БСДГ супраць судоў над гарадзенцамі-удзельнікамі Дня Волі.

25 красавіка. У Гародні шэсьце і ўскладаньне кветак, прысьвечаныя гадавіне падзеяў 1999 году.

26 красавіка. Удзел у Менску ў агульнабеларускім шэсьці “Чарнобыльскі шлях”. У Гародні прайшлі два пікеты – каля Дому сувязі і ў раёне Фартоў. Арганізатары – БНФ і Малады Фронт.

2 траўня. “Маўклівы” пікет пратэсту рэдакцыі газеты “Рэпарцёр” насупраць Гарадзенскага гарвыканкаму. Журналісты заклеілі раты чорным скотчам і адзелі адмысловыя кашулькі. Прычына пратэсту – нерэгістрацыя газеты.

5 траўня. Адзначэньне і віншаваньне ў Гародні з 90-мі ўгодкамі Апанаса Цыхуна, беларускага краязнаўца, настаўніка і літаратара.

16 траўня. Пікет грамадзкіх актывістаў пад эгідай ТБМ у падтрымку беларускай мовы.

24 чэрвеня. У Наваградку адбыўся рыцарскі фэст. Міліцыя затрымала трох берасьцейцаў за бел-чырвона-белы сьцяг.

2 ліпеня. Удзел гарадзенцаў у агульнабеларускім 4-ым Кангрэсе дэмакратычных сілаў (Менск).

27 ліпеня. Правядзеньне грамадзка-палітычнымі арганізацыямі урачыстасьцяў з нагоды 10-х угодкаў Дэклярацыі аб суверэнітэце Рэспубікі Беларусь. Правядзеньне ў Гародні інфармацыйных пікетаў і урачыстага паседжаньня ў палацы “Юнацтва”. Акцыя прайшла таксама ў Ваўкавыску.

29 ліпеня. Удзел гарадзенцаў ва Усебеларускім зьезьдзе за незалежнасьць (Менск).

6 жніўня. Выезд у Зельву, адзначэньне 90-ых угодкаў з дня нараджэньня паэткі Ларысы Геніюш. Асвячэньне памятнай дошкі.

8 верасьня. Акцыя ў Гародні па запуску паветраных шароў з бел-чырвона-белым сцягам у гонар Дня беларускай вайсковай славы.

8 кастрычніка. Агульнагарадскі мітынг і шэсьце ў Гародні, у якіх узялі ўдзел каля 1500 чалавек, супраць недэмакратычных выбараў у парлямант. У Лідзе таксама адбылася акцыя, пад час якой затрымалі 4 чалавекі.

22 кастрычніка. Дзень памяці паўстанцаў 1863 году. Арганізацыя ў Сьвіслачы і Якушоўцы ўрачыстасьцяў.

1 лістапада. Грамадзкая агульнагарадзенская акцыя памяці Дзяды ў Гародні. Ля помніка Янкі Купалы былі затрыманыя 23 чалавекі.

4 лістапада. У Парэччы (Слонімскі р-н) усталяваны памятны крыж у гонар паўстанца Міхала Валовіча і яго паплечнікаў.

12 лістапада. У Гародні адбыўся пікет моладзі пад транспарантам “Беларусь- гэта сьвятое”. 15 чалавек былі затрыманыя, 9 зь іх 23 лістапада аштрафаваныя.

23 лістапада. Па ўсёй Беларусі прайшоў аднадзённы папераджальны страйк індывідуальных прадпрыманьнікаў. Акцыі прайшлі ў Гародні і Лідзе.

29 лістапада. У Гародні на месцы зьнішчэньня Фары Вітаўта быў усталяваны крыж з бел-чырвона-белымі палосамі. У той жа дзень крыж зьнішчаны ўладамі.

10 сьнежня. Пікеты ў Гародні, прымеркаваныя да сусьветнага дня правоў чалавека. 

2001 год 

25 сакавіка. Сьвяткаваньне ў Гародні Дня Волі, у якім узяло удзел каля 5 тысяч чалавек. Адбылося супрацьстаяньне з міліцыяй і АМАПам, а пасьля шэсьце праз пляц Тызэнгаўза і вул Горкага да Каложскай царквы, дзе прайшоў мітынг. У Шчучыне на плошчы Свабоды мясцовыя дэмакратычныя арганізацыі правялі пікет.

26 красавіка. У Слоніме прайшоў пікет, прысьвечаны 15-ым угодкам Чарнобыльскай трагедыі.

1 траўня. У Гародні адбыўся мітынг, арганізаваны гарадзенскай моладзевай кааліцыяй дэмакратычных арганізацый. Было затрымана больш 10 грамадзкіх актывістаў і журналістаў.

4 чэрвеня. Каля гарадзенскага чыгуначнага вакзалу актывісты АГП, Маладой Грамады і Маладога Фронту правялі акцыю "Хочам ведаць праўду", трымаючы ў руках партрэты людзей, якія зьніклі бязь вестак. Быў затрыманы Тадэвуш Гавін, былы старшыня Саюзу палякаў. Праз дзень яго засудзілі да трох сутак адміністрацыйнага арышту.

3 лістапада. Дзень памяці паўстанцаў 1863 году ў Сьвіслачы і Якушоўцы (Сьвіслацкі раён).

12 лістапада. Вышэйшым гаспадарчым судом Рэспублікі Беларусь зачынена газета “Пагоня”. Пазьней галоўны рэдактар газеты Мікола Маркевіч і журналіст Павал Мажэйка асуджаны на два гады спецпасялення паводле крымінальнай справы за “паклёп на прэзідэнта”.

29 лістапада. У Гародні прайшла акцыя, прысьвечаная чарговым угодкам зьнішчэньня Фарнага касьцёлу Вітаўта. Удзельнікі - каля 200 чалавек - на месцы, дзе некалі стаяў архітэктурны помнік і зрабілі крыж з яловых лапак. Быў затрыманы Дзьмітры Іваноўскі, якога пазьней аштрафавалі.

2002 год

25 сакавіка. Адзначэньне ўгодкаў Дня Волі ў Гародні і Слоніме.

9 красавіка. Падтрым у судзе журналістаў Пагоні”.

2 жніўня. У мяст. Пагранічны (Бераставіцкі р-н) улады разбурылі будынак аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Гэтаму папярэднічалі і спадарожнічалі пратэсты мясцовых, свіслацкіх і гарадзенскіх актывістаў.

11 жніўня. Адзначэньне Дня памяці Ларысы Геніюш у Зельве.

15 верасьня. У Бяліцы (Лідзкі р-н) былі ўсталяваныя памятны крыж і мэмарыяльная пліта ў гонар бітвы 1659 году, калі шляхта Лідзкага пав. дала бой 30-тысячнаму маскоўскаму войску (празь месяц памятныя знакі былі зьнішчаны ўладай).

30 верасьня. Вечарына ў Гародні памяці Зоські Верас.

20 кастрычніка. Традыцыйны Дзень памяці паўстанцаў 1863 году (Сьвіслач і Якушоўка).

2 лістапада. Адзначэньне ў Гародні Дзядоў.

25 лістапада. У Гародні выйшаў 1-ы нумар інфармацыйна-аналітычнага бюлетэню “Свой Лад”, рэдактар Віктар Сазонаў. Выходзіў да траўня 2004, калі рэдакцыя была разгромлена КДБ, усяго выйшла 14 нумароў.

19 сьнежня. Падаваньне подпісаў у Гарадзенскія гарвыканкам і гарсавет з зваротам грамадзянаў гораду Гародня (усяго – 597 подпісаў) у ініцыятыве ўшанаваньня ў 2003 годзе нацыянальных сьвятаў і дэмантажу помніка Леніну. Па ўсіх пунктах было адмоўлена. 

2003 год

22 студзеня. У Гародні каля будынку аблвыканкаму адбылася акцыя пратэсту прадпрымальнікаў, у якой узялі ўдзел каля 300 чалавек.

30 студзеня. У Гародні пасьля несанкцыянаванага мітынгу прадпрымальнікаў да 15 сутак адміністрацыйнага арышту быў засуджаны Зьміцер Іваноўскі, кіраўнікі руху "Гарадзенскі аыбар". 15 сутак ён трымаў галадоўку.

21 сакавіка. У Варанове сябры супокі БНФ павіншавалі школьнікаў і настаўнікаў райцэнтру з круглымі ўгодкамі БНР - раздаваліся сьвяточныя паштоўкі. Скончылася прыездам міліцыі і КДБ, допытамі школьнікаў.

23 сакавіка. Да Дня Волі ў Гародні прайшла акцыя, прысьвечаныя 85-ым угодкам БНР. Былі затрыманыя 4 удзельнікі: Сяргей Сцяп. Мальчык, Сяргей Ул. Мальчык, Зьміцер Антановіч і Мікалай Яўсей.

Пачатак чэрвеня. Ліквідавана Гарадзенскае абласное ГА "Ратуша" - нібыта за ажыцьцяўленьне выдавецкай дзейнасьці без ліцэнзіі - у справе фігураваў зборнік беларускага фальклёру, надрукаваны на рызографе.

4 ліпеня. Гарадзенскі гарвыканкам адмовіў прадстаўнікам грамадзкіх арганізацый у правядзеньні акцыі да ўгодкаў бітвы пад Грунвальдам.

1 лістапада. У Жодзішках (Смургонскі р-н) на мясцовых могілках асвечаны памятны крыж у гонар Андрэя Цікоты, беларускага рэлігійнага і грамадзка-культурнага дзеяча.

2004 год 

22 студзеня. У Гародні выйшаў першы нумар газеты “День”.

12 лютага. У Гародні прайшоў штрайк прадпрымальнікаў як частка агульнабеларускага штрайку.

1 сакавіка. У Гародні побач з аблвыканкамам прайшоў “мітынг маўчаньня” прадпрымальнікаў (каля 500 чалавек). 3 сакавіка Дзьмітрый Іваноўскі атрымаў 10 сутак арышту.

7 красавіка. У Гародні адбылася сустрэча грамадзкасьці з прадстаўнікамі Народнай кааліцыі “Пяцёрка-плюс” з Менску. Пасьля сустрэчы былі затрыманыя 4 чалавекі.

26 красавіка. У Гародні адбыўся вулічны сход-штрайк прадпрымальнікаў.

1 траўня. У Гародні адбыўся масавы вулічны штрайк прадпрымальнікаў. Пасьля яго былі засуджаны да адміністрацыйнага арышту Валерый Леванеўскі (15 сутак), Уладзімір Леванеўскі (13 сутак), Аляксандар Траян (3 сутак).

11 траўня. КДБ правёў у Гародні тры ператрусы: у памяшканнях рэдакцый газеты “День”, бюлетэня “Свой Лад” і ТБШ. У рэдакцыях была забраная кампутарная тэхніка.

24 траўня. Лідары Народнай кааліцыі “Пяцёрка-плюс” прынялі заяву з патрабаваньнем спыніць у Гародні палітычныя рэпрэсіі.

7 верасьня. Рашэньнем Ленінскага раённага суду Гародні старшыня Рэспубліканскага страйкама прадпрымальнікаў Валеры Леванеўскі і яго намесьнік Аляксандар Васільеў засуджаны на 2 гады зьняволеньня за распаўсюд улётак, якія расцанілі як публічную зьнявагу прэзідэнта РБ.

20 верасьня. Гарадзенскі БАЖ падаў у гарвыканкам заяўку на правядзенне пікету ў падтрымку газеты “Биржа информации”. 4 кастрычніка ў правядзеньні пікету было адмоўлена.

4 кастрычніка. Несанкцыянаваны пікет у Гародні на вуліцы Савецкай 5-ці журналістаў супраць несправядлівага штрафу рэдактарцы газеты “Биржа информации” Алене Раўбецкай. Пазьней журналістаў затрымлівалі. 29 кастрычніка Павал Мажэйка быў засуджаны да 7 сутак арышту, Натальля і Анатоль Макушыны аштрафаваныя.

27 кастрычніка. У Ваўкавыску да галадоўкі рэдактара “Местной газеты” Андрэя Шантаровіча далучыўся ведамы грамадзка-палітычны дзеяч Мікола Аксаміт, які пратэставаў супраць фальсіфікацыі выбараў у парлямант. 5 лістапада спыніў галадоўку пасьля шпіталізацыі. 7 сьнежня безпадстаўна быў арыштаваны на 5 сутак.

31 кастрычніка. Традыцыйны Дзень памяці паўстанцаў 1863 году. Былі затрыманыя Віктар Сазонаў, Сяргей Мальчык, Вадзім Саранчукоў. Пазьней засуджаны да штрафаў.

3 лістапада. Сябры Гарадзенскай філіі БАЖ прынялі заяву пратэсту супраць адміністрацыйнага арышту Паўла Мажэйкі.

2005 год

15 сакавіка-15 красавіка. У Ваўкавыску прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч цягам месяца трымаў галадоўку на знак пратэсту супраць арышту фінансавага рахунку яго транспартнай фірмы. Да пратэсту далучылася каля 30 рабочых фірмы.

24 красавіка. Канфэрэнцыя прэтэндэнтаў у кандыдаты ў прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь ад дэмакратычных сілаў Гарадзенскай вобласці.

6 жніўня. Дзень памяці Ларысы Геніюш у Зельве (95-ыя ўгодкі).

1-2 кастрычніка. Удзел гарадзенцаў у кангрэсе дэмакратычных сілаў у Менску.

2006 год 

12 жніўня. Дзень памяці Ларысы Геніюш у Зельве.

13-14 кастрычніка. Удзел гарадзенцаў у Беластоку у сьвяткаваньні 50-ых угодкаў газэты “Ніва”.

29 кастрычніка. Дзень памяці паўстанцаў 1863 году ў Сьвіслачы і Якушоўцы.

2007 год

26 красавіка. Удзел гарадзенцаў у Менску ў “Чарнобыльскім шляху”.

2 траўня. Акцыя пратэсту гісторыкаў у Гародні супраць руйнаваньня старога гораду.

17 траўня. У Гародні прайшоў экалагічны флэш-моб.

24 траўня. Акцыя пратэсту ў Гародні супраць разбурэньня будынку старога паравога млына. Былі затрыманыя 7 чалавек.

26-27 траўня. Удзел гарадзенцаў у Менску ў Кангрэсе дэмакратычных сіл Беларусі.

2 чэрвеня. Акцыя ў абарону старога гораду ў Гародні. Былі затрыманыя 5 чалавек.

4 чэрвеня. Акцыя ў абарону старога гораду ў Гародні. Былі затрыманыя 3 чалавекі.

3 ліпеня. У Гародні адбыўся перформанс у абарону старога гораду. Былі затрыманыя 2 чалавекі.

14 ліпеня. Каля ўезду ў Ваўкавыск пастаўлены і асьвечаны крыж у памяць ахвяраў таталітарных рэжымаў XX стагоддзя.

15 ліпеня. У Гародні былі адзначаны ўгодкі Грунвальдскай бітвы.

 29 верасьня. У Сынковічах (Зельвенскі р-н) адбыўся першы Дзень хрысьціянскай паэзіі, прымеркаваны да 600-годдзя Сынковіцкай царквы.

 29 верасьня. У вёсцы Хадзявічы (Слонімскі р-н) прайшло свята творчай інтэлігенцыі пад назвай "Свята хаты". 

2008 год

2 траўня. У Гародні ў дворыку па вуліцы Будзёнага 48а адбыўся канцэрт польскага рок-гурта "Lombard". 5 чэрвеня суд Леніскага раёну Гародні аштрафаваў Віктара Сазонава і Юры Істоміна на 30 базавых велічыняў (1 млн. 50 тыс.) за маханьне бел-чырвона-белым сьцягам. 9 чэрвеня за арганізацыю канцэрту Анжаліка Борыс аштрафаваная на 40 базавых велічынь

29 траўня. Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь ліквідаваў Гарадзенскую абласную структуру ГА "БНФ Адраджэньне" на падставе адсутнасьці памяшканьня і юрыдычнага адрасу. 

Пачатак жніўня. Упраўленьне юстыцыі Гарадзенскага гарвыканкаму сёмы раз запар адмовіла ў рэгістрацыі абласной суполцы партыі БСДГ.

16 кастрычніка. У выніку акцыі пратэсту супраць сьпілаваньня ў цэнтры Гародні дрэваў былі затрыманыя грамадскія актывісты Ігар Лапеха, Эдвард Дмухоўскі і Надзея Крапівіна. 13 лістапада суд Ленінскага раёну пакараў іх штрафамі: Лапеху - 30 базавых велічынь, Крапівіну - 25, Дмухоўскага - 5.

Лістапад. Астравецкі райвыканкам адмовіў грамадскім актывістам Міколу Уласевічу і Івану Круку ў правядзеньні пяці інфармацыйных пікетаў супраць пабудовы АЭС на тэрыторыі Астравецкага раёну.

10 сьнежня. У Гародні прайшла інфармацыйная акцыя прымеркаваная да 60-ых угодкаў прыняцьця Дэклярацыі правоў чалавека. Былі затрыманыя Віктар Сазонаў, Уладзімір Хільмановіч, Ян Роман і Алег Калінкоў. Пасьля пісьмовых тлумачэньняў у міліцыі іх адпусьцілі.

2009 год 

20 чэрвеня. У Ваўкавыску адбыўся традыцыйны Дзень памяці ахвяраў таталітарных рэжымаў. У лесе прайшоў канцэрт Зьмітра Бартосіка.

28 чэрвеня. У Парэччы (Слонімскі р-н) прайшоў традыцыйны Дзень памяці Міхала Валовіча.

2010 год 

4 лютага. Удзел гарадзенцаў ў сьвяткаваньні ўгодкаў нараджэньня Тадэвуша Касьцюшкі ў Марачоўшчыне (Івацэвіцкі р-н).

16-17 ліпеня. Грамадзкія актывісты з Гарадзеншчыны (каля 40 чалавек) узялі ўдзел у юбілейных урачыстасьцях на Грунвальдзкім полі.

25 ліпеня. Ушанаваньне памяці паўстанцаў у Лідзкім раёне (ля крыжоў паміж вёскамі Вялікае Ольжава і Мохавічы).

2 верасьня. Прафесар Гарадзенскага медыцынскага ўніверсітэту Алесь Астроўскі, ягоная жонка Аксана, іх дзеці і журналіст Уладзімір Хільмановіч выйшлі на плошчу Леніна ў Гародні з плакатамі за беларускамоўнае школьніцтва. Пікетоўшчыкі былі затрыманыя міліцыяй.

30 кастрычніка. Традыцыйны Дзень памяці паўстанцаў 1863 году ў Сьвіслачы і Якушоўцы. 

2011 год

30 сакавіка. Гарадзенскія журналісты прынялі заяву на адрас абласной пракуратуры з патрабаваннем спыніць крымінальны пераслед Андрэя Пачобута.

Красавік. Гарадзенская арганізацыя Партыі БНФ падала заяўку на пікет з нагоды 25-ых угодкаў чарнобыльскай трагедыі. У пікеце было адмоўлена, пасля чаго БНФ выступіў з адмысловым інфармацыйным матэрыялам “Учора Чарнобыль – сёння Фукусіма – заўтра Астравец? Дзякуй. Не трэба!”, у якім даводзілася небяспека пабудовы новай АЭС.

21 траўня. На беларуска-летувіскім сумежжы, у лесе паблізу вёскі Кадыш (Гарадзенскі р-н), быў асвечаны памятны крыж у гонар паўстанцаў 1863 году. Урачыстасць сабрала каля 150 чалавек.

4 чэрвеня. У Крэве (Смаргонскі р-н) прайшла літаратурная імпрэза "Дрэва паэзіі".

12 чэрвеня. На памежным пераходзе Брузгі адбыўся масавы штрайк аўтамабілістаў (больш 100 удзельнікаў). Акцыя была разагнана АМАПам. Каля 20 чалавек былі затрыманыя, многія зьбітыя. Пазьней адбыліся суды, 36 чалавек былі пакараны адміністрацыйным арыштам і штрафамі.

15 чэрвеня. У Гародні адбылася маўклівая акцыя пратэсту “Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі”. Было затрымана каля 100 чалавек.

18 чэрвеня. У Гародні ў дзнь сотых угодкаў была адчынена мемарыяльная дошка ў гонар кампазітара Аляксандра Шыдлоўскага.

18 чэрвеня. У вёсцы Парэчча Слонімскага раёну адзначаны 205-ыя ўгодкі з дня нараджэньня кіраўніка вызвольнага антырасейскага паўстаньня Міхала Валовіча. На акцыю прыехала каля 40 грамадска-палітычных актывістаў Гарадзеншчыны.

19 чэрвеня. У Гародні прайшла акцыя памяці Васіля Быкава. У горадзе былі пастаўлены імправізаваныя шыльдачкі ў мясьцінах, зьвязаных з жыцьцём і дзейнасьцю Быкава. Арганізатары – дэмакратычныя ветэраны і актывісты кампаніі “Гавары праўду”.

22 чэрвеня. У Гародні і Лідзе адбыліся маўклівыя акцыі пратэсту “Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі”. У Лідзе быў зьбіты журналіст “Белсату” Сяргей Карпенка.

29 чэрвеня. У Гародні з удзелам каля 1000-1500 чалавек адбылася масавая маўклівая акцыі пратэсту “Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі”.

Чэрвень. Гарадзенская абласная рада ТБМ прыняла зварот да бацькоў будучых першакласнікаў. 

3 ліпеня. У Гародні адбылася масавая маўклівая акцыі пратэсту “Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі”. Дзесяткі ўдзельнікаў, у тым ліку журналісты, былі затрыманыя, пазьней засуджаныя да адміністрацыйнага арышту і штрафаў. 

6 ліпеня. У Гародні з удзелам каля тысячы чалавек адбылася масавая маўклівая акцыі пратэсту “Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі”. Дзесяткі людзей былі затрыманыя і зьбітыя, пазьней засуджаныя да адміністрацыйнага арышту і штрафаў.

31 ліпеня. На брацкай магіле паміж вёскамі Мохавічы і Малое Ольжава (Лідскі р-н) прайшла акцыя ўшанаваньня паўстанцаў 1863 году.

7 жніўня. Сьвіслацкія актывісты ўшанавалі ў Зельве памяць Ларысы Геніюш.

Жнівень. На Гарадзеншчыне ішоў збор паручальніцтваў за арыштаванага кіраўніка правабарончага цэнтру "Вясна" Алеся Бяляцкага з мэтай вызвалення яго з пад арышту.

Жнівень. Грамадскія лідары Астравеччыны Іван Крук і Мікалай Уласевіч падалі заяўку на правядзенне пікету супраць будаўніцтва Астравецкай АЭС. Улады ў правядзенні пікету адмовілі.

23 жніўня. Гарадзенскія правабаронцы з "Вясны" правялі акцыю па інфармаваньні грамадзкасьці гораду пра сітуацыю з кіраўніком ПЦ “Вясна” А.Бяляцкім: удзельнікамі акцыі было раздадзена некалькі соцень улёткаў і адмыслова падрыхтаванага спецвыпуску бюлетэня “Прэзумпцыя”. Быў затрыманы Віктар Сазонаў.

19 верасьня. У час начной расклейкі агітацыйных улётак да акцыі 21 верасьня ў Гародні былі затрыманыя маладафронтаўцы Вераніка Велігор і Алесь Кіркевіч.

2012 год 

21 студзеня. У Сьвіслачы прайшла прэзентацыя краязнаўчага даведніка "Імёны і гістарычныя помнікі Сьвіслацкай зямлі".

10 сакавіка. У Гародні сябры БСДГ усклалі кветкі да памятнай шыльды Міхася Ткачова ў дзень яго 70-ых угодкаў.

25 сакавіка. У Гародні ў Дзень Волі адбылася акцыя ўскладання кветак да нацыянальных помнікаў. Міліцыяй быў затрыманы Уладзімір Хільмановіч.

11 жніўня. Адбыўся традыцыйны Дзень памяці Ларысы Геніюш у Зельве. Прыехалі грамадскія актывісты з Гародні, Слоніма, Менску, Ваўкавыску, Сьвіслачы, Івацэвічаў.

25 жніўня. У Мастоўскім раёне (Луна, Падбараны, Мінявічы) прайшла акцыя ўшанавання памяці беларускага паэта Міхася Явара.

27 кастрычніка. У Сьвіслачы і Якушоўцы прайшоў традыцыйны Дзень памяці паўстанцаў 1863 году. За бел-чырвона-белыя сцягі былі затрыманыя і засуджаныя чатыры чалавекі: Станіслава Гусакова, Вітольд Ашурак і Алесь Крот - да трох сутак адміністрацыйнага арышту, Віталь Лопасаў да трох мільёнаў штрафу.

3-4 лістапада. У рамках дзён Сьвятога Губерта прайшла міжнародная канферэнцыя "Гарадзенскі палімпсест. Людзі даўняй Гародні".

2013 год

2 лютага. У дзень 175-ых угодкаў нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага грамадскія актывісты Сьвіслачы ўшанавалі памяць героя.

12 лютага. Сябры Слонімскай суполкі БХД правялі ўлёткавую акцыю ў рамках кампаніі ў абарону палітвязняў.

16 сакавіка. Праваабаронец Уладзімір Малей у час спартовых спаборніцтваў у Гародні правёў акцыю ў падтрымку зняволенага Алеся Бяляцкага.

23 сакавіка. У Гародні прайшла агульнанацыянальная дыктоўка, прымеркаваная да Дня Волі.

25 сакавіка. Грамадскія актывісты Слоніма і Сьвіслачы адзначылі Дзень Волі. У Варанове лідскія актывісты ўшанавалі памяць генерала БНР Кіпрыяна Кандратовіча.

25 траўня. У Гародні прайшла канферэнцыя “Паўстанне 1863 года на Гарадзеншчыне: у навуковых даследаваннях і памяці народаў”. 26 траўня адбыўся выезд па мясьцінах паўстанцаў на Гарадзеншчыне і ўшанаваньне магілаў і памятных знакаў.

10 ліпеня. У Гародні прайшла акцыя “Гарадзенцы ў падтрымку палітвязняў” - падпісаньне палітвязьням паштовак.

13 ліпеня. У Мастоўскім раёне прайшла традыцыйная акцыя памяці беларускага паэта Міхася Явара. Асноўным арганізатарам памятнай імпрэзы выступіла грамадская ініцыятыва “За Еўрапейскую Мастоўшчыну”. 

28 ліпеня. Ва ўрочышчы Крыжы (каля вёсак Ольжава і Мохавічы, Лідскі р-н) па ініцыятыве ТБМ прайшла традыцыйная акцыя па ўшанаваньні паўстанцаў 1863 году. 

2 жніўня. У Дзятлаве і Валеўцы (Наваградскі р-н) прайшлі імпрэзы ў гонар 100-галовага юбілею Міхася Петрыкевіча, беларускага музеязнаўца і педагога.

3 жніўня. У Парэччы (Слонімскі р-н) адбылася традыцыйная акцыя памяці Міхала Валовіча. У час ушанавання на мемарыяльнай старой пліце, якая была пастаўлена ў 2003 годзе, адкрылі новую мармуровую пліту Міхалу Валовічу і яго сябрам-паўстанцам.

10 жніўня. У Зэльве сябры Гарадзенскіх БСДГ і БНФ ушанавалі памяць паэткі Ларысы Геніюш.

28 жніўня. З гарадзенскай турмы выйшаў на волю Зьміцер Дашкевіч. Яго сустракалі сябры, родныя і журналісты.

27 кастрычніка. У Сьвіслачы і Якушоўцы адзначылі 150-ыя ўгодкі з часу паўстаньня 1863 году.

2 лістапада. Сьвіслацкія грамадскія актывісты ўшанавалі памяць загінуўшых габрэяў у час другой сусветнай вайны.

13 лістапада. У Гародні на могілках па праспекце Касманаўтаў прайшло асьвячэньне адноўленага помніка кампазітару Антону Валынчыку.

2014 год

26 студзеня. У Слоніме ініцыятыўная група Івана Шэгі правяла пікет па зборы подпісаў на вылучэнне кандыдатам у дэпутаты. Пікет праходзіў пад дэвізам супраць размяшчэння ў Беларусі ракетных расейскіх вайсковых базаў.

7 лютага. У Гародні сябры АГП правяді выбарчы пікет са зборам подпісаў. У выніку 12 лютага тры чалавекі – Аляксандра Васілевіч, Ежы Грыгенча і Руслан Кулевіч былі засуджаныя да штрафаў памерам 15 базавых велічыняў. Ірына Давідовіч, сябра АГП з Іўя, была аштрафаваная на 10 базавых велічыняў.

25 сакавіка. У  Гародні праваабаронцы Віктар Сазонаў, Раман Юргель і Уладзімір Хільмановіч правялі акцыю памяці ў чарговыя ўгодкі абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, сфатаграфаваліся з беларускімі і ўкраінскімі сьцягамі. 3 красавіка ўсе трох былі засуджаныя да 25 базавых велічыняў штрафу за здымкі, што яны зрабілі 25 сакавіка каля гістарычных мясцін гораду.

25 сакавіка. У Сьвіслачы грамадскія актывісты правялі ўшанавальную акцыю памяці ў гонар Дня Волі.

26 кастрычніка. У Сьвіслачы адбылося пахаваньне грамадзкага актывіста Віктара Дзесяціка і традыцыйны Дзень памяці паўстанцаў 1863 году.

2015 год

26 лютага. У Гародні адбылася прэзентацыя кніжкі Станіслава Шушкевіча "Маё жыццё, крах і ўваскрэшанне СССР" і сустрэча з аўтарам.

13 сакавіка. На памежным пераходзе “Каменны Лог” мытнікі затрымалі Агляд-хроніку «Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў 2014 годзе», падрыхтаваныя Праваабарончым цэнтрам “Вясна”. Некалькі дзесяткаў асобнікаў Агляд-хронікі ў сваім аўтамабілі праз беларускую мяжу перавозіў смаргонскі праваабаронца Алесь Дзергачоў.

29 сакавіка. Адбылася традыцыйная (восьмая па ліку) агульнагарадзская гарадзенская дыктоўка.

8 жніўня. У Зэльве былі ўрачыста адзначаны 105-ыя ўгодкі з дня нараджэння Ларысы Геніюш.

31 кастрычніка.  У Сьвіслачы і Якушоўцы прайшоў традыцыйны Дзень памяці паўстанцаў 1863 году. Адбылося ўскладанне кветак, запальванне зьнічоў і канцэрт выканаўцаў песень пад гітару. Пазьней былі складзены 6 пратаколаў пра нібыта адміністрацыйныя правапарушэньні. Сьвіслацкім раённым судом 19 лістапада быў пакараны штрафам на чатыры з паловай мільёна рублёў Юры Глебік. 3-га сьнежня гарадзенцы Віктар Сазонаў і Эдвард Дмухоўскі былі асуджаныя на мільён 800 тысяч кожны. Пазьней Уладзіміра Хільмановіча ў Сьвіслачы асудзілі на 7 мільёнаў 200 тысяч рублёў, Вітольда Ашурка ў Лідзкім раённым судзе — на адзін мільён 800 тысяч, Віталя Гуляка ў Ваўкавыскім раённым судзе - на 7 мільёнаў 200 тысяч.

2016 год

9 сакавіка. Сябры Слонімскага згуртаваньня дэмакратычных сіл пры ўездзе ў Слонім з боку аўтадарогі Ліда-Дзятлава-Слонім правялі акцыю ў падтрымку ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанкі

25 сакавіка. У Гародні ў Доме паломніка праваслаўнага сабора па вуліцы Акадэмічнай прайшла імпрэза, прысьвечаная 70-ым угодкам гарадзенскага аддзяленьня Саюза беларускіх пісьменьнікаў.

30 сакавіка. 85 гадоў споўнілася грамадскаму дзеячу, навукоўцу Аляксею Пяткевічу. У Гарадзенскай абласной бібліятэцы імя Яўхіма Карскага з гэтай нагоды, а таксама з нагоды выхада яго новай кнігі, прайшла ўрачыстасьць.

11 чэрвеня. У Парэччы (Слонімскі раён) адбылася традыцыйная акцыя па ўшанаваньні Міхала Валовіча і іншых паўстанцаў 1830 году.

7 жніўня. На зэльвенскіх могілках грамадскія актывісты з Сьвіслачы, Слоніма і Гародні традыцыйна ўшанавалі беларускую паэтку і змагарку Ларысу Геніюш.

9 жніўня. У Барыса-Глебскай царкве Гародні адбыўся малебен за Ларысу Геніюш, пасьля адбыліся геніюшаўскія літаратурныя чытаньні.

20 жніўня. У Баброўні (Гарадзенскі раён) адылася культурніцка-ушанавальная імпрэза памяці Макара Краўцова.

16 верасьня. У Гародні на Савецкай плошчы Сяргей Верамеенка, Анатоль Мышкевіч і Віталь Мойса зьдзесьнілі пікет у памяць зьніклых палітыкаў. Пазьней іх аштрафавалі.

30 верасня. У Сьвіслачы і Якушоўцы прайшоў традыцыйны Дзень памяці паўстанцаў 1863 году. Удзел у ім узялі каля 80 чалавек. На фэст прыехалі грамадскія актывісты з Берасьця, Кобрына, Менску, Баранавічаў, Ваўкавыску, Зэльвы, Ліды, Бярозаўкі, Слоніма, Наваградку, Гародні.

2017 год

19 лютага. У Гародні прайшоў мітынг пратэсту “Марш недармаедаў”. Тры чалавекі – Сяргей Верамеенка, Вадзім Саранчукоў і Ежы Грыгенча пазьней засуджаныя да адміністрацыйнага арышту, яшчэ 10 чалавек – аштрафаваныя.

10 сакавіка. У Гародні ў дзень 75-ых угодкаў з дня нараджэньня ўшанавалі памяць Міхася Ткачова.  

15 сакавіка. У Гародні адбыўся мітынг, прысьвечаны Дню Канстытуцыі. Чатыры чалавекі – Аляксандр Лаўрэнцьеў, Эдвард Дмухоўскі, Антон Вайцехаў і Мікалай Салянік за гэта засуджаныя да адміністрацыйнага арышту, яшчэ 6 чалавек – аштрафаваныя.

19 сакавіка. Мітынг “недармаедаў” у Слоніме. Пасьля яго быў затрыманы Віктар Марчык, якога засудзілі да 5 сутак адміністрацыйнага арышту.

25 чэрвеня. У Парэччы (Слонімскі раён) адбылася традыцыйная акцыя па ўшанаваньні Міхала Валовіча і іншых паўстанцаў 1830 году.

6 ліпеня. У Гародні прайшла дзесятая ўсебеларуская дыктоўка. Яна была прысвечана пяцісотгоддзю беларускага кнігадрукаваньня. 

6 жніўня. У Зэльве прайшоў традыцыйны Дзень памяці Ларысы Геніюш.

8 верасьня. У Песках (Лідскі раён), прайшоў фэст у гонар Дня беларускай вайсковай славы. На яго прыехалі музычныя выканаўцы, творцы з усёй Беларусі. 

23 верасня. У мястэчку Жодзішкі (Смургонскі р-н) у будынку воднага млыну адчынены музей побыту беларусаў.

23 верасня. У вёсцы Зачэпічы (Дзятлаўскі р-н) прайшло абласное свята беларускай паэзіі. На хаце, дзе жыў Пятрусь Граніт (Іван Івашэвіч) усталявана шыльда з назвай вуліцы ў гонар паэта.

15 снежня. У Гародні адбылося ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнай шыльды ў гонар Тадэвуша Касцюшкі. Памятная табліца ўсталявана ў гарадзенскім Фарным касцёле.

2018 год

22 сакавіка. У вёсцы Ёдкі пад Лідай усталяваны памятны камень “100 год БНР”.

23 сакавіка. У Гародні прайшла літаратурна-музычная веарына, прысвечаная 100-ым угодкам БНР. Галоўныя арганізатары – рэгіянальныя суполкі ТБМ і Саюзу беларускіх пісьменьнікаў.

24 сакавіка. У Гародні прайшла традыцыйная, 11-я па ліку, дыктоўка. Яна была прысвечана 100-ым угодкам БНР.

25 сакавіка. У Лідскім гістарычна-мастацкім музеі адбылося мерапрыемства, прысвечанае 100-годдзю Беларускай Народнай Рэспублікі. 

25 сакавіка. У Гародні ў Каложскім парку прайшлі сьвяткаваньні з нагоды 100-ых угодкаў БНР. Удзел у іх узялі ад 500 да 700 чалавек.

20 красавіка. У Лідзе ў гісторыка-мастацкім музеі адбылася прэзентацыя першага поўнага афіцыйнага рыма-каталіцкага выдання на беларускай мове «Новага Запавету», якое выйшла ў 2017 г. у Менску.

28 красавіка-1 траўня. У Гародні прайшлі ІІІ Усебеларускія дні каталіцкай моладзі. Удзел у іх узялі каля дзвюх тысяч дзяўчат і хлопцаў, а таксама семінарысты з Гародні і Пінску.

17 чэрвеня. У Парэччы (Слонімскі раён) адбылася традыцыйная акцыя па ўшанаваньні Міхала Валовіча і іншых паўстанцаў 1830 году.

4 жніўня. У вёсцы Зачэпічы Дзятлаўскага раёна прайшоў другі абласны фэст беларускай паэзіі. У Дзятлаве на будынку краязнаўчага музея ўрачыста адкрытая шыльда ў гонар яго стваральніка Міхася Петрыкевіча.

5 жніўня. На Лідчыне ва ўрочышчы Крыжы, паміж вёскамі Мохавічы і Малое Вольжава, на месцы пахавання невядомых паўстанцаў, адкрылі народны мемарыял у гонар паўстання 1863 года.

11 жніўня. У Зэльве прайшоў традыцыйны Дзень памяці і ўшанаваньня Ларысы Геніюш.

26 жніўня. У ваколіцах вёсак Пацавічы і Мінявічы (Мастоўскі р-н) сябрамі БНФ з Гарадзеншчыны побач з старымі помнікамі ўсталяваныя памятныя стэлы ў гонар паўстанцаў 1863 году. 


 

 

 

 

 

 

 

07.06.2011

праваабарончыя сайты