Навіны
“Матчын рух 328” звярнуўся да мітрапаліта Паўла
Маці і родныя асуджаных паводле артыкула 328 крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (незаконны абарот наркатычных і псіхатропных сродкаў) звярнуліся да мітрапаліта Менскага і Заслаўскага Паўла – Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі. У лісце на імя мітрапаліта актывісткі сацыяльна – асветніцкага грамадскага аб’яднання “Матчын рух 328” просяць аб магчымасці сустрэцца.
Мэта сустрэчы – праінфармаваць кіраўніка Беларускай праваслаўнай царквы аб складанай сітуацыі, якая ўзнікла вакол тых асобаў, што прыцягваюцца да адказнасці і адбываюць пакаранне паводле артыкула 328 крымінальнага кодэкса.
Пра гэта паведаміла старшыня ініцыятыўнай групы па стварэнню грамадскага аб’яднання “Матчын рух 328” Ларыса Жыгар.
Асаблівую занепакоенасць актывістаў грамадскага аб’яднання “Матчын рух 328” выклікаюць спробы суіцыду асуджаных у сувязі з катаваннямі падчас следства. Такія выпадкі ў турмах адбываюцца пасля патрабаванняў Аляксандра Лукашэнкі стварыць больш жорсткія ўмовы ўтрымання для асуджаных за “наркатычныя злачынствы”.
Жанчыны маюць намер праінфармаваць Патрыяршага Экзарха ўсёй Беларусі Паўла аб тым, што адбываецца з маладымі людзьмі, якія апынуліся за кратамі ў шэрагу выпадкаў паводле сфальсіфікаваных спраў.