Навіны

Часаліся рукі?

Хопіць жаваць “жувачку” пра знакамітую талерантнасьць беларусаў… За гэтай неўпапад ужываемай і штучна прылепленай талерантнасьцю многія хаваюць згубленае ці загубленае пачуцьцё гонару і годнасьці.

Цягам стагодьдзяў Беларусь страціла незлічоную колькасьць сваіх гісторыка-культурных каштоўнасьцяў…Вынішчалася ўсё: пачынаючы ад мовы і канчаючы лясамі і балотамі. У 1919-ым годзе быў забіты апошні зубр. У 1961-ым – узарвана Фара Вітаўта… Гэтаму ёсьць тлумачэньне: вынішчалі ворагі, акупанты. Здавалася, што з атрыманьнем Незалежнасьці лавіна вынішчэньня павінна спыніцца. Але гэтага не адбылося. Цяпер вынішчэньнем заняліся… грамадзяне незалежнай Беларусі. Дзе з ініцыятывы ўладаў, дзе з іх “молчаливого согласия”. Не мінаваў гэты працэс і навакольлі Луны. У 2005-ым годзе знішчаны “цікавы камень”, што ляжаў каля в. Камянчаны Луненскага сельсавету, паблізу дарогі з Луны да Гародні. У народзе яго завуць Турэцкая шапка і расказваюць, што пад час нашэсця туркаў адзін з іх згубіў тут сваю шапку (стар. 34, “Памяць” Мастоўскі раён). За знішчэньне гэтага помніка прыроды і гісторыі ніхто не панёс адказнасьці, хоць спраўцы вандалізму добра вядомыя. Раз няма адказнасьці, то вандалам зялёная дарога. Днямі ля Луненскай школы знішчана больш за 20 дрэў з таго, што яшчэ заставалася ад старажытнага цудоўнага парку вакол былога палаца Ромэраў. Вынішчаны сама каштоўныя забытковыя дрэвы. Нават у будаўнікоў, што будавалі новую Луненскую школу, не паднялася піла на найпрыгажэйшыя кедравыя хвоі. Знішчыўшы многа чаго ў парку, гэтыя хвоі яны збераглі. Але ненадоўга! Гэтым летам знайшлася рука, што падняла пілу. Але па чыйму загадзе. Лічу, што такіх “герояў” павінна ведаць уся Беларусь. Не пашкадавалі і сама вялікага, магчыма на ўсю Беларусь, топаля (больш 6 метраў у ахопе). Ляжыць ён як павержаны волат ля сваёй укаханай рачулкі Лунянкі, абняўшы яе сваімі магутнымі, але ўжо мёртвымі, галінамі-рукамі. Ляжыць як сімвал усяго Беларускага, непрынятага, нелюбага, знішчанага свімі сынамі. Сакратар сельскага савету казала, што пілавалі старыя дрэвы. Але ад таго, што спілавалі кедравую хвою, яна ў шоку. Няхай жа гэты шок выльецца ў справядлівае згодна з заканадаўствам пакараньне вандалаў! Побач з новай школай ў 30 кроках знаходзіцца будынак “старой” школы, ці тое, што ад яго засталося. Уваход у гэты стары будынак “упрыгожаны” фашысцкай свастыкай, над дзвярным праёмам надпіс “БАР”, вакол кучы сьмецьця і бутэлек. Гэта і вынік і сімвал выхаваўчай працы, сімвал роўню адукацыі і культуры. І нікога ўсё гэта не турбуе. Мы ж талерантныя…

жнівень 2009 г. Луна. Лявон Карповіч.

11.08.2009

праваабарончыя сайты