Навіны

22 гады без права пераменаў

   На фоне экстрэмальных і трагічных падзеяў у розных краінах – Турцыі, Францыі, Арменіі з гібеллю дзясяткаў і нават соцень людзей, разнастайных расейскіх і ўкраінскіх эксцэсаў, беларускія рэаліі з іх размеранасцю і млявасцю лагічна застаюцца на задворках і загуменнях навінаў. Ну хіба ж можна лічыць падзеяй кампанію “выбараў-вырабаў”, зыход якой усім загадзя добра ведамы. Некаторыя газеты і інтэрнэт-рэсурсы ўжо апублікавалі поўны спіс тых, хто стане нібыта дэпутатамі нібыта парламенту. Рызыкі памыліцца ў такім прагнозе няма ніякай. Пісаць пра гэты вялы і кволы працэс – ніякага сэнсу сапраўды няма. Гэта ўсё роўна, што апісваць пасьбу кароў – усё прадказальна і ясна ад пачатку:  нават калі і адаб’ецца ад стада якая-небудзь рагатая жывёліна, яе ўсё роўна знойдуць і урэшце загоняць у стойла хлява.

   Ня дзіва, што і на чарговыя ўгодкі прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі мала хто звярнуў увагу. А між тым споўнілася ўжо 22 гады, калі гэты палітык заняў галоўнае крэсла дзяржавы. 22 гады без права перавыбараў, зменаў і шанцаў на нешта іншае. Пра кіраванне ППРБ публіцыстамі, аналітыкамі, палітолагамі напісаны ўжо тамы матэрыялаў. За 22 гады вырасла амаль два пакаленні, якія нічога іншага не зведалі і тым больш не бачылі. У гэтым артыкуле паспрабую толькі рэтраспектыўна правесці паралелі з нашымі суседзямі. Калі Аляксандар Рыгоравіч дарваўся да ўлады, у Расеі кіраваў Барыс Ельцын, у Польшчы – яшчэ Лех Валенса, у Літве – Альгірдас Бразаускас, у Латвіі – Гунціс Улманіс, ва Украіне – Леанід Краўчук.   

  У Польшчы Леха Валенсу ў канцы 1995-га змяніў Аляксандар Кваснеўскі, які прабыў на пасадзе дзве кадэнцыі, праз 10 гадоў на яго месца абралі ў 2005-ым Леха Качыньскага. Гэты прэзідэнт быў бадай сама прынцыповым у дачыненні да аўтарытарных рэжымаў постсавецкіх усходніх краінаў і хіба найлепшым для беларусаў. Аднак, не дабыў да канца тэрміну, загінуўшы ў красавіку 2010-га ў аўтакатастрофе пад Смаленскам. Наступным Польшчай кіраваў Браніслаў Камароўскі, які быў пераабраны ў 2015-ым і на пасаду прэзідэнта заступіў Анджэй Дуда. Агулам – 5 прэзідэнтаў за разглядаемы перыяд.

   У Літве яшчэ савецкага наменклатурніка Бразаускаса ў 1998-ым змяніў беспартыйны “амерыканец” Валдас Адамкус, потым у 2003-ім кіроўнае крэсла заняў былы лётчык-спартовец Раландас Паксас. Праз год з хвосцікам у выніку палітычнага скандалу яму быў абвешчаны імпічмент. Часова некалькі месяцаў абавязкі галавы дзяржавы выконваў Артурас Паўлаускас, а ўжо ў ліпені 2004-га прэзідэнтам другі раз абралі Адамкуса. У 2009-ым на пасаду заступіла Даля Грыбаўскайце, якая на чале да сёння. Такім чынам – 6 зменаў прэзідэнта за гэты час.

   Украінскія рэаліі былі найбольш рэзананснымі. Краўчука ў лёсаносным для нас 1994-ым змяніў Леанід Кучма, які кіраваў дзяржавай 10 з паловай гадоў. Менавіта ў яго перыяд расквітнела буйным цветам карупцыя, якая трымаецца да гэтай пары. Асабіста для мяне сімвалам сапраўдных рэформаў і пераменаў ва Ўкраіне будзе той факт, калі менавіта Кучма сядзе на лаву падсудных. Пакуль да гэтага, здаецца, далёка. У выніку аранжавай рэвалюцыі і абароны выбару народа пост нумар адзін заняў Віктар Юшчанка. Ён не захацеў альбо ня здолеў пайсці радыкальным курсам, у выніку чаго адбыўся прамаскоўскі рэванш і на месца прэзідэнта ў 2010-ым сеў “шапкакрад” Віктар Януковіч. Потым быў памятны Майдан 2014-га, не працягла, некалькі месяцаў, фармальна на чале краіны стаяў Аляксандр Турчынаў, а ўрэшце прэзідэнтам абралі Пятра Парашэнку. Усяго – фактычна 4 змены вярхоўнай улады.

   У Латвіі пасля Улманіса кіравалі дзве кадэнцыі Вайра Віке-Фрэйберге, па адной – Валдзіс Затлерс, Андрыс Берзіньш, цяпер Раймондс Веёніс. Агулам 4 перамены прэзідэнта.

   Найбольш блізкая па духу палітычнай улады для Беларусі канешне Расея. У 2000-ым гэбісцкая групоўка фактычна змусіла зысці ў адстаўку Ельцына і прэзідэнтам стаў Уладзімір Пуцін. На адну кадэнцыю яго замяніў фіктыўны Дзмітрый Мядзведзеў. Так што перамена была толькі адна.

   І кожнаму цяпер зразумела, што і Лукашэнка і Пуцін будуць кіраваць сваімі дзяржавамі пажыццёва. Перафразуючы старажытных рымлянаў – жыццё кароткае, прэзідэнцтва – вечнае.     

 

29.07.2016

праваабарончыя сайты